СБУ: Беларус, які ваяваў на баку РФ і быў асуджаны на 10 гадоў, быў агентам КДБ

Служба бяспекі Украіны паведаміла, што «раскалола» ўзятага ў палон беларуса Максіма Зязюльчыка, які ваяваў на баку Расіі ў складзе прыватнай ваеннай кампаніі «Рэдут», быў узяты ў палон і пазней атрымаў 10 гадоў калоніі. 

Фота СБУ

Фота СБУ

У паведамленні СБУ гаворыцца, што маецца доказная база на прадстаўніка беларускай спецслужбы Максіма Зязюльчыка, які ў складзе расійскай ПВК пайшоў ваяваць супраць Украіны.

У шэрагах акупацыйнай групоўкі ён браў актыўны ўдзел у баявых дзеяннях супраць сіл абароны Украіны на Харкаўскім і Краматорскім кірунках.

Сярод яго асноўных задач, удакладняюць у СБУ, быў збор разведданых аб узорах замежнага ўзбраення, якія паступаюць падраздзяленням УСУ ад заходніх партнёраў.

Акрамя таго, ён спрабаваў выведаць планы магчымага ўдзелу расійскіх ПВК у спробах «адхілення ад улады дзейнага рэжыму самаабвешчанага прэзідэнта Лукашэнкі».

«Украінскія абаронцы захапілі варожага паслугача ў палон падчас аднаго з баёў у Данецкай вобласці ў верасні мінулага года. Затрыманы адразу спрабаваў выдаць сябе за шараговага баевіка і тым самым хацеў схаваць сваю прыналежнасць да беларускай спецслужбы. Аднак супрацоўнікі ваеннай контрвыведкі СБУ "раскалолі" зламысніка і атрымалі ад яго інфармацыю аб пастаўленых задачах», — адзначаецца ў паведамленні СБУ.

Як сведчаць матэрыялы следства, злачынцам з'яўляецца жыхар Мінскай вобласці Максім Зязюльчык, якога ў снежні 2020 года залічылі ў склад 2-га антытэрарыстычнага аддзела КДБ на пасаду выведніка.

Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання атрымаў заданне на правядзенне разведвальна-падрыўной дзейнасці супраць Украіны.

Паводле легенды, ён павінен быў дзейнічаць пад выглядам замежнага найміта, а сабраную выведінфармацыю перадаваць у Мінск праз сувязнога.

Для гэтага летам мінулага года прыбыў у трэніровачны лагер расійскай ПВК, дзе прайшоў аператыўна-баявую падрыхтоўку пад кіраўніцтвам кадравых супрацоўнікаў расійскіх спецслужбаў.

Затым яго перакінулі ў складзе акупацыйнай групоўкі на Ўсходні фронт.

На падставе сабраных Службай бяспекі доказаў суд прызнаў зламысніка вінаватым па ч. 4 арт. 447 Крымінальнага кодэкса Украіны (найміцтва). Суд прызначыў яму 10 гадоў зняволення.

Фота СБУ

Фота СБУ

Як адзначае «Н*ша Ніва», Максіму Зязюльчыку 22 гады. Хлопец паспеў адвучыцца ў агратэхнічным каледжы ў Мар'інай Горцы, а пасля адслужыць у войску. Служыў ён у адной з частак сілаў спецыяльных аперацый (магчыма, нават у самой Мар'інай Горцы).

Хлопец паспеў паваяваць няшмат — з 21 ліпеня, калі ён прыбыў у Ізюм Харкаўскай вобласці і атрымаў зброю на пасадзе кулямётчыка, да 19 верасня, калі яго ўзялі ў палон недалёка ад Сватава Луганскай вобласці.

Ён служыў у падраздзяленні «Ветэраны» кулямётнікам-рэтранслятарам у ПВК «Рэдут».

Зязюльчык удзельнічаў у баях каля Краснаполля ў Данецкай вобласці. У час баёў за пазіцыі ў лесапаласе Дубы 30 ліпеня ён быў паранены і да 25 жніўня лячыўся на базе сталай дыслакацыі «Рэдута» ў Ізюме Харкаўскай вобласці.

25 жніўня ў складзе батальёна «Ветэраны» яго перакінулі на пазіцыі каля Сватава ў Луганскай вобласці, дзе ішлі найбольш жорсткія баі. Пазней расіяне перакінулі гэты падраздзел у Ліманскі раён Данецкай вобласці.

Урэшце 19 верасня Максім Зязюльчык трапіў у палон да ўкраінскіх вайскоўцаў.