У Беларусі працягваюць забараняць кнігі. Хронікі рэпрэсій 29 траўня

Міністэрства інфармацыі чарговым разам дапоўніла спіс друкаваных выданняў, распаўсюд якіх здольны нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь. Сярод іх — «Сучасная энцыклапедыя для дзяўчынак», аўтаркамі якой з'яўляюцца Каця Дзянісава і Марына Ментусава, «Украiнская ноч вельмi асабiстыя гiсторыi рэвалюцыi» і «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода», а таксама кнігі пра БДСМ. 

photo_2025_05_29_17_55_39.jpg

Абноўлены «спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў»

У яго трапілі:

Telegram-каналы і чаты «КиберКомпот чат», «ЧАТ AKC», «♠️ABWEHR GRUPPE ♠️», «PETLYARIS DEATH BRIGADE»;

Instagram старонка «artistswithbelarus»;

Старонкі ў Facebook «Виктор Бабарико», «Гомель-годны горад!»;

YouTube-каналы «За Беларусь – В.Бородач», «Август2020», «Беларускi Моладзевы Хаб / Belarusian Yoth Hub»;

Старонка ў «Аднакласніках» «STOP LUKA»;

Старонка ва «Укантакце» «Гомель-годны горад!»;

TikTok-старонкі «__________Milli_________», «Лёгкi Белсат».

Жыхару Рэчыцы прызначылі «хатнюю хімію» нібыта за «заклікі» да ўдзелу ў масавых беспарадках

Суд Рэчыцкага раёна разгледзеў крымінальную справу супраць жыхара Рэчыцы, імя і прозвішча якога не называюцца. Яго прызналі вінаватым у «арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады» паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Паведамляецца, што на момант здзяйснення злачынства хлопец быў непаўналетнім.

Паводле следства, хлопец «у жніўні 2020 года, быўшы непаўналетнім, заклікаў людзей хадзіць на несанкцыянаваныя мітынгі. Ён знаходзіў экстрэмісцкую інфармацыю ў розных дэструктыўных тэлеграм-каналах і распаўсюджваў яе ў сацсетках».

Як паведамляе «Гомельская праўда», «з улікам непаўналетняга ўзросту і станоўчых характарыстык» яму прызначанае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на два гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).

Сілавікі ўварваліся да маці Судаленкі. У жанчыны не вытрымала сэрца

Вядомы гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка, былы палітвязень, завочна асуджаны да 5 гадоў зняволення па новай справе, паведаміў пра чарговае ўварванне сілавікоў да яго родных. «Шукаць» праваабаронцу прыходзілі да яго 87-гадовай маці, хаця сілавікам добра вядома, што Леанід даўно за мяжой і не хавае свайго месцазнаходжання.

«Маці забрала хуткая. Сэрца не вытрымала пасля ўварвання сілавікоў у яе хату. Пасля таго, як прымусілі жанчыну ў гадах падпісаць пратакол пра маю адсутнасць, хоць я пакінуў бацькоўскі дом яшчэ ў часы СССР. Яны ведаюць, дзе я, але ж робяць выгляд, што шукаюць. Прыйшлі пакараць 87-гадовую маці за мяне! І сэрца маці не вытрымала», — напісаў праваабаронца ў Facebook.

Прапагандысты паказалі допыт рэдактара «Вольнага Глыбокага»

Тэлеканал АНТ выпусціў праграму прапагандыста Ігара Тура, дзе паказаны допыт рэдактара «Вольнага Глыбокага» Уладзіміра Скрабатуна.

У праграме прагучалі абсурдныя абвінавачванні і беспадстаўныя абагульненні. Маўляў, рэдактар атрымліваў нямецкія грошы за прапагандаванне жыцця ў ФРГ у недзяржаўнай газеце «Вольнае Глыбокае». А нямецкія «спонсары» такім чынам спрыялі існаванню «экстрэмісцкага» выдання. 

Газета «Вольнае Глыбокае» выходзіла на паперы з 1994 года да канца 2020 года. Падчас допыту Уладзімір Скрабатун распавядае пра падзеі прыкладна 10-гадовай даўніны, калі атрымаў прапанову ад амбасады ФРГ. Яна палягала ў тым, каб у рэгіянальным выданні распавядалася пра культурніцкае і сацыяльнае жыццё гэтай краіны. Нават тэрміну «экстрэмісцкія выданні» ў 2015-16 гадах не існавала, звяртае ўвагу «Віцебская Вясна»

Следчы камітэт сцвярджае, што ідэнтыфікаваў больш за 1000 карыстальнікаў платформы «Новая Беларусь»

Галоўным следчым упраўленнем Следчага камітэта Беларусі расследуецца крымінальная справа ў дачыненні да «ўдзельнікаў і кіраўніка экстрэмісцкага фармавання Паўла Лібера, аб'яднаных інтэрактыўнай платформай "Новая Беларусь"».

Паведамляецца, што «супрацьпраўная дзейнасць удзельнікаў фармавання, у тым ліку актыўных карыстальнікаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, была спынена праваахоўнымі органамі».

«Следчыя валодаюць інфармацыяй аб структуры экстрэмісцкага фармавання, яго ўдзельніках, кіраўніках, мэтах і матывах функцыянавання.

У рамках расследавання крымінальнай справы ўдзельнікам экстрэмісцкага фарміравання, у залежнасці ад ступені ўдзелу ва ўчыненні злачынства, прад'яўлены абвінавачанні, асобныя — узяты пад варту».

Мінскага крымінальнага аўтарытэта асудзілі за «палітыку» і прызналі «экстрэмістам»

Мінскі абласны суд вынес прысуд 59-гадоваму Алегу Ерашэнкаву (ранейшае прозвішча — Ламакін). Механіка з аўтасэрвісу, якога дзяржаўныя медыя называлі «аўтарытэтам з пэўных колаў», асудзілі па цэлым пакеце артыкулаў, у тым ліку і палітычных. За кошт гэтага рэцыдывіст трапіў у міліцэйскі спіс «экстрэмістаў», піша «Наша Ніва».

У прысудзе Ерашэнкава два палітычныя артыкулы — заклікі да захопу ўлады (ч. 3 арт. 361 КК) і ўваходжанне ў склад экстрэмісцкага фармавання (ч. 3 арт. 361-1 КК). А таксама набор непалітычных — дапамога ў прымусе да выплаты доўгу, пагроза забойства, разбой і нават распусныя дзеянні ў дачыненні асобы, маладзейшай за 16 гадоў.