У спектаклі пра душу граюць інваліды

Курча — з-за атрафіі — можа звесці канечнасці акцёраў наўпрост на сцэне, але яны граюць. Вельмі не любяць, калі іх шкадуюць і клічуць інвалідамі. Адмысловы тэатр “Мімоза збірае пад сваім дахам тых, хто яшчэ ўчора збіраўся хаваць сябе жыўцом.

З талантам і паралічам



2ec0274c1774841e6820ad9339b81dbf.jpg

Курча — з-за атрафіі — можа звесці канечнасці акцёраў наўпрост на сцэне, але яны граюць. Вельмі не любяць, калі іх шкадуюць і клічуць інвалідамі. Адмысловы тэатр “Мімоза збірае пад сваім дахам тых, хто яшчэ ўчора збіраўся хаваць сябе жыўцом.
З талантам і паралічам
“Малалетнія злачынцы, дзеці-сіроты, інваліды, ветэраны вайны, пацыенты рэабілітацыйных цэнтраў для наркаманаў і алкаголікаў — шукайце іх, рыхтуйцеся да будучай працы! — было загадана першакурснікам — “сацыяльным рэжысёрам Універсітэта культуры і мастацтваў. І студэнтка Вольга Прохарава пайшла на практыку ў рэабілітацыйны цэнтр для інвалідаў, што на мінскай вуліцы Варанянскага. Там яна ладзіла музычна-літаратурныя вечары на вершы людзей з абмежаванымі псіхафізічнымі магчымасцямі.
На адзін з такіх вечароў завітаў мастак Віктар Танюкевіч, кіраўнік лялечнага тэатра “Мімоза. Ён запрасіў дзяўчыну граць у сваім тэатры. Яна пагадзілася, але прывяла за сабой сваіх інвалідаў з цэнтра.
Цягам часу мастак заняўся іншым праектам, а Вольга пачала ставіць уласныя спектаклі і кіраваць адноўленай, ужо не лялькавай “Мімозай.

33333_logo.jpg

Мінула 10 гадоў. Сёння яна працуе ў двух месцах адразу — Тэатры юнага гледача і Тэатры моладзевай эстрады, а “Мімоза — яе любімае тварэнне, якое не прыносіць заробку. Тэатр інтэграваны: не ўсе акцёры тут з хваробамі, ёсць і фізічна здаровыя. Памяшканне для рэпетыцый адшукалі ў Доме ветэранаў на вуліцы Каржанеўскага, рэпетыцыі праводзяцца 2–3 разы на тыдзень.
У рэпертуары “Мімозы — сацыяльна-філасофскі спектакль “Лаўка, літаратурна-музычныя вечары “Чорнае і белае, “Сур'ёзна і з жартам пра сябе, “Дыхай са мной, а дзіцячы спектакль “Таямніца коткі, якая знікала адрасаваны не толькі дзецям, але і дарослым, якія ў грамадстве лічацца “вечнымі дзецьмі — пацыентам псіхадыспансераў.

(Вольга Прохарава)


Без пальцаў, нырак і ростам з малечу
Тэатр шырыцца, акцёраў кіраўнік шукае сама — спыняе на вуліцы ўпадабаных людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Тыя, у сваю чаргу, прыводзяць сяброў. Вядома, далёка не ўсе з іх потым граюць у тэатры, бо для гэтага патрэбныя здольнасці. Але ніхто не застаецца без справы.

     
Хтосьці добра шые, дапамагае з гарнітурамі, хтосьці гукавой апаратурай займаецца. У “Мімозе не акцёры падбіраюцца да спектакля, а спектакль падганяецца пад магчымасці акцёраў, класіка перайначваецца ў простыя тэксты. Арына Мармылёва пасля аварыі не хадзіла і не казала 15 гадоў. Цяпер яна і ходзіць, і кажа, і нават спявае ў спектаклях.
Андрэй Суднік — не толькі акцёр, але і памагаты Прохаравой. У дзяцінстве яму зрабілі перасадку ныркі, у выніку спыніўся рост — на сямі гадах. У свае сорак ён нараўне з першакласнікамі. Пасля школы Андрэй сядзеў у хаце, мяркуючы, што інваліды менавіта так і жывуць.
“Я заўсёды марыў граць на сцэне і працаваць, — прызнаўся Андрэй, калі патрапіў у тэатр. Зараз ён не толькі грае, але і дапамагае мантаваць відэаролікі спектакляў, рабіць рэкламу, бо седзячы між чатырох сцен, вывучыў шэраг складаных кампутарных праграм. Ён так усім і кажа: “Мары спраўджваюцца!
У Валянціны Бурдук няма пальцаў на руках. Пры гэтым яна дзівосна пластычная і танчыць. Дзяўчына саромелася свайго фізічнага недахопу вельмі доўга, імкнулася хаваць рукі за спіну.
— Я адмыслова стала даваць ёй эцюды менавіта з пластыкай рук, каб яны былі навідавоку ў гледача, — кажа Прохорова. — І Валя ўрэшце перастала саромецца адсутнасці пальцаў, перасягнула праз сваю ўяўную “пачварнасць!
Сёння Валянціна Бурдук у спектаклі "Дыхай са мной" грае цэлых дзве ролі — цыганку і прадстаўніцу сілаў Святла.
— Раней яна была як ваўчаня — агрэсіўная, замкнёная. А зараз пытаю ў яе: дзе тая Валя дзелася? — смяецца Вольга.
З-за невядомага медыкам захворвання Ілля Мітрафанаў у свае 22 гады, як і Андрэй Суднік, ростам з малечу. Вясёлы і пазітыўны, як Карлсан, ён калі не грае, то займаецца музычным абсталяваннем.
У Аляксандра Рэзанцава — лёгкая ступень дзіцячага цэрабральнага паралічу. Ён дрэнна размаўляе, таму нямыя сцэны ў спектаклі выконвае вельмі ўдала.
Невідушчы стаў яе мужам, а спектакль — пакаяннем
Аднойчы дзверы тэатра адчыніў эстрадны спявак і кампазітар Аляксей Крэчат. Вольга не адразу зразумела, што хлопец — сляпы. Сёння ён — яе муж, а іхняй дачцэ ўжо два гады. Аляксей грае Фэба ў “Дыхай са мной — самым вядомым спектаклі “Мімозы пра душу чалавека і барацьбу за яе паміж сіламі Дабра і Зла.
— Гэтая барацьба — нябачная, але менавіта ты адказваеш за абраны табой шлях, — перакананая Прохарава. — Калі чалавек збіваецца з правільнага шляху, яму на дапамогу часта прыходзяць іншыя людзі. Але сам ён не разумее, што збіўся, і адпрэчвае чужую дапамогу. І далёка не кожны выратавальнік дойдзе ў барацьбе да канца.
У аснову сцэнару спектакля легла рэальная гісторыя акцёра трупы, які захварэў на рак. Ён прайшоў курс хіміятэрапіі, і даволі паспяхова, лекары нават жадалі зняць з яго групу інваліднасці. Але раптам чалавек склаў рукі і адмовіўся ад барацьбы за жыццё. У той час Прохорова была занятая асабістымі праблемамі і не звярнула ўвагі на знікненне акцёра. Вестка пра яго смерць яе патрэсла.
— Віна за тое, што магла працягнуць яму руку дапамогі, стымуляваць да жыцця, але не зрабіла гэтага, не давала мне спакою, — узгадвае Вольга.
Ёй жадалася ўсё павярнуць назад. Так нарадзіўся “Дыхай са мной, дзе класічны “Нотр-Дам дэ Пары пераплёўся з рэальным жыццём. У ім задзейнічаны абсалютна ўсе акцёры тэатра.

  (Сцэна са спектаклю “Дыхай са мной)


— Каб не нудзіліся і не паслабляліся, — тлумачыць свой вырак Прохарава. — Для мяне вельмі важна збіраць акцёраў разам, каб яны адчувалі сябе патрэбнымі. Спектакль ішоў ужо шэсць разоў, апошні — напачатку чэрвеня, на сцэне сталічнага Палаца прафсаюзаў.
— Светлыя сілы перамагаюць тады, калі ў чалавека ёсць моцная вера, — распавядае Вольга. 

— Ніхто не можа яе навязаць, веру можна паступова адкрыць у сабе. Царква дапамагае выцягваць людзей з найцяжкіх сітуацый, тых жа наркотыкаў, але чалавек павінен сам гэтага жадаць.
 

“А Фэб сам просіць дапамогі? Ён сам жадае выратаваць сваю душу? — запытвае анёл у спектаклі. Але Фэбу не трэба выратаванне, ён жадае ўлады і грошай, за якія прадае душу. Акцэнт ставіцца на тым, што ў галоўнага героя было ўсё, а яму падалося мала. Сілы Цемры абяцаюць вельмі шмат чалавеку, які згаджаецца на авантуру, але вынік — жаласны.
— Мы не кажам у спектаклях пра Бога, але нясём хрысціянскія каштоўнасці. Ступень шчырасці таго, што ты жадаеш зрабіць у жыцці, нараджаецца ў нарадзе з Богам, — кажа Вольга.
Вакол жывуць людзі, якім патрэбна дапамога, — галоўны пасыл усіх спектакляў “Мімозы. Чалавек мае патрэбу ў духоўным падсілкаванні, а не проста ў схеме “праца — хата — побыт — сям'я.
Псаваць пастаральны малюначак шчаслівай краіны
Тэатр ніхто не спансуе, таму існуе ён на сімвалічную выручку ад квіткоў. Гарнітуры для выступаў Вольга шые сама, купляючы недарагія тканіны і прыдумляючы фасоны. “Мімозу запрашалі на гастролі ў ЗША, але акцёрам не адчынілі візы, плюс не было дзе ўзяць грошы на авіяквіткі. Таму сціпла квітнее “Мімоза пакуль на радзіме, цешачы гледача рэдкімі выступамі. Напрыклад, на фэсце адмысловых тэатраў у Брэсце “Мімозу, на фоне астатніх, палічылі прафесіяналамі.
— Справа ў тым, што ў іншых адмысловых тэатрах акцёраў з групай інваліднасці падаюць гледачу як дзяцей, а не як акцёраў, — тлумачыць Вольга. — А я жадаю, каб глядач забыўся пра інваліднасць артыстаў. Інваліды адчуваюць, калі да іх ставяцца са зніжкай, несур'ёзна. І тады зачыняюцца, вяртаюцца да сваіх комплексаў. Крыўдна, што ў грамадстве блытаюць людзей з не захоўным інтэлектам і тых, у каго ён захоўны, — кажа Вольга. — Убачыўшы інваліда, пачынаюць з ім сюсюкаць, як з малым дзіцем. Перакручаныя рукі-ногі — гэта не адсутнасць інтэлекту!
“Ну, нельга ж так прымушаць нас плакаць! Вы б папярэджвалі, што інваліды граюць, — са слязьмі на вачах кажуць чуллівыя цётачкі Прохаравай пасля спектакляў.
А іншыя, наадварот, мяркуюць, што не трэба папярэджваць гледача, што граюць інваліды, каб людзі не рабілі з-за гэтага зніжку ў ацэнцы акцёрскай гульні. Усё роўна выявы не асабліва рэалістычныя, каб пазнаць, грым на акцёрах, ці не…
Дык ці патрэбна знарок падкрэсліваць адметнасць тэатра “Мімоза ад астатніх? На жаль, у нас чамусьці непрыстойна вылучацца з агульнай масы, быць іншым. І тым больш не варта “пачварнасцямі інвалідаў псаваць пастаральны малюначак краіны пагалоўна здаровых і шчаслівых грамадзян.