Яшчэ адзін палітвязень памёр пасля вызвалення. Хронікі рэпрэсій 28 траўня

 Праз дзевяць месяцаў пасля вызвалення памёр палітвязень Валерый Богдан, паведамляе «Наша Ніва». Валерыю было 58 гадоў. Ён нарадзіўся ў горадзе Нерчынск у Забайкальскім краі Расіі. Адслужыў у войску ў Навасібірску, пасля адвучыўся ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце. Жыў у Брэсце і Мінску.

1_1097_1.png

Богдана затрымалі 18 траўня 2021 года, а 17 верасня 2021 года асудзілі на тры гады калоніі за публікацыі ў сацыяльных сетках па трох артыкулах — «паклёп на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК), «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК) і «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК). Суддзя — Сянько Мікалай.

Адно з абвінавачванняў — рэпост выявы са словам «шызануты».

Валерый выйшаў на свабоду ў сакавіку 2024 года, цалкам адбыўшы тэрмін. У сацсетках ён расказваў, што яму складана рэабілітавацца і што ён «ездзіць па бальніцах».

Людзі, якія сядзелі разам з Богданам, расказвалі, што Валерый памёр у самым пачатку 2025 года. У былога палітвязня адарваўся тромб.

untitledproject4111_m0is2.jpg.jpeg

У Беларусі новыя «экстрэмісцкія фармаванні»

Акрамя праекта «Жыццё-маліна» «экстрэмісцкімі фармаваннямі» па рашэнні МУС прызнаныя «ŠAŬROŬ LIVE», «Партизаны Беларуси», «MIDGARD ASYLUM» і «Радыё 97». Усе яны былі прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі».

Паводле ведамства, дачыненне да «ŠAŬROŬ LIVE» мае Піліп Шаўроў, да «Партизаны Беларуси» — Дзмітрый Рудакоў, да «MIDGARD ASYLUM» — Іван Кавальскі, да «Радыё 97» — Максім Ціхеня і Вольга Цесакова.

МУС будзе мець кругласутачны доступ да звестак пра ўвогуле ўсе паштовыя адпраўленні беларусаў

Супрацоўнікі МУС, якія займаюцца аператыўна-вышуковай дзейнасцю, будуць мець кругласутачны доступ у адзіную базу даных аб паштовых адпраўленнях. Перадаваць у яе звесткі абавяжуць усіх дзейных у краіне аператараў паштовай сувязі. Пасярэднікам выступіць «Белпошта», паведамляе Dev.by.

Адпаведны праект змен у закон «Аб паштовай сувязі» прайшоў абедзве палаты і адпраўлены на фінальны подпіс. Ён датычыцца кампаній з актыўнай ліцэнзіяй Мінсувязі, якія займаюцца дастаўкай (сярод іх ёсць, напрыклад, кур'ерская служба «Еўраопт»).

Гэтыя кампаніі павінны перадаваць у сістэму ўліку і захоўванні даных інфармацыю аб паштовых адпраўленнях, прынятых імі ад карыстальнікаў. Размова як аб унутраных, так і аб міжнародных адпраўленнях.

Адзначаецца, што гэтыя змены распрацаваны для выяўлення прадметаў і рэчываў, забароненых да перасылкі па пошце.

У беларускіх калоніях ускладнілі правілы перадачы цыгарэт

Цяпер забаронена перадаваць распакаваныя пачкі — кантралёры патрабуюць, каб тытунёвыя вырабы паступалі толькі ў заводскіх блоках. Па сведчаннях MAYDAY TEAM,  гэта практыкуецца ўжо ў як мінімум чатырох калоніях.

Супрацоўнікі самастойна дастаюць цыгарэты з пачак для праверкі, што істотна зацягвае працэс перадачы.

Раней людзі абгортвалі цыгарэты плёнкай ці клалі ў празрыстыя пакеты, але цяпер кантралёры ўсё часцей ламаюць такія цыгарэты, і да асуджаных даходзіць толькі тытунёвы крош.

У асобных выпадках правяраюць літаральна кожную цыгарэту. Найбольш жорсткі кантроль, паводле звестак, назіраецца ў жаночай калоніі №4 у Гомелі.