Ніне Багінскай прызначылі «прафілактычнае назіранне». Хронікі рэпрэсій 30 траўня
У судзе Першамайскага раёну Мінску 30 траўня ў закрытым рэжыме адбыўся працэс над 78-гадовай актывісткай Нінай Багінскай. Яе абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 342-2 КК (неаднаразовае парушэнне закону аб правядзенні масавых мерапрыемстваў). Падставай для крымінальнага пераследу сталі неаднаразовыя адміністрацыйныя пастановы за 2024 год. Паводле Белсату, яе асудзілі без пакарання, але прызначылі «прафілактычнае назіранне».

Па інфармацыі «Белсату», суддзя Максім Трусевіч ужыў артыкул 79 Крымінальнага кодэкса:
Калі ў працэсе судовага разгляду крымінальнай справы ў дачыненні да асобы, якая здзейсніла ўпершыню злачынства, якое не прадстаўляе вялікай грамадскай небяспекі, або менш цяжкае злачынства, будзе прызнана, што з прычыны працяглых бездакорных паводзін пасля здзяйснення злачынства гэта асоба даказала сваё імкненне да законапаслухмяных паводзін і з улікам характару і ступені грамадскай небяспекі пакарання, але пры ажыццяўленні за ім прафілактычнага назірання, суд можа вынесці такой асобе абвінаваўчы прысуд без прызначэння пакарання.
То-бок, пенсіянерку прызналі вінаватай у «неаднаразовым парушэнні закону аб правядзенні масавых мерапрыемстваў», але замест пакарання прызначылі «прафілактычнае назіранне».
Рашэнне суда патлумачыў юрыст Павел Сапелка:
«Асуджэнне без назначэння пакарання (артыкул 79 КК) адносіцца да так званых "іншых мер крымінальнай адказнасці" — нароўні, напрыклад, з умоўным асуджэннем і асуджэннем з адтэрміноўкай выканання пакарання. Гэта не азначае спынення крымінальнага пераследу: суд выносіць абвінаваўчы прысуд без прызначэння пакарання. Прадугледжанае ў выпадку вынясення такога прысуду прафілактычнае назіранне ў адносінах да чалавека, які дасягнуў пенсіённага ўзросту, азначае абавязак на працягу тэрміну судзімасці "папярэдне паведамляць орган унутраных спраў аб змяненні месца жыхарства, аб выездзе па асабістых справах у іншую мясцовасць на тэрмін больш за адзін месяц і з’яўляцца ў названы орган па яго выкліку ва ўстаноўлены тэрмін і пры неабходнасці даваць тлумачэнні адносна сваіх паводзінаў і ладу жыцця". Тэрмін судзімасці ў дадзеным выпадку — два гады пасля ўступлення прысуду ў законную сілу».
Перастаў адкрывацца сайт «Вячэрняга Бабруйска» — у рэдакцыю днямі прыходзілі сілавікі
Пры спробе зайсці на старонку з'яўляецца «заглушка» з тэкстам, што сайт заблакаваны па рашэнні Міністэрства інфармацыі.
28 траўня стала вядома, што сілавікі правялі ператрусы ў рэдакцыях рэгіянальных выданняў «Вечерний Бобруйск», «Вольнае Глыбокае» і «Бобруйск Инфо». Падставай для гэтага сталі афіцыйныя рэкламныя дамовы з пасольствам Германіі ў Беларусі (некаторыя былі заключаныя яшчэ ў 2016 годзе).
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 28 прозвішчаў — цяпер у ім 5342 чалавекі
30 траўня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод іншых, у спіс дадалі ксяндза Генадзя Акалатовіч, супрацоўніцу «Пеленгу» Ірыну Суржык, журналістку Паліну Піткевіч.
«Вясна» публікуе апошнюю версію «спіса».