Сілавы ўзлом. Як улада вядзе барацьбу з апазіцыйнымі каналамі і чатамі ў тэлеграме

Тэлеграм-каналы адыгралі важную ролю ў беларускім пратэсце. Дзякуючы ім тысячы людзей маглі назіраць, як фальсіфікавалі вынікі выбараў і як жорстка разганялі пратэстоўцаў. Тэлеграм-чаты аб'ядноўвалі суседзяў па раёне, у іх каардынавалі свае дзеянні медыкі і рабочыя, якія страйкуюць. Спачатку МУС толькі назірала за актыўнасцю ў тэлеграме, але з восені сілавікі перайшлі ў наступ: адміністратары многіх каналаў апынуліся затрыманыя, а самі каналы — захопленыя.

64b932800576239f9e2efa814c223934_1400x850.jpg

Першыя захопы

У другой палове чэрвеня телеграм-канал Сяргея Ціханоўскага «Краіна для жыцця» змяніў назву і аватарку. Новы малюнак у профілі быў выкананы ў колерах афіцыйнага сцяга, а назва «РаЗАм!» паўтарала слоган БРСМ. Да таго часу Сяргей Ціханоўскі ўжо месяц знаходзіўся ў СІЗА.
«Ламаюць з акаўнта Ціханоўскага. Мабыць, узламалі ягоны тэлефон», — пісаў тады канал «Беларусь галаўнога мозгу». Праз некалькі дзён, 25 чэрвеня, сілавікі прыйшлі і за яго адміністратарам — Ігарам Лосікам. У той жа дзень кіраўнік МУС Юрый Караеў заявіў, што пратэстамі кіруюць праз тэлеграм-каналы і стрымы «Радыё Свабода».
Затрымаўшы Лосіка, сілавікі не змаглі атрымаць доступ да адмінкі яго канала. На той момант падпісчыкамі «Беларусі галаўнога мозгу» былі 170 тысяч чалавек, цяпер гэта колькасць падвоілася. Каналам, як пісаў TUT.by, кіруюць сябры Лосіка.
Адміністратара «Беларусі галаўнога мозгу» абвінавачваюць па артыкуле 342 КК. Лосіка змясцілі ў СІЗА, дзе ён знаходзіцца дагэтуль. 15 снежня яму прад'явілі новае абвінавачванне — падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках. Блогер абвясьціў галадоўку.

Узлом катаваннямі

12 лістапада ў канале анархіста Мікалая Дзядка MIKOLA з'явілася паведамленне, якое рэзка выбіваецца са звыклай стылістыкі: чытачоў заклікалі «станавіцца мудрэй» і не паддавацца «эфекту натоўпу»:
«Многія страцілі сувязь з рэальнасцю сышоўшы ў радыкальны тэлеграм і памыліліся, думаючы што ён ананімны. Крыўдна за сотні беларусаў, якія начытаўшыся экстрэмісцкага тэлеграм гаўна, ідуць на неабдуманыя і нікому не патрэбныя злачынствы і атрымліваюць велізарныя тэрміны пазбаўлення волі» — гаварылася ў паведамленні з дзясяткам спасылак на Праўладныя тэлеграм-каналы.
Крыху пазней на аватарку канала паставілі герб Беларусі, да назвы дадалі фразу «люблю сваю краіну», і размясцілі яшчэ некалькі здзеклівых пастоў.
У той жа дзень стала вядома, што анархіст Мікалай Дзядок затрыманы як адміністратар гэтага канала, у якім «на працягу некалькіх гадоў <...> публічна заклікаў да ўдзелу ў масавых беспарадках і здзяйснення акцый "прамога" дзеяння».
У паведамленні МУС падкрэслівалася, што «ў мэссэнджеры таксама публікаваліся асабістыя дадзеныя супрацоўнікаў праваахоўных органаў, заклікі да пагрозаў, цкавання і гвалту, абразы міліцыянтаў, журналістаў і дзяржслужачых».
Сілавікі прыйшлі ў здымную кватэру Мікалая Дзядка ў пасёлку Сасновы каля 23: 00 11 лістапада. «Разбілі акно і ўварваліся сем чалавек СОБР і АМАП» — успамінае аповяд анархіста суразмоўца «Медыязоны», які пажадаў застацца ананімным.
«Адразу [яго] пачалі біць, каб даў пароль ад уваходу ў сістэму, потым пачалі душыць падушкай. Калі [ён] стаў задыхацца, даў пароль. Потым [яго] доўга білі, пакуль не ўспомніў пароль ад тэлеграма. [Ад яго] патрабавалі пароль ад VeraCrypt, ад жорсткага дыска, патрабавалі сказаць, хто адміны каналаў, асабліва [анархісцкіх] «Прамень» і АЧК. Калі маўчаў, білі дубінкамі па спіне і нагамі. Яму пагражалі згвалтаваннем дубінкай, білі па руках, па пятках-электрашокерам; калі ён падымаў галаву, на яе наступалі нагой — так працягвалася да пяці раніцы», — прыводзіць крыніца апавяданне Дзядка.

Фішынг праз правайдэра

У пачатку снежня МУС апублікавала відэа з падлеткам Іванам Шашко з Лунінца. 15-гадовы хлопец прызнаваўся, што быў адміністратарам каналаў «Карнікі Беларусі» і «Аб'яднаны саюз рэвалюцыі».
Праз тыдзень, 15 снежня, стала вядома, што Шашко пакінуў краіну. Ён не стаў раскрываць падрабязнасці ад'езду, каб не «падстаўляць нерэальна крутых хлопцаў», але дадаў, што «выбраўся цудам».
Падлетак распавёў, што падчас затрымання яму разбілі губу, заломвалі рукі і пагражалі. Сілавікі цікавіліся іншымі адміністратарамі каналаў і крыніцамі інфармацыі — Шашко кажа, што не раскрыў іх. Праз тры з паловай гадзіны яго адпусцілі дадому.
Падлетак выказаў здагадку, што яго вылічылі па IP-адрасе. «У чаце майго канала прасілі паглядзець курсы даляра і біткоіна. Я зрабіў запыты ў гугле і скінуў іх у чат. Магчыма, сілавікі запыталі ў правайдэра спіс IP-адрасоў, з якіх былі зробленыя запыты «курс даляра» і «курс біткоіна» ў той час», — разважае Шашко.

Дзядуліна сімка і перабор камбінацый

20 снежня міліцыя затрымала 18-гадовага адміністратара канала «Карнікі Маладзечна» Аляксея Крэнця. Маладога чалавека папрасілі сесці ў міліцэйскую машыну, калі той выходзіў з дому.
«Пачалі наўпрост казаць, што Я адмін «Карнікаў Маладзечна» — я адмаўляў. Казалі, што калі не прызнаешся, то мы цябе закрыем, а калі распавядзеш, то пойдзеш на «дапамогу следству» і адкараскаешся штрафам. Я адмовіўся», — распавядае Крэнць.
Падчас ператрусу ў кватэры Крэнця канфіскавалі ноўтбук, планшэт і тэлефон, тады Аляксей «зразумеў, што, хутчэй за ўсё, нічога не ўратуе» і паабяцаў усё расказаць.
Сілавікі запатрабавалі сказаць пароль ад Тэлеграма. «Я сказаў, што не ведаю, прыдумаў нейкі левы пароль, яны паспрабавалі яго ўвесці. Потым я прыдумаў іншы — падобны, толькі лічбы розныя. Ні адзін з іх не падышоў» — успамінае Аляксей.
Сім-карта Крэнця была зарэгістраваная на дзядулю. Міліцыя прыехала да яго на працу і папрасіла зрабіць дублікат. З новай сімкі і ноўтбукам сілавікі зноў сталі патрабаваць пароль ад акаўнта.
«Кажуць: уводзь пароль. Я кажу, што не ведаю, што мой акаўнт быў яшчэ ў іншага чалавека, што я магу даць ім толькі пароль ад «Вконтакте». Ім гэта аказалася нецікава», — распавядаў Крэнць.
На наступны дзень міліцыянты сказалі затрыманаму напісаць на лісточку ўсе пошты і ўсе паролі, якія той можа ўспомніць. «Напісаў каля дзесяці пошт і каля 130 пароляў. У суме ім давялося б уводзіць 1 300 спробаў. Яны кожную, здаецца, спробу пераспрабавалі і сказалі, што нічога не падышло», — кажа Аляксей.
Пакуль Крэнць знаходзіўся ў камеры «акаўнты былі ачышчаныя». Толькі пасля гэтага сілавікам удалося атрымаць доступ — але гэта ўжо было бессэнсоўна. Пратрымаўшы трое сутак, Крэнця адпусцілі. Яму ўдалося з'ехаць з краіны.

Іншыя узломы і згоны

У канцы кастрычніка міліцыя затрымала аднаго з адміністратараў тэлеграм-канала «Кіроўцы 97» і пяцёх яго актыўных удзельнікаў. Іншы адміністратар распавёў расійскаму выданню Daily Storm, што гэта адбылося праз «уласную дурасць» і «шанцаванне праціўніка».
«Першага адміністратара ўзялі таму, што ён свяціўся ўсюды і ніяк не хаваўся. Сілавікі шукалі яго па трох іншых справах і нават не ведалі, што ён з'яўляецца адмінам нашага канала. Таму яны вельмі здзівіліся і ўзрадаваліся такому падарунку лёсу, калі гэты адмін ў паніцы пачаў калоцца і пра адміністраванне канала. Ён жа даў наводку на іншага адміна, з якім у яго былі рознагалоссі», — казаў суразмоўца Daily Storm.
На наступны дзень МУС напісала пра затрыманне 33-гадовай мінчанкі Ірыны Шчаснай. Сілавікі сцвярджалі, што яна-адміністратар «дэструктыўных тэлеграм-каналаў «Мая Краіна Беларусь», «Беларусь 24», «Баста», «Беларусь галаўнога мозгу» і «Элехтарат».
Канал «Мая Краіна Беларусь» пацвердзіў, што Шчасная сапраўды рэдактар канала: «Мы спрабуем аказаць ёй усю магчымую дапамогу. Яе акаўнт выведзены са складу адмінаў у момант затрымання, небяспекі дэананімізацыі няма». Стваральнік гэтага канала Сяргей Бяспалаў пакінуў Беларусь яшчэ 3 ліпеня.
Канал «Беларусь галаўнога мозгу» адмаўляў, што Ірына мела доступ да іх адмінкі: «зразумела, гэта поўнае трызненне. Ірына Шчасная не датычная да нашага телеграм-канала і ніколі яго не адміністравала».
Нападам і спробам узлому падвяргаліся не толькі буйныя каналы на тысячы падпісчыкаў, але і лакальныя чаты.
Напрыклад, чат «Белая Вежа» стварылі праз 2-3 тыдні пасля прэзідэнцкіх выбараў для зносін менчукоў, якія пражываюць на вуліцах Багдановіча, Старавіленскай, Кісялёва і праспекце Машэрава.
3 кастрычніка да стваральніка чата Мікіты Яцыновіча ў кватэру прыйшлі з ператрусам і забралі ўсю тэхніку. Праз тры дні на Акрэсціна Мікіта выйшаў на свабоду, але стаў фігурантам крымінальнай справы аб масавых беспарадках.
Мікіта Яцыновіч сцвярджае, што пакуль быў у ІЧУ, ён сустрэў там і іншых стваральнікаў раённых чатаў.
За два дні да гэтага, 1 кастрычніка ў кватэру адміністратара лакальнага чата Грушаўкі «Грушвилль» Дзмітрыя Сухенку абшукалі, а яго самога вазілі ў міліцыю. Сухенку дапыталі як запрошаную асобу (гэта значыць не ў статусе падазраванага), але яго тэхніку канфіскавалі ў рамках крымінальнай справы аб масавых беспарадках.
21 лістапада быў узламаны раённы чат «Малінаўка 7», трэцяга снежня спрабавалі ўзламаць чат «Малінаўка», але праз паўтары гадзіны кантроль над ім вярнулі.
Акрамя гэтых каналаў ламалі чаты Брылевічы 97, Вяснянка 97, Лебядзіны 97, «Мы шахцёры!», група і чат Салігорска «Краіна для жыцця». Затрымлівалі адміністратара канала «Кантроль аўтазакаў Мінск» і чата «Чат лашкоў-петушкоў» Ганну Аленскую.

Асабісты доступ і гвалт

Канал operators.bel у артыкуле пра тое, як сілавікі ўсталёўваюць уладальнікаў телеграм-каналаў, запэўніваў, што нік і нумар мабільнага тэлефона можна супаставіць праз «прагон масіва нумароў праз мэссэнджэр, для гэтага фармуецца адпаведная база дадзеных».
Такая магчымасць сапраўды існавала да 2019 года. Тэхналогіяй перабору мільёнаў нумароў скарысталіся ўлады Кітая, якія душылі пратэсты ў Ганконгу. Пасля паведамленняў пра гэта распрацоўшчыкі телеграма ўвялі абмежаванні на загрузку нумароў з тэлефоннай кніжкі, а ў мэсэнджэры абнавіліся налады прыватнасці, якія дазваляюць цалкам схаваць нумар тэлефона.
Улетку 2020 года ў даркнэце з'явілася база з нікамі і тэлефонамі карыстальнікаў телеграма. Прэс-служба мэсэнджэра сцвярджала, што дадзеныя ў ёй сабраны да 2019 года і на момант публікацыі была неактуальная «на 60%».
Адміністратар аднаго з телеграм-каналаў, які пажадаў застацца ананімным, мяркуе, што сілавікі гэтай тэхналогіяй не карысталіся з-за «нізкіх тэхнічных навыкаў».
«Гэта не Расія. Тут няма ні бюджэтаў ні спецыялістаў. Таму робіцца ўсё груба і сілавымі метадамі. А даведацца, ці былі па базах такія праверкі, не маючы доступу да спэцслужбаў, немагчыма», — лічыць ён. —Дэананімізацыя праходзіць хутчэй з-за чалавечага фактару. Усё вырашае асабісты доступ і гвалт».
Лепшым метадам вырашэння гэтай праблемы суразмоўца «Медиазоны» лічыць сэрвіс «Захавальнікі»: «дзякуючы ім перадаецца валоданне каналамі і чатамі за мяжу. Усе кропкі ціску адразу спадаюць».
Адміністратар сэрвісу «Захавальнікі» кажа, што канал быў створаны, калі пачалі прэсаваць уладальнікаў і адміністратараў раённых чатаў. Цяпер ім даверылі захоўванне ўжо каля 20 каналаў. Трыгерам да запуску стала сітуацыя з каналам Мікалая Дзядка.
«У нейкі момант праз катаванні і пагрозы сталі захопліваць чаты і каналы, ставіць на іх герб Беларусі, мяняць назвы і пасціць туды хлуслівыя навіны. Такія чаты, вядома, распадаліся, людзі ад іх адпісваліся».

Ілжывая упэўненасць дэструктыўшчыкаў

У пачатку кастрычніка ў эфіры дзяржтэлеканала супрацоўнік Губазік, які сядзіць спіной да камеры, казаў, што «тэлеграм стварае ілжывую ўпэўненасць у ананімнасці».
«Карыстаючыся гэтым, мы можам устанаўліваць пасля асобы, якія далей становяцца дэструктыўшчыкамі і заклікаюць да радыкальных захадаў. У кожным чаце маецца па нашым супрацоўніку, і ён цалкам валодае сітуацыяй. Таксама хацелася б падзякаваць грамадзянам, якія не застаюцца ў баку і дапамагаюць нам, паведамляючы аб такіх асобах, якія знаходзяцца ў падобных чатах», — сцвярджаў ананімны супрацоўнік.
Былы следчы Аляксандр Сушко ўпэўнены, што сілавікі перабольшваюць свае магчымасці: «зразумела, што ўсюды знаходзіцца немагчыма. Немагчыма знаходзіцца ў кожнай кватэры, у кожным дваровым чаце. Дзесьці могуць прысутнічаць. Але гэта прысутнасць не тэхнічная, а прысутнасць людская. Мяркуючы па выніках, іх на самой справе не так і шмат. Былі б вынікі — афішавалі б гэта значна больш. Тое, што я бачу, гэта ўздзеянне на канкрэтных людзей, хто не хаваюць сваёй пазіцыі».
Сушко працаваў начальнікам упраўлення па расследаванні злачынстваў супраць інфармацыйнай бяспекі і інтэлектуальнай уласнасці ў Следчым камітэце. Былы сілавік лічыць, што самая галоўная слабасць — чалавечы фактар.
«Калі ёсць чалавек і ёсць яго прылада, то атрымаць доступ не ўяўляе ніякай складанасці. Калі двухфактарнай аўтэнтыфікацыі няма, то ёсць магчымасць перахапіць кіраванне. Таму альбо чалавек, альбо адсутнасць належных мер бяспекі».
Сушко мяркуе, што дэананімізацыяй з дапамогай перабору ўсіх тэлефонных нумароў сілавікі не займаюцца: «не такая вялікая колькасць людзей ёсць, каго трэба дэананімізаваць. Выснову пра тое, хто стаіць за каналам, можна зрабіць на аснове іншых фактаў».
Паводле mediazona.by