Сем’і застануцца без грошай
На працягу года паўтузіна жыхароў Бялыніцкага раёна асуджаны за занятак незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю. Яны панеслі пакаранне за тое, што набывалі за межамі нашай краіны ад свайго імя і па даверанасцях грамадзян легкавыя аўтамабілі і потым рэалізоўвалі іх. А прасцей — людзей абвінавацілі ў тым, што яны ганялі машыны на продаж, не зарэгістраваўшыся ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка.
На працягу года паўтузіна жыхароў Бялыніцкага раёна асуджаны за занятак незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю. Яны панеслі пакаранне за тое, што набывалі за межамі нашай краіны ад свайго
імя і па даверанасцях грамадзян легкавыя аўтамабілі і потым рэалізоўвалі іх. А прасцей — людзей абвінавацілі ў тым, што яны ганялі машыны на продаж, не зарэгістраваўшыся ў якасці
індывідуальнага прадпрымальніка.
Усе судовыя працэсы адбываліся па ісках Бялыніцкай раённай інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь. У якасці адказчыкаў выступалі бялынічане, якія займаліся перагонкай машын у
перыяд з 2004 па 2007 год, у прыватнасці Уладзімір К., Мікалай А., Андрэй Б., Леанід А., Сяргей Л., Юрый Д. і Уладзімір Н.
Ніякіх іншых правапарушэнняў за гэтымі бялыніцкімі хлопцамі раней не назіралася, больш за тое, некаторыя з іх раней самі працавалі ў праваахоўных органах, асобныя зараз працуюць педагогамі ў
навучальных установах Бялыніцкага раёна.
Адразу адзначу, што суд Бялыніцкага раёна прызнаў усіх вінаватымі, яны атрымалі розныя тэрміны зняволення ўмоўна, на пэўны перыяд ім забаронена займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю. Але самае
галоўнае — з іх спагнана ў даход дзяржавы больш за пяцьсот мільёнаў рублёў. Акрамя таго, кожны з асуджаных абавязаны заплаціць вельмі значную дзяржпошліну (ад аднаго да шасці з паловай
мільёнаў рублёў) і аплаціць працэсуальныя выдаткі.
Асабіста я прысутнічаў на судовым працэсе, на якім разглядалася справа Уладзіміра Н., майстра вытворчага навучання Машчаніцкага ВВК. Пасяджэнні суда адбываліся на працягу амаль цэлага месяца,
інтарэсы дзяржавы прадстаўляла супрацоўніца Бялыніцкай раённай інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь.
На судзе былі агучаныя дадзеныя пра тое, што на працягу 2004–2007 гадоў абвінавачаны прыгнаў з-за мяжы чатырнаццаць легкавых аўтамабіляў розных марак, аднак абвінавачванне ў
незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці было вылучана па факту прыгону сямі аўтамабіляў. Гэтыя аўтамабілі абвінавачаны прыгнаў з-за мяжы з красавіка 2005 па жнівень 2006 года, у асноўным усе яны былі
набыты па даверанасцях блізкіх сваякоў Уладзіміра.
Падчас судовага пасяджэння апыталі шэраг сведках, як асоб, па даверанасцях якіх набываліся аўтамабілі, так і людзей, якім гэтыя машыны былі рэалізаваныя. Усе людзі, якія набылі аўтамабілі і давалі
паказанні ў судзе, казалі пра тое, што яны былі цалкам задаволены якасцю набытых аўтамашын. Асобы, якія афармлялі даверанасці на Уладзіміра Н., сцвярджалі, што машыны яны набывалі для сябе асабіста,
а прадаць іх былі вымушаны вельмі хутка ў выніку складаных фінансавых абставін. Аднак суд палічыў гэтыя паказанні непераканаўчымі і цалкам падтрымаў дзяржаўнага абвінаваўцу Наталлю Нікалаенка.
За занятак незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю Уладзімір Н. асуджаны на два гады абмежавання волі, пазбаўлены права займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю на працягу чатырох гадоў. Гэты ж
прысуд задаволіў іск дзяржаўнага абвінаваўцы пра спагнанне з абвінавачанага ў даход дзяржавы 36 057 064 рублёў неабгрунтавана атрыманага ім даходу і 1 мільён 802 тысячы рублёў дзяржпошліны. Таксама з
Уладзіміра будуць спагнаны працэсуальныя выдаткі ў суме 17 820 рублёў.
Для забеспячэння выканання рашэння пра спагнанне іску накладзены арышт на дом Уладзіміра Н., а таксама на два аўтамабілі, якія зарэгістраваны на яго імя.
Уладзімір карыстаецца павагай у сваіх калег па працы з Машчаніцкага ВВК. На ўтрыманні ў яго знаходзіцца двое дзяцей 18 і 9-гадовага ўзросту, жонка працуе настаўніцай у Бялыніцкай
СШ № 2. Ён абавязкова будзе абскарджваць рашэнне суда Бялыніцкага раёна ў Магілёўскім абласным судзе.
Уладзімір Н. таксама адзначыў, што аўтамабіляў, на якія накладзены арышт, фактычна ў яго няма. Адзін належыць яго жонцы, другі — ужо год як прададзены іншаму жыхару Бялыніч Мікалаю М.
Дарэчы, такая ж сітуацыя складваецца і ў некаторых іншых асуджаных за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць жыхароў Бялыніцкага раёна. Арышт накладзены на аўтамабілі, якія фактычна ўжо даўно
належаць іншым людзям.
Я не магу паставіць пад сумнеў рашэнне суда. Закон ёсць закон, і выконваць яго патрэбна. Аднак у мяне адразу ўзнікаюць пытанні да нашай паважанай інспекцыі па падатках і зборах. Няўжо Бялынічы
— мільённы горад, няўжо немагчыма было адразу папярэдзіць людзей, якія пачалі прыганяць машыны з-за мяжы, пра тое, што яны дзейнічаюць супрацьзаконна? Ды не, у Бялынічах пражывае дзесяць
тысяч чалавек, амаль кожны кожнага ведае, а штат супрацоўнікаў раённай інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах дастатковы, каб асабіста паразмаўляць з кожным патэнцыйным правапарушальнікам.
Таксама выклікае здзіўленне, чаму нашы паважаныя падаткавікі не спынілі супрацьзаконную дзейнасць адразу, а цягнулі некалькі гадоў. Як я разумею, ніхто з асуджаных не ўвозіў машыны партызанскімі
сцежкамі, усе аўтамабілі абсалютна легальна перасякалі дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь, за іх плаціліся мыты, яны рэгістраваліся ў Дзяржаўтаінспекцыі.