У Бучы памерлі двое цяжка параненых дзяцей, якіх не дазволілі вывезці расійцы

Аб чарговым вайсковым злачынстве РФ распавёў галоўны лекар «Охматдета».

1646318032_5731.jpg

Расійскія вайскоўцы не дазволілі даставіць цяжка параненых дзяцей з Бучы ў клініку «Охматдет». Двое дзяцей загінулі.

Пра гэта расказаў галоўны ўрач бальніцы Уладзімір Жоўнір, піша unian.net.

Ноччу 5 сакавіка ў «Охматдет» павінны былі даставіць трох дзяцей з агнястрэльнымі раненнямі з Бучы. Аднак праз бесперапынныя абстрэлы расійскіх акупантаў «Хуткая дапамога» не змагла забраць пацыентаў.

Двое дзяцей ужо памерлі, яшчэ аднаго чакаюць у бальніцы.

«Охматдет» працягвае працаваць і аказваць дапамогу параненым дзецям і дарослым, кажа Жоўнір. 5 сакавіка ў клініцы знаходзіцца 185 непаўналетніх пацыентаў.

«Лекары нікуды не з'язджаюць. Мы гатовыя прадастаўляць неадкладнае лячэнне і дзецям, і дарослым. Частку анкалагічных пацыентаў ужо некалькі дзён мы эвакуюем у Заходнюю Украіну і суседнія краіны Еўропы. Гэтыя дзеці не могуць працягваць лячэнне ў бомбасховішчы, таму трэба эвакуявацца з Кіева», — напісаў галоўны ўрач.