Ніну Багінскую вызвалілі без пакарання, крымінальную справу закрылі
У Першамайскім судзе Мінска сёння адбыўся суд над Нінай Багінскай. На судовае пасяджэнне над 78-гадовай жанчынай нікога не пусцілі, у тым ліку прадстаўнікоў дыпламатычных місій. Такое рашэнне прыняў суддзя Максім Трусевіч, які выносіў палітычна матываваныя прысуды дзясяткам актывістам, піша «Белсат».

Ніна Багінская, архіўнае фота
Ніна Багінская прынесла з сабой на пасяджэнне дыск з запісам прамовы Аляксандра Лукашэнкі. 20 кастрычніка 2020 года ён сказаў:
«Вы глядзіце толькі Ніну Багінскую не забірайце з плошчаў. Калі Ніну Багінскую прыбраць, то апазіцыі не будзе. Няма каму хадзіць будзе. Я памятаю Ніну Багінскую, жартам кажу, яна яшчэ хадзіла ў службе бяспекі Пазняка працавала. Ну, малайчына. Яна перакананы чалавек. Яна перакананы. Так, яе погляды кардынальна разыходзяцца з нашымі. Але гэта перакананы чалавек і яе ні ў якім разе нельга забіраць з вуліцы, бо дэкарацыі знікнуць».
У Ніны Багінскай вялікія праблемы са здароўем — яна мае шэраг цяжкіх хранічных захворванняў. Усе дакументы, якія пацвярджаюць дыягназы, знаходзяцца на руках.
Ніну Багінскую абвінавачвалі па артыкуле 342-2 (неаднаразовае парушэнне закона аб правядзенні масавых мерапрыемстваў). У аснове абвінавачання — адміністрацыйныя пратаколы і судовыя пастановы за 2024 год. Усе яны датычацца выкарыстання нацыянальнай сімволікі і адзін пратакол быў складзены за майку з надпісам: «Не вайне!».
«Белсат» даведаўся, што актывістку вызвалілі без пакарання, а крымінальную справу спынілі.