Сеанс медыя-тэрапіі

Больш за чатыры з паловай гадзіны 16 кастрычніка кіраўнік Беларусі выдаткаваў са свайго каштоўнага часу дзеля сустрэчы з чарговай вялікай групай расійскіх журналістаў.

Амаль дзевяноста прадстаўнікоў з васьмідзесяці медыя ўжо паўтыдні знаходзіліся на тэрыторыі нашай краіны, дзе ім зноў дэманстравалі ўсялякія дасягненні і перавагі беларускага ладу жыцця. А прэс-канферэнцыя Аляксандра Лукашэнкі стала своеасаблівым апагеем гэтай вандроўкі.



str_1__logo.jpg

Але варта адзначыць, што і беларусы штосьці новае даведаліся ад афіцыйнага лідара. Усё ахапіць у невялічкім артыкуле немагчыма. Таму акрэслім толькі некаторыя моманты. Напрыклад, што прэзідэнт адмовіўся ад хабару ў 5 мільярдаў долараў, калі яму прапанавалі прыватызаваць «Беларуськалій». Як паведаміў Лукашэнка расійскім журналістам, гэтае прадпрыемства «хочуць купіць за 15 мільярдаў некаторыя вашы алігархі». «Некаторыя здурнелі і прапанавалі аднаму багатаму расійскаму чалавеку, што можа ўваходзіць да мяне: «Вы яму (Лукашэнку) скажыце — вось 10 мільярдаў плацім, а 5 мільярдаў — яму, куды скажа», — працягваў афіцыйны лідар. Па словах Лукашэнкі, пасярэднік перадаў яму гэтую прапанову, але прэзідэнт адрэагаваў наступным чынам: «Я кажу яму — Міша, я не буду на цябе кайданкі адзяваць, але ты больш да мяне з такімі ідэямі не прыходзь».
Імя «Міша» амаль усіх назіральнікаў навяло на думку, што гэта можа быць расійскі алігарх Міхаіл Гуцэрыеў, у якога насамрэч добрыя стасункі з беларускім кіраўніком. Падкантрольная яму «Руснафта» займаецца пастаўкамі сыравіны на беларускія НПЗ. Прадстаўнікі Гуцэрыева адразу адмежаваліся ад такіх медыя-меркаванняў: «Бязглуздзіца!»
Разам з тым, беларускі кіраўнік паведаміў, што атрымаў на дзень нараджэння ад аднаго «расійскага чалавека» «Майбах». «Машына стаіць у гаражы, я аддаў у гараж дзяржаве, яна павінна абслугоўваць прэзідэнта… Тыдзень таму я спытаўся: дзе машына? Там дзверка перакошаная, яе рамантавалі. Нядаўна кіроўца сказаў: на «Камунарку» паедзем, але я (гэта словы кіроўцы) не стаў яе браць… Нават кіроўца разумее, што нават прэзідэнта нельга на гэтай рэдкай машыне вазіць», — шчыраваў Лукашэнка. Узнікае пытанне, а чаму ж дзверка перакошаная? Няўжо такую падарылі?
У сеціве з’явілася інфармацыя, што такая машына можа каштаваць ад паўмільёна ўмоўных адзінак. Старшыня АГП Анатоль Лябедзька ўжо падрыхтаваў зварот у Генпракуратуру і падатковую інспекцыю па горадзе Мінску, дзе заклікае гэтая структуры адрэагаваць на заявы Лукашэнкі наконт «Майбаху» — даведацца, ці сплачаныя з гэтага падарунку падаткі і калі адбыўся сам факт гэтага падарунку. Думаю, вынік запыту можна прадказаць ужо зараз.
Рабіць шматгадзінныя прамовы перад расійскімі журналістамі для Лукашэнкі справа звыклая, але складваецца ўражанне, што сваімі словамі ён перадае прывітанні не толькі Маскве, але і ўласнаму электарату. Тое, што Лукашэнка чарговым разам катком пройдзецца па сваіх апанентах, было прадказальна, таму і спыняцца на гэтым не варта. Але вось навошта было перад расійскімі журналістамі ганьбіць нацыянальную футбольную зборную? Так, каманда з буйным лікам (0:4) на сваім полі саступіла зборнай Іспаніі. Але ж гэта дзеючыя чэмпіёны свету і Еўропы!
«Была праблема, што людзі не пойдуць на зборную. А да нас іспанцы павінны былі прыехаць. Я думаю: ладна, уключым адміністрацыйны рэсурс, збяром людзей. І што? Такой ганьбы нацыі, як гулялі, я не бачыў. Абхезаўшыся, выйсці на поле, з дрыжачымі рукамі і нагамі… Сабраў народ — 40 тысяч чалавек. А цяпер ім перадайце прывітанне. Скажыце, што я ім людзей збіраў», — грамыхаў прамоўца.
Што ж гэта за краіна і сістэма, што нават на футбольныя гульні кіраўнік дзяржавы мусіць збіраць гледачоў з выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу? І што гэта за лексікон у адносінах да «зборнікаў»?
Былі выказванні і з шэрагу  раду «Я — і вялікія». «Я далёкі-далёкі ад Уладзіміра Ілліча і Іосіфа Вісарыёнавіча, таму мне да іх яшчэ топаць і топаць. У мяне, канешне, некалькі свая ацэнка параўнальна з расійскім грамадствам Сталіна і Леніна. Але, па меншай меры, так да іх ставіцца не павінны. Гэта нашы былі кіраўнікі: Ленін ствараў дзяржаву, Сталін яе ўмацаваў. І пройдзе яшчэ паўстагоддзя. Як жа нас ацэняць, мяне?» — задаецца пытаннем Аляксандр Лукашэнка. Гэтыя словы — «па Фрэйду». Створаная ў краіне сістэма, якая ўшаноўвае Сталіна-Леніна, захоўвае ўсе атрыбуты бальшавіцкай эпохі, пачынаючы ад тапанімікі і заканчваючы метадамі кіравання дзяржаваю і барацьбы з апанентамі ўлады, не вымагае прызнання чалавеканенавісніцтва тэарэтыкаў і стваральнікаў гэтай сістэмы і яе заганнасці.
І яшчэ адзін паказальны момант — гэта перадача праз журналістаў закідаў расійскаму кіраўніцтву пра неабходнасць аказваць безумоўную падтрымку беларускаму партнёру. «Мы атрымалі глабальны крызіс беларускай сістэмы, калі ўвялі летась мыту на ўвоз іншамарак. Беларусы вывезлі 3 мільярды долараў — палову золата-валютных рэзерваў краіны. Мы былі вымушаныя дэвальваваць нашу валюту. Мы заплацілі дарагую цану за стварэнне Адзінай эканамічнай прасторы і эканамічнага саюза. Але Расія ўступіла ў СГА», — жаліўся журналістам прэзідэнт. А ў працяг запатрабаваў прадаставіць Беларусі «як замежніку» радовішчы для самастойнай здабычы 10 мільёнаў тон нафты і 10 мільярдаў кубаметраў газу. Маўляў, у Венесуэле здабываем, чаму тады не можам гэтага рабіць у «нашай Расіі»?
На думку экспертаў, Расія наўрад ці задаволіць апетыты афіцыйнага Мінска. Затое цяпер у беларускага кіраўніка ёсць магчымасць спісаць усе непрыемнасці і беды на ўсходнюю суседку.
Але збольшага спіч Лукашэнкі зводзіўся да пераваг беларускай мадэлі. «Палітычная сістэма нашага грамадства нічым не адрозніваецца ад расійскай. Магчыма, мы толькі крыху больш жорстка вядзем палітыку, але на прынцыпах чэснасці і справядлівасці: так — так, не — не, да пабачэння!» — сказаў афіцыйны кіраўнік. Так што Пуціну, відаць, ёсць яшчэ чаму «падвучыцца» ў беларускага калегі.