Ператрусы ва ўдзельнікаў сацапытанняў «Беларускай аналітычнай майстэрні», ёсць затрыманыя. Хронікі рэпрэсій 4 чэрвеня

Пра гэта «Позірку» паведамілі дзве крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй. Рэйды праводзілі супрацоўнікі КДБ. Паводле інфармацыі крыніц, некаторыя людзі маюць статус сведкаў, як мінімум на аднаго затрыманага заведзена крымінальная справа. Аднаму ўдзельніку апытанняў атрымалася выехаць у бязвізавую краіну.

1_1097_1.png

Верагодна, па справе «Беларускай аналітычнай майстэрні» была затрымана Ціна Палынская і яе 22-гадовая дачка. 

Раней паведамлялася, што Ціна Палынская не выходзіла на сувязь з канца траўня. Цяпер, як стала вядома @christianvision, Ціна і яе старэйшая дачка, 22-гадовая Маргарыта, знаходзяцца пад вартай па крымінальнай справе. Жанчыны ўтрымліваюцца ў СІЗА-2 у Віцебску. У Ціны таксама ёсць малодшая непаўнагадовая дачка — ёй 14 гадоў.

Падрабязнасці абвінавачання афіцыйна не раскрываюцца. Па ўскосных прыкметах ёсць меркаванне, што справа можа быць звязана з рашэннем КДБ прызнаць «Беларускую аналітычную майстэрню» прафесара Андрэя Вардамацкага «экстрэмісцкім фармаваннем». Гэтая арганізацыя праводзіла сацыялагічныя апытанні сярод беларускіх грамадзян. Вядома пра ператрусы і канфіскацыю тэхнікі ў іншых людзей, якіх апытвалі ў рамках сацыялагічных даследаванняў майстэрні.

Антон Матолька распавёў, за што яго асудзілі на 20 гадоў

3 чэрвеня Гродзенскі абласны суд абвясціў прысуд Антону Матольку — 20 гадоў зняволення і штраф. У фэйсбуку Матолька напісаў, у чым менавіта яго абвінавацілі. 

  • змова, учыненая з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 КК) — пазбаўленне волі тэрмінам на 12 гадоў і штраф 1000 базавых велічынь, што складае 42000 рублёў;
  • арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці (ч. 1 арт. 293 КК (у рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 08.11.2011 №309-З)) — пазбаўленне волі тэрмінам на 12 гадоў;
  • арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, што пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый (ч. 1 арт. 342 КК) — пазбаўленне волі тэрмінам на 3 гады;
  • наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненыя групай асоб, якія пацягнулі іншыя цяжкія наступствы (ч. 3 арт. 130 КК) — пазбаўленне волі тэрмінам на 12 гадоў;
  • публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, здзяйснення акта тэрарызму, здзяйснення іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, у тым ліку на прымяненне мер абмежавальнага характару (санкцый) у дачыненні да Рэспублікі Беларусь, фізічных і юрыдычных асоб Рэспублікі Беларусь, і распаўсюджванне матэрыялаў, якія змяшчаюць такія заклікі, пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства, а таксама ў закліках, звернутых да замежнай дзяржавы, замежнай і міжнароднай арганізацыі, здзейсніць дзеянні, накіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, у тым ліку на прымяненне мер абмежавальнага характару (санкцый) у дачыненні да Рэспублікі Беларусь, фізічных і юрыдычных асоб Рэспублікі Беларусь, і распаўсюджванне матэрыялаў, якія змяшчаюць такія заклікі, пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства, учыненых з выкарыстаннем глабальнай камп'ютарнай сеткі Інтэрнэт (ч. 3 арт. 361 КК) — пазбаўленне волі тэрмінам на 12 гадоў са штрафам 1000 базавых велічынь;
  • пагроза гвалтам у дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, у мэтах перашкоджання законнай дзейнасці, прымусу да змены характару гэтай дзейнасці з помсты за выкананне службовых абавязкаў, здзейсненай у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (ч. 2 арт. 366 КК (у рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 09.07.1999 №275-З) —пазбаўленне волі тэрмінам на 6 гадоў;
  • паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які змяшчаецца ў інфармацыі, размешчанай у глабальнай кампутарнай сетцы Інтэрнэт, злучанай з абвінавачваннем у здзяйсненні цяжкага і асабліва цяжкага злачынства (ч. 2 арт. 367 КК) — пазбаўленне волі тэрмінам на 5 гадоў;
  • публічная абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (ч. 1 арт. 368 КК) — пазбаўленне волі тэрмінам на 3 гады;
  • публічная абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, злучаная з абвінавачваннем у здзяйсненні цяжкага і асабліва цяжкага злачынства (ч. 2 арт. 368 КК) — пазбаўленне волі тэрмінам на 4 гады;
  • распаўсюд загадзя ілжывых звестак аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, ваенным і міжнародным становішчы Рэспублікі Беларусь, прававым становішчы грамадзян у Рэспубліцы Беларусь, дзейнасці дзяржаўных органаў, Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў, ваенізаваных арганізацый, якія дыскрэдытуюць Рэспубліку Беларусь, здзейсненым у інфармацыі, размешчанай у глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт, накіраваным на прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам (арт. 369-1 КК)  — пазбаўленне волі тэрмінам на 4 гады са штрафам 800 базавых велічынь, што складае 33600 рублёў; 
  • стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтва такім фарміраваннем (ч. 1 арт. 361-1 КК) — пазбаўленне волі тэрмінам на 6 гадоў са штрафам 1000 базавых велічынь, што складае 42000 рублёў;
  • стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтва такім фарміраваннем, учыненых паўторна (ч. 2 арт. 361-1 КК) — пазбаўленне волі тэрмінам на 9 гадоў са штрафам 1000 базавых велічынь, што складае 42000 рублёў;
  • збор іншай маёмасці любым спосабам для заведамага забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці, здзейснены групай асоб па папярэдняй змове (ч. 2 арт. 361-2 КК) — пазбаўленне волі тэрмінам на 6 гадоў са штрафам 800 базавых велічынь, што складае 33600 рублёў;
  • прадастаўленне іншай маёмасці любым спосабам для заведамага забеспячэння дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання (арт. 361-2 КК (у рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 20.04.2016 № 358-З)) — пазбаўленне волі тэрмінам на 5 гадоў;
  • іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, здзейсненае групай асоб па папярэдняй змове (ч. 2 арт. 361-4 КК) — пазбаўленне волі тэрмінам на 6 гадоў са штрафам 700 базавых велічынь, што складае 29400 рублёў;
  • іншае аказанне дапамогі замежнай дзяржаве і яго прадстаўнікам у правядзенні дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, наўмысна здзейсненае грамадзянінам Рэспублікі Беларусь (здрадзе дзяржаве) (ч.1 арт. 356 КК) —пазбаўленне волі тэрмінам на 13 гадоў са штрафам 1000 базавых велічынь, што складае 42000 рублёў.

Шляхам частковага складання прызначаных асноўных і дадатковых пакаранняў Антон Матолька асуджаны на пазбаўленне волі тэрмінам на 20 гадоў у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму са штрафам 2000 базавых велічынь, што складае 84000 рублёў.

Тэрмін адбыцця пакарання вылічваць з дня затрымання.

Суд вырашыў спагнаць з Матолькі на карысць дзяржавы 668883,45 рублёў.

Арышт, накладзены на маёмасць:

  • аўтамабіль «MAZDA MX3», 1994 года выпуску;
  • садовы домік і зямельны ўчастак у Ждановічскім раёне, 
  • грашовыя сродкі ў суме 49,75 даляраў ЗША, 15,06 еўра, 30,77 рублёў і 1,31 еўра, якія знаходзіліся на банкаўскіх рахунках
  • планшэт «iPad A1337» з USB-кабелем да яго.

Рэчавыя доказы — DVD-R і CD-R дыскі, шэсць бэйджаў на імя Матолькі А.Г., два значкі з надпісам «Свабода» — захоўваць пры матэрыялах справы.

Палітзняволенаму Дзмітрыю Рэзановічу ўзмацнілі рэжым

Як паведамляе @a_partisans, Дзмітрый быў пераведзены на турэмны рэжым тэрмінам на тры гады

Нагадаем, актывіста анархічнага руху затрымалі напрыканцы кастрычніка 2020 года. Яго, а таксама Ігара Аліневіча, Сяргея Раманава і Дзмітрыя Дубоўскага абвінавацілі па шэрагу артыкулаў і асудзілі ад 18 да 20 гадоў зняволення.

Па ініцыятыве адміністрацыі івацэвіцкай калоніі № 22 супраць Дзмітрыя ўзбудзілі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Суддзя Сяргей Кухацкавалец прызнаў яго вінаватым і прызначыў у дадатак да 19 гадоў яшчэ 9 месяцаў зняволення.

Расклад судовых пасяджэнняў на сайце Вярхоўнага суда стане дасяжны толькі з асабістых кабінетаў

На сайце Вярхоўнага суда з'явілася абвестка, што ў сувязі з прыняццем кодэкса грамадзянскага судаводства Рэспублікі Беларусь на 2026 год запланавана мадэрнізацыя сэрвісаў электроннага судаводства E-court.

«Сэрвіс "расклад судовых пасяджэнняў" будзе пераведзены ў фармат асабістых кабінетаў», — пішуць на сайце Вярхоўнага суда.

Гэта азначае, што пачынаючы з 2026 года, публічны доступ да раскладу судовых пасяджэнняў на сайце Вярхоўнага суда будзе абмежаваны. Замест таго, каб кожны мог адкрыта паглядзець расклад на сайце, гэтая інфармацыя будзе даступная толькі праз асабісты кабінет карыстальніка на платформе электроннага судаводства E-court. Гэта можа расцэньваць як абмежаванне празрыстасці судовай сістэмы, бо звычайныя грамадзяне або журналісты не змогуць проста так, без рэгістрацыі, праглядаць расклад.

Нагадаем, ужо больш за тры месяцы на сайце Вярхоўнага суда вядуцца «рэгламентныя работы». Там публікавалі расклады судоў, у тым ліку па адміністрацыйных, грамадзянскіх і крымінальных справах. Таксама з сайту знік раздзел «спецыяльная вытворчасць», у якім публікавалі не толькі інфармацыю пра будучыя завочныя суды над тымі, хто вымушана пакінуў Беларусь, але таксама і выніковыя часткі прысудаў.

У Гродне завочна асудзілі бізнесмена. Будынак, дзе знаходзіцца польскае консульства, канфіскуюць

У судзе Ленінскага раёна Гродна 30 траўня вынеслі прысуд саўладальніку будынка, дзе знаходзіцца польскае консульства, 72-гадоваму Станіславу Буйніцкаму. Яго абвінавацілі ва «ухіленні ад выплаты падаткаў, што пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры» (ч. 2 арт 243 КК). Бізнесмена асудзілі да трох з паловай гадоў калоніі, але адзін год знялі па амністыі. Таксама яму прызначылі штраф у памеры 2000 базавых велічыняў (84 000 рублёў).

Апроч гэтага, пастаноўлена канфіскаваць адміністрацыйны будынак па адрасе: праезд Эміля Чэчкі, 1 і 2 (да жніўня 2023 года — вул. Будзёнага, 48А), дзе размяшчаецца адміністрацыйны будынак «Форт» і Польскае консульства, як «сродак здзяйснення злачынства».

Як раней пісалі СМІ, уласнікі будынку расцэньвалі арышт дома як незаконны, бо «паводле міжнародных дамоваў нельга арыштаваць будынак, у якім знаходзіцца генконсульства».

У Гродне адбудзецца завочны суд за «здраду дзяржаве»

Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», 16 чэрвеня ў Гродзенскім абласным судзе адбудзецца завочны суд над 39-гадовым Андрэем Занеўскім. Яго абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК). Сутнасць абвінавачвання невядомая.

Агулам з 2020 года за «здраду дзяржаве» былі асуджаныя мінімум 107 чалавек.

Прапагандысты паведамілі пра затрыманне музыкі з Мядзела, які «спяваў дурныя песенькі супраць СВА»

Сілавікі затрымалі музыку Аляксандра Хіхеля — пра гэта паведамілі прапагандысты Азаронак і Гладкая, а таксама прарасійская актывістка Бондарава, піша «Люстэрка. У пастах, якія распаўсюдзілі ў сваіх тэлеграм-каналах прапагандысты, заяўляецца, што Хіхель нібыта «спяваў дурныя песенькі супраць СВА, супраць нашай улады, супраць Расіі, супраць Дня Перамогі».

«А зараз сядзіць недзе ў іншым месцы. І канал знесены нахрэн», — напісаў Азаронак.

У тэлеграм-канале Бондаравай можна знайсці данос на Хіхеля, датаваны 17 лістапада 2024 года. У той публікацыі прапагандыстка заявіла, што музыка ў 2020 годзе «падтрымаў спробу дзяржперавароту, але па шыі не атрымаў».

Аляксандр Хіхель — аўтар і выканаўца ўласных песень з Мядзела. Свае кампазіцыі на вострасацыяльныя тэмы ён размяшчаў у сацсетках. YouTube-канал Аляксандра, на які было падпісана 49 тысяч.