Сілавікі пагражаюць коміку Усовічу, які прыехаў адпачыць на Нарач. Хронікі рэпрэсій 27 траўня
Новай вядомай асобай, на якую лукашэнкаўскія сілавікі і прапагандысты пачалі атаку, стаў комік Ваня Усовіч, які цяпер жыве і выступае ў Расіі, але прыехаў адпачыць на радзіму, піша «Наша Ніва».

ГУБАЗіК скарыстаў як нагоду нядаўні пост у інстаграме, у якім паказана, як Усовіч разам са сваім расійскім калегам Багданам Лісеўскім адпачываюць на Нарачы, дзе, як жартуе Ваня, «нават не прымушаюць відосы запісваць». Сілавікі пагражаюць яму, што наступны раз адпачне ў Беларусі як мінімум 5 гадоў, дэманструючы відэа 2020 года, у якіх Іван Усовіч выступае ў падтрымку Святланы Ціханоўскай і гаворыць пра тое, што ўсё могуць змяніць масавыя пратэсты.
«Можна адказаць за свае словы і «адпачыць» гадоў 5 або паўтарыць лёс Камісаранкі», — ва ўнісон ГУБАЗіКу гаворыць прапагандыст Рыгор Азаронак.
У якасці абвінавачвання Усовічу выстаўляюць словы, сказаныя ў 2020-м — калі ён заклікаў галасаваць за Святлану Ціханоўскую і выказваўся супраць Аляксандра Лукашэнкі ў інтэрв'ю Юрыю Дудзю:
«Адзін чувак ва ўладзе ўжо 600 гадоў. Мне больш за ўсё незразумела тое, што адзінае, за што ён топіць, называючы сябе крутым, — што ў краіне няма вайны», — казаў тады Усовіч.
Таксама ён расказваў, што ў жніўні 2020-га ягоны брат правёў чатыры дні на Акрэсціна і быў збіты.
Калі ж пачалося поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну, ад Усовіча ўжо не дачакаліся такіх публічных выказванняў — больш за тое, ён працягнуў даваць канцэрты ў Расіі. Там ён жыве і цяпер.
Сілавікі заявілі, што праект «Жыццё-маліна» прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем»
Youtube-праект беларускага журналіста Мікіты Мелказерава «Жыццё-маліна» прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем». Пра гэта паведамілі ў неафіцыйным тэлеграм-канале ГУБАЗіК, заўважыла «Люстэрка». У адпаведным спісе МУС ён пакуль не значыцца.
«Рашэннем Міністэрства ўнутраных спраў экстрэмісцкім фарміраваннем прызнана і забаронена дзейнасць на тэрыторыі Беларусі групы грамадзян, аб'яднаных пад назвай "жыццё-маліна" на ўсіх інтэрнэт-платформах», — гаворыцца ў паведамленні сілавікоў.
Сцвярджаецца, што праект абвясцілі «экстрэмісцкім фармаваннем» за «арганізацыю дзейнасці па падрыхтоўцы да здзяйснення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь, дыскрэдытацыю і абразу службовых асоб, распальванне міжнацыянальнай варожасці і нянавісці».
У пераліку «экстрэмісцкіх фармаванняў», размешчаным на сайце МУС, «Жыццё-маліна» пакуль не значыцца.
Нагадаем, у красавіку 2022 года мінскі суд прызнаў "экстрэмісцкімі матэрыяламі" YouTube- і тэлеграм-каналы праекта, яго чат і лагатып.
Ужо амаль тры месяцы на сайце Вярхоўнага суда вядуцца «рэгламентныя работы»
Там публікавалі расклады судоў, у тым ліку па адміністрацыйных, грамадзянскіх і крымінальных справах. Таксама з сайту знік раздзел «спецыяльная вытворчасць», у якім публікавалі не толькі інфармацыю пра будучыя завочныя суды над тымі, хто вымушана пакінуў Беларусь, але таксама і выніковыя часткі прысудаў.
Праз адсутнасць афіцыйнай статыстыкі складана ацэньваць рэальную сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Таму ў цяперашніх абставінах прыкладныя лічбы, якімі валодаюць праваабаронцы, могуць казаць не пра адлігу ў краіне, а як раз наадварот — пра стабільна катастрафічнае становішча з рэпрэсіямі, якія так старанна хавае рэжым.