Кніга «Iдыёт, самы настаяшчы» прызнаная «экстрэмісцкай». Хронікі рэпрэсій 3 чэрвеня

Таксама «экстрэмісцкі» спіс папоўнілі старонкі ў Instagram «apbel_com», старонка ў «Аднакласніках» «ЗА МИР БЕЛАРУСЬ ЗА УКРАИНУ», а таксама старонкі ў TikTok «tribunal.infо», «Роман», «śudłoŭski».

1_1097_1.png

Мінчанку асудзілі па двух пратэсных артыкулах да пазбаўлення волі

Крысціне Лапкоўскай 29 гадоў. Яна мінчанка. Мае вышэйшую адукацыю, раней працавала лагістам, піша «Наша Ніва».

Дзяўчыну затрымалі некалькі месяцаў таму. Вядома, што яе асудзілі ў Мінскім гарадскім судзе па двух артыкулах — «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130) і «арганізацыя або ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК). Сутнасць справы невядомая.

Па артыкуле 130 часта абвінавачваюць за каментары ў інтэрнэце, але кантэнт у сацсетках Крысціны і каментары ў тэлеграме, якія адшукала выданне, зусім не тычацца палітыкі.

Яе пакаранне, мяркуючы па ўсім, звязанае з пазбаўленнем волі. Тыдзень таму дзяўчыну ўнеслі ў спіс «экстрэмістаў».

Блогера Антона Матольку завочна асудзілі да 20 гадоў калоніі. Працэс доўжыўся амаль паўгода

Гродзенскі абласны суд завочна асудзіў блогера і заснавальніка цяпер ужо закрытага праекта па маніторынгу вайсковай актыўнасці «Беларускі гаюн» Антона Матольку да 20 гадоў пазбаўлення волі.

Таксама яму прызначылі штраф у памеры 2 000 базавых велічыняў (84 тысячы рублёў). У межах спецыяльнай вытворчасці яго абвінавацілі паводле 14 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, сярод якіх «здрада дзяржаве».

Працэс пачаўся яшчэ 14 снежня 2024 года. Прысуд вынес Ігар Собалеў.

Брэсцкага журналіста будуць судзіць за сяброўства з «Беларускай асацыяцыяй журналістаў»

Генеральная пракуратура паведаміла, што з кастрычніка 2023 па снежань 2024 года ён напісаў не менш за 43 журналісцкіх артыкулы.

Журналіста абвінавачваюць ва ўдзеле ў «экстрэмісцкім фарміраванні» (частка 3 арт. 361-1). Паведамляецца, што справа звязана з «Беларускай асацыяцыяй журналістаў», піша «Наша Ніва».

У БАЖ журналіст уступіў не пазней за кастрычнік 2023 года. Артыкулы, якія ён пісаў пасля былі з «заведама ілжывымі звесткамі аб сацыяльным становішчы Беларусі, прававым становішчы яе грамадзян і былі накіраваны на дыскрэдытацыю дзейнасці дзяржаўных органаў», — лічыць пракуратура.

Імя і прозвішча абвінавачанага не ўдакладняюцца. Справа супраць яго перададзена ў суд.

БАЖ — незалежнае прафесійнае аб'яднанне журналістаў. У сакавіку 2023 года арганізацыю прызналі «экстрэмісцкім фарміраваннем».

Мінімум 51 палітвязень выйшаў на волю ў траўні, 42 з іх — па памілаванні

На дадзены момант у Беларусі праваабаронцы налічваюць 1183 палітвязня, а іх колькасць павялічваецца амаль штотыднёва. Пры гэтым кожны месяц некалькі дзясяткаў палітвязняў выходзяць з месцаў зняволення або па заканчэнні тэрміну, або пасля суда да накіравання ў ПУАТ ці пачатку адбыцця тэрміну на «хатняй хіміі».

Па інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», агулам па заканчэнні тэрмінаў з 2020 года з папраўчых установаў выйшлі больш за 1 550 чалавек. У траўні на волю выйшлі мінімум 51 чалавек: 9 цалкам адбылі тэрміны, яшчэ 42 былі памілаваны.