«У мяне, здаецца, нават стрэсу няма». Што піша з турмы палітвязень Андрэй Скурко
Выбранае з перапіскі з мужам апублікавала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку жонка журналіста Паўліна Скурко.
Андрэй Скурко піша:
«Ведаю, што многія добрыя людзі цяпер вымушаныя шукаць новую працу. Мне здаецца, адна з каштоўнасцей, якую можна вынесці з гэтай сітуацыі — мёртвае адмірае, а жывое трансфармуецца і працягвае жыць. Хоць у кароткатэрміновай перспектыве гэта, канечне, выклікае нязручнасці і часам пакуты.
Іх гісторыя нагадала выпадак з Міхасём Міхайлавічам Чарняўскім [выдатны беларускі гісторык, якога ў 1970-я на некалькі гадоў па палітычных матывах звольнілі], якога некалі таксама звольнілі з Акадэміі навук, а праз некалькі год усё стала на месцы».
* * *
«На гэтым тыдні ў нас нейкі час быў тэлевізар — даўно забытыя ўражанні… Я быў вельмі рады, калі зноў забралі:)
Уразіла, што за тыя некалькі месяцаў, якія тэлевізара не было, не змяніўся (і не абнавіўся) нават плэй-ліст у ранішніх шоу. Хоць агулам, здаецца, нервознасці паменела ў параўнанні з летам — пачаткам восені».
* * *
«Раптам зразумеў, што не трымаю зла ні на каго з тых, каму трэба «дзякаваць» за сённяшняе. Павер, яны і цяпер перажываюць пекла, і пасля з ім застануцца, калі для нас ужо ўсё скончыцца».
* * *
«Пытанне прышчэпак падзяліла грамадства выяўна, я гэта і тут назіраю. Напэўна, у будучыні, падчас прыёму на працу, можна будзе задаваць пытанне: «Ці рабілі вы прышчэпку? Калі не, то чаму?» Каб праверыць ступень адэкватнасці.
Прычым часта гэта праяўляецца ў, здавалася б, людзей з сучасным мысленнем і вышэйшай адукацыяй. Але часта за гэтым стаіць не столькі цемната, колькі недавер да сістэмы. «Хто іх ведае, што яны туды маглі падсыпаць», — як казаў прафесар Праабражэнскі пра савецкую кілбасу».
* * *
«...Не тое што траўмы — страшна сказаць, але ў мяне, здаецца, нават стрэсу няма:) Я цвёрда ведаю, што ні ў чым не вінаваты, а знаходжуся тут — як і многія іншыя — проста таму, што час такі».
* * *
«...У выпадку Напалеона — перамога над ім была б немагчымай без самаахвярнай барацьбы. У Іспаніі літаральна ўвесь народ падняўся супраць французскіх захопнікаў, што змусіла Напалеона трымаць там вялікае войска, расцярушваючы сілы. (І гэта прытым, што кароль Іспаніі капітуляваў адразу.) «Рускі паход», як і ўварванне ў Іспанію, Напалеон пасля называў сваёй найбольшай памылкай».
* * *
«Гэтая сітуацыя добра высветліла, хто ёсць хто, і хто чаго варты».
* * *
«...Тут прасцей тым, хто мае чым сябе заняць».
* * *
«Серыялы новыя, канечне, няпростыя:) Мы, думаю, з якіх-небудзь менш складаных пачнём)) Зрэшты, можа, той «Покліч пекла» і не такі загрузны, калі яго глядзець… Гледача ўсё цяжэй нечым уразіць. Гадоў 150 таму хапала прыбыцця поезда на станцыю».
* * *
«Пісаў табе ўжо, што новы нумар «Іностранной літературы» даволі ўдалы (у рамане Сцяпана Твардаха «Морфій» пра Варшаву 1939-га згадваецца нават возера Мядзел у Пастаўскім павеце і як паны там адпачывалі).
Сёння хачу пахваліць «Беларускі гістарычны часопіс». Мікола Трус напісаў змястоўны матэрыял пра Марціна Кухту і яго сям’ю.
У яго быў унук, якога ён вельмі любіў. Калі ў Кухты была сустрэча з акцыянерамі і прыходзіла нянька з малым, ён казаў: «Размова закончана, усе свабодныя, да мяне прыйшоў унук!» Яшчэ запомнілася, што ён пасля смерці першай жонкі ажаніўся са служанкай, якая доўгія гады ў іх працавала. Яна была руская і прывучыла ўсіх піць чай з варэннем:) Хоць у цэлым сям’я яе не прыняла. Кухта пражыў за 80 год і пахаваны ў Коўне. Бальшавікі яго не чапалі, бо напярэдадні іх прыходу ён збанкрутаваў.
Таксама ў «БГЧ» з цікавага — артыкул Inna Kalechyc пра графіці ў Спаса-Праабражэнскай царкве, Zmicier Monich пра выставу экспанатаў з музея Луцкевіча (шкада, фоткі чорна-белыя, але ўсё адно можна ўявіць маштаб! А каляровыя ты мне прысылала:)
А яшчэ артыкул Dzmitry Skvarcheuski пра звычай збіраць каляду і валачобнае ў ВКЛ. Аказваецца, да 18 стагоддзя прыхаджане (сяляне) у абавязковым парадку здавалі грошы і прадукты на касцёл і царкву на Каляды («кміну фунт, разынек фунт, шафрану лот, цукру робленага для дзяцей фунт, абаранкаў асм» і г.д.) Таксама і грошы здавалі. У часы Расійскай імперыі гэта адмянілі, але застаўся звычай аддаваць частку накалядаваных прадуктаў святару.
Цікава таксама, што слова «валачобнік», піша аўтар, утварылася ад volok (ахвяра, паводле Сяргея Санько), слова нібыта звязанае этымалагічна з alkes («святы лес» па-літоўску). Наконт этымалогій не ведаю, але тое, што плацілі, пацвярджаецца шматлікімі дакументамі. Гэта прымушае па-новаму зірнуць на некаторыя «старажытныя паганскія звычаі»:) Магчыма, калядаванне заглохла б і не дайшло б да нашага часу, каб не падтрымлівалася такім чынам. Халера, у нас жа таксама кажуць «поп ездзіць на калядзе» — калі бацюшка ходзіць свяціць хаты пасля Вадохрышча!.. Словам, цікава. Пры выпадку перадавай рэдакцыі прывітанне і падзяку».
* * *
«Сумную кнігу Хёга («Умоўна прыдатныя») я і не чытаў да канца. Аддаў суседу. А потым выпісаў яму Швейка ў якасці кампенсацыі. Чытае, смяецца. Перачытваю і я. «Швейку очень везло. Он очутілся среді представітелей разлічных восточных народов. В эшелоне ехалі калмыкі, грузіны, армяне…» Гэта пра тое, як Швейк вырашыў памераць пакінутую рускую форму і трапіў у палон да сваіх:)»
Андрэй Скурко — кіраўнік аддзела рэкламы і маркетынгу «Нашай Нівы», аўтар часопіса «Наша гісторыя». З 2006-га па 2017-ы быў галоўным рэдактарам выдання.
Андрэя Скурко затрымалі 8 ліпеня 2021 года. Пазней яму і галоўнаму рэдактару «Нашай Нівы» Ягору Марціновічу прад'явілі абвінавачанні па ч. 2 арт. 216 КК («Нанясенне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу»). Сэнс прэтэнзій у тым, што аплата за камунальныя паслугі памяшкання была па тарыфах для фізічных асоб, а трэба было плаціць па тарыфах для юрыдычных асоб. Следчыя налічылі, што за чатыры гады прадпрыемству «Мінэнерга» была нанесена шкода ў 3,5 тысячы рублёў. Само прадпрыемства з прэтэнзіямі ніколі не звярталася.