Узгадаваць беларускамоўных аднакласнікаў

Мова жыве, калі жывуць яе носьбіты. У мовы ёсць перспектыва, калі яна перадаецца з пакалення ў пакаленне. У гэтым сэнсе беларуская мова жывая, бо засталіся людзі, для якіх яна была сродкам зносін, прышчэпленым бацькамі і землякамі ў родных мясцінах, і вучыліся на ёй.

Ілюстрацыйнае фота. Віктарына знаўцаў беларускай мовы ў школе № 22 Магілёа, sosh22.mogilev.by

Ілюстрацыйнае фота. Віктарына знаўцаў беларускай мовы ў школе № 22 Магілёа, sosh22.mogilev.by

З перадачай з пакалення ў пакаленне цяжэй. Дзеці тых беларускамоўных у большасці выхаваны на рускай мове. З другога боку, новыя беларускамоўныя выхоўваюць дзяцей па-беларуску, і ў мовы з’яўляецца новае пакаленне, яе жыццё працягваецца. У беларускамоўным выхаванні ёсць важная надбудова — школа. Ёй і прысвячаю гэты артыкул, бо, як здаецца, новыя беларускамоўныя ўпускаюць некаторыя шансы і дзейнічаюць без уліку сучаснай спецыфікі.


Што маем цяпер


Цікавы разгляд беларускамоўнага школьніцтва з пачатку XX стагоддзя і да сучаснасці прывёў Вінцук Вячорка ў артыкуле «Як беларусы змагаліся за сваю школу пры ўсіх рэжымах. Да Дня беларускае школы». Ёсць там такі сказ: «… не мы, не бацькі павінны збіраць подпісы паводле невядома адкуль узятай квоты на беларускамоўнае навучанне Калі вам кажуць, што вы павінны знайсці яшчэ восем ці дзесяць сем’яў, якія хочуць вучыць дзяцей па-беларуску, — гэта няпраўда. Па-першае, даць магчымасць вучыць дзіця па-беларуску — абавязак дзяржавы. Па-другое, няма афіцыйна зацверджанага мінімуму вучняў для адкрыцця беларускамоўных класаў».

І многія беларускамоўныя бацькі дзейнічаюць па гэтым прынцыпе. Яны не згаджаюцца на школы, да якіх трэба некуды ехаць, падаюць у суды. Зрэшты, калі бацькі не такія баявыя, то могуць кідацца з агню ў полымя — шукаць тыя самыя 8-10 сем’яў сярод выпадковых суседзяў. І той, і другі спосабы аддаляюць ад мэты — ад выхавання новага беларускамоўнага пакалення.

Першы спосаб — змаганне за прынцып як такі. Раз павінны, раз маем права — то трэба патрабаваць і атрымаць. Калі не даюць, то значыць, гэта варожыя сілы, з імі трэба змагацца. Другі спосаб – крокі насустрач бюракратычнай машыне са стратай уласных інтарэсаў (не прынцыпаў, а непасрэднай мэты).

Нядаўна прэса пісала пра гамельчука, які не здолеў засудзіць чыноўнікаў, якія адмовілі яго дачцэ ў навучанні па-беларуску. Чыноўнікі прапаноўвалі гімназію ў 7 км ад дому, бо не палічылі мэтазгодным стварыць клас для адной вучаніцы. Падобныя гісторыі былі і ў іншых гарадах. Людзям нешта прапаноўвалі, але далекавата. Чаму ж чыноўнікі так робяць, ці яны наўмысна перашкаджаюць беларускаму выхаванню дзяцей?

Калі думаў пра гэта, трапілася на вочы гісторыя, як у адным аграгарадку школьнікам даводзілася ў школьных класах ствараць асвятленне ліхтарыкамі.

«Вучням музычнай школы ў аграгарадку Падлабенне даводзіцца вось ужо некалькі месяцаў запар займацца ў памяшканні, дзе няма святла. Выкладчыкі гавораць, што праблему мясцовая ўлада і раённы аддзел культуры паабяцалі вырашыць літаральна днямі, але пакуль дзеці на заняткі прыходзяць з ліхтарыкамі. ... У Падлабенні жыве каля 700 чалавек. Агульнаадукацыйнай школы тут няма: дзеці на вучобу ездзяць у суседні аграгарадок Рацічы і ў Гродна».
А яшчэ пасля размяшчэння фатаграфій з ліхтарыкамі строга пагутарылі з настаўніцай і ледзь не звольнілі яе. Чытачы былі абураны! Дажыліся, каб ліхтарыкамі ў класах свяціць, сваімі персанальнымі, куды падаткі ідуць? На гэта і быў акцэнт нават у тых, хто абураўся паводзінамі чыноўнікаў у Гомелі. У выпадку Падлабення як нешта належнае ўспрынялі, што дзецям падаткаплацельшчыкаў трэба некуды ехаць. Пры чым да Рацічаў — 9,5 км, а да Гродна — 12 км. У гэтым выпадку ніхто не апеляваў да права грамадзян і абавязку дзяржавы. Так сказаць, «вы ж разумееце».

Шлях з Падлабення ў Рацічы

Шлях з Падлабення ў Рацічы



Архіпелаг Беларусь у моры Рэспублікі Беларусь

Некалі Валянцін Акудовіч параўнаў беларускамоўных (ці нацыянальна свядомых) з архіпелагам, бо яны разрозненыя, распыленыя, аддаленыя адзін ад аднаго. Архіпелаг Беларусь. Калі дзяржава вымагае ад школьнікаў Падлабення ехаць за 9,5 ці 12 км вучыцца, бо таму, што гэта малы аграгарадок, а ездзіць туды настаўнікам самім не выпадае. Лагістыка, кіраванне рэсурсамі без нацыянальна-моўных аспектаў. На нашым архіпелагу беларускія астраўкі таксама малалікія. Калі ўлады размяркоўваюць рэсурсы сярод «астраўлян», то зыходзяць з той жа логікі, як і ў выпадку Падлабення.

Падаткаплацельшчыкі маюць права на гарантаваныя ім даброты. Аднак слушна і тое, што бюджэтныя даброты размяркоўваюцца па мностве іх карыстальнікаў дзеля аптымізацыі выдаткаў. Ідэальна, каб на аднаго вучня прыпадаў адзін настаўнік, але за такую раскошу грамадзяне дорага б заплацілі. Таму ў класах бывае па 20-30 вучняў (болей ужо педагагічна немэтазгодна).

Логіка чыноўнікаў — прагматычна-эканамічная. Яны мераюць беларускамоўнае школьніцтва тымі ж меркамі, што і рускамоўнае. Так, гэта абыякавасць, але ўсё ж не мэтанакіраваны ўціск. Беларуская мова — гэта мова пад пагрозай, і ёй трэба прэферэнцыі, пазітыўная дыскрымінацыя. Але гэта іншая пастаноўка пытання. Перад чыноўнікамі так яго не ставілі.

Пазітыўная дыскрымінацыя заключалася б у тым, каб у сістэме адукацыі знізілі планку для беларускамоўнага класа або скасавалі яе. Імаверна, гэта пытанне трэба падымаць асобна. Пакуль жа дзяржаўныя людзі могуць увогуле не разумець, у чым сутнасць прэтэнзій.

Так, Беларусь была створана, каб абараняць беларускія нацыянальныя каштоўнасці. Але між «як было» і «як мае быць» з аднаго боку і «як ёсць» вялікая прорва. Дзяржава ў тэорыі мусіць абараняць яе неад’емныя і першапачатковыя каштоўнасці. На практыцы, на бягучы момант, Рэспубліка Беларусь у асобе яе ўлады паводзіць сябе як карпарацыя, якая імкнецца захаваць сябе і шукае сродкі для самазабеспячэння. На задні план адыходзіць і мова, і архітэктура, і вясковыя дамы, і рака Прыпяць і радыяцыйная бяспека, і многае іншае. Тузаць дзяржаву, каб яна вярталася да святынь, трэба, але варта разумець, што яна прасякнецца ім не хутка.


Колькасць і якасць


Але пытанне не закрываецца толькі зніжэннем ці скасаваннем планкі. Кадравыя рэсурсы таксама абмежаваныя. Беларускамоўных настаўнікаў — абмежаваная колькасць, як і рускамоўных. А ці высвятляў хто, якая іх прапорцыя да адпаведных вучняў? Апелюючы да нашага права і да абавязку дзяржавы, мы можам забываць і пра фізічную магчымасць. Або давядзецца ехаць настаўніку з суседняй школы, або трэба выхоўваць новых, або перавучваць на беларускую мову наяўных. Настаўнікі — непапулярная прафесія, па размеркаванні надоўга не затрымліваюцца.

Калі ставіць пытанне пра прэферэнцыі на дзяржаўным узроўні, ствараць спрыяльныя ўмовы і заробкі, спрыяльны конкурс у ВНУ, то вынік будзе атрыманы праз некалькі гадоў. Гэта трэба браць у разлік. Як і тое, што кадры, прыцягнутыя па размеркаванні, нестабільныя. Калі у экспрэс-рэжыме «беларусізаваць» наяўных рускамоўных настаўнікаў, то тут таксама мусіць быць задзейнічана праграма дзеянняў. Яе трэба распрацаваць. І яна не запрацуе адразу ж.

Іншы падводны камень — якасць. З прэферэнцыямі можна здабыць новых настаўнікаў, аднак якім будзе навучанне ад чалавека, які карыстаецца беларускай у абмежаваным аб’ёме (ці нават у рамках свайго прадмета)? Задаволіўшы права і спагнаўшы абавязак, можна згубіць і якасць. Калі ж вы ведаеце, што ёсць настаўніцкі калектыў з досведам і лаяльнасцю да беларускамоўных, то перспектывы для іх выхавання лепшыя.

Нашым чыноўнікам уласціва выдаваць фармальнае за рэальнае. Чыноўнікі — гэта кадравыя рэсурсы, сярод якіх таксама мала лаяльных або цямных што да беларушчыны, і гэтыя рэсурсы кіруюць рэсурсамі ў выглядзе педагогаў. Такія вось два ўзроўні. Вырашылі праблему на ніжнім, яна застаецца на верхнім. У перспектыве змены мусяць быць праведзены і на верхнім узроўні — увядзенне ў курс пра сутнасць прэферэнцый для беларускамоўных.

А пакуль адказныя за размеркаванне рэсурсаў будуць ранейшымі, ёсць рызыка фармалізатарства, і тут трэба асцерагацца масоўкі. Для дасягнення фармальных паказчыкаў раптам акажацца, што ахвотныя беларускамоўныя знайшліся, аж 20 чалавек. Толькі акажуцца гэтыя 20 чалавек дзецьмі звычайных рускамоўных, якім беларуская мова не вельмі і трэба і якім сказалі, што яна і так будзе для птушкі. І разам з гэтымі 20 будзе вучыцца той адзін ад беларускамоўных бацькоў. Але выкладанне можа быць рускамоўным ці на чвэрць беларускамоўным, бо чыноўніку лягчэй забяспечыць папяровых настаўнікаў, чым шукаць ці выхоўваць рэальных. А запярэчыць будзе цяжка, бо астатніх 20 вучняў і іх бацькоў усё задавальняе.
Прэцэдэнты былі. (Напрыклад, славуты фізкультурнік, пра якога казаў Г. Лойка. Або ўзгадайма начныя чэргі ля 23 гімназіі, калі беларускамоўныя бацькі імкнуліся забяспечыць навучанне для сваіх дзяцей).

У гэтым сэнсе бацькі самі могуць пайсці ў пастку, збіраючы подпісы па суседзях за беларускамоўнае навучанне. Суседзі могуць і згадзіцца, але без сапраўднай матывацыі. А потым паўторыцца рускамоўны фізкультурнік і 20 рускамоўных аднакласнікаў.

Ці сею я песімізм? Не, хачу паказаць, якія дзейнічаюць прынцыпы. Чыноўнікі і настаўнікі — гэта зрэз грамадства, пераважна русіфікаванага. Размеркаванне чыноўнікаў, а за імі — настаўнікаў, якіх размяркоўваюць чыноўнікі, характарызуецца неразуменнем патрэб беларускамоўных. (І, скажам шчыра, не разумець беларускамоўных не так і цяжка, улічваючы нашы вельмі разрозненыя патрэбы, упадабанні, ступень занурэння ў беларушчыну і інтэнсіўнасць жыцця ў ёй розных беларускамоўных.) Самае простае для ўлад на сёння — размяркоўваць гэтаксама, як і для рускамоўных. Калі дапамагаюць — то як могуць. Калі беларускамоўным важна выхаванне новага пакалення тут і зараз, трэба дзейнічаць з улікам бягучых рэалій.


Вяртанне ў кантэкст


Для выхавання пакалення носьбітаў важнае і выхаванне ў сям’і, і навучанне ў школе, але… Але засвоіўшы ад папярэднікаў гэтыя пастулаты, нацыянальна свядомыя карыстаюцца імі ў адрыве ад кантэксту. Мова сям’і — пачатак, зародак выхавання. Мова школы — працяг выхавання. Аднак выходзячы далей за сям’ю, носьбіт мовы трапляў у моўнае асяроддзе — сваякі, суседзі. Вучачыся ў школе, чалавек не проста спасцігаў навуку, але жыў у асяроддзі. Школа ператварае простае асяроддзе ў грамадства, калі гэта асяроддзе ёсць. Акрамя таго, настаўнікі тады былі часткай асяроддзя, больш чым службовай шрубкай.

На пачатку 20 ст. пад «першымі немцамі» першыя беларускія школы тварыліся знутры асяроддзя, настаўнікі былі з яго гушчы. Беларусы не пісалі заяў да немцаў з просьбай стварыць клас, вылучыць настаўнікаў. Усе настаўнікі былі з іх кола і ў іх распараджэнні. У Заходняй Беларусі, калі прыціскалася беларуская асвета, было гэтаксама. Беларусы былі самі сабе асяроддзем, настаўнікі выходзілі з гэтага ж асяроддзя і мацавалі яго ж. Настаўнікі былі сваімі людзьмі і нават суседзямі. Мяркую, калі б у тыя часы нехта захацеў вучыцца ў беларускамоўнай школе, а яна была б за 7 км, то наўрад ці ён бы стаў судзіцца.

Раней у школы хадзілі і на большыя адлегласці. Жыхары вёскі маёй бабулі хадзілі праз лес да суседняй вёскі. Тыбетцы, чыя радзіма акупавана Кітаем, ж ходзяць у свае школы праз горныя перавалы.


Асяроддзе школы і школа асяроддзя


У артыкуле В. Вячоркі ёсць дзіўны пераход. Вось беларусы рабілі сабе школы, самаарганізоўваліся, прайшоў час, русіфікацыя, і пасля гэтага ім ужо трэба не самаарганізоўвацца для навучання, а патрабаваць яго ад дзяржавы (прычым, спачатку — ад СССР). Што змянілася, раз мы павінны ставіцца да дзяржавы так, нібы ў яе сховах ёсць шмат беларускамоўных школ і настаўнікаў і яна іх сквапна адмаўляецца выдаць?

Падказка — у фразе «Хочаце беларускамоўныя школы — едзьце ў вёскі». Русіфікацыя русіфікацыяй, але гэта не татальная смерць. Беларускамоўныя школы ў БССР былі, людзі ў іх вучыліся, яны і былі беларускамоўныя. Носьбіты. Русіфікацыя пачыналася з гарадоў, адпаведна, беларускамоўныя школы засталіся ў вёсках. Яны і цяпер ёсць і перыядычна знікаюць. І тады мы бачым у газетах сумны артыкул пра зніклую школу, чамусьці не здзіўляючыся таму, што яны ўвогуле былі. Чаму ж мы не засяроджваемся тым, што жывое і не імкнёмся захаваць найперш жывое?

Другая акалічнасць — беларусізацыя ў першыя гады Закона аб мове, калі беларуская была адзінай дзяржаўнай. Тады і кадры рыхтаваліся, і школы імі забяспечваліся. Аднак беларуская мова стала неадзінай праз 5 год, і з таго часу мінулі неспрыяльныя 23 гады. Чуючы пазіцыю «дайце, бо ў вас ёсць», задумваюся, ці не застыў нехта ў мінулым часе?

Беларуская мова не прарасла ў вялікія гарады, не стала сродкам зносін хоць адной вулачкі. Паказальная гісторыя пра гэта: «За што Караткевіч не любіў Менск» (С. Абламейка). Згадка вёсак — не столькі імкненне прынізіць мову, колькі ўказанне на фактычны стан. Бюракратам неўласціва разбірацца ў гісторыі, думаць пра змену статусу-кво, нешта мяняць. У вёсках гэта была і мова зносін, і мова навучання. Тыя, хто хацеў і хоча беларускамоўнага навучання ў сябе ў горадзе, грунтуецца на нацыянальным пачатку, які вынікае з дзяржаўнага (нават у несуверэннай форме БССР), але, у адрозненне ад папярэднікаў на пачатку 20 ст., пачалі ўсведамляць мову ў адрыве ад супольнасці жывых людзей. А такая супольнасць заставалася ў вёсках.

Гэта погляд, у якім мова — гэта даброты ці рэсурсы, якія выдае бюракратычны апарат па патрабаванні, бо так вінен. Пры такім падыходзе яна не выжывае і ў тым пакаленні, якому яе перадалі. Дзеці задаюць пытанні, размаўляюць з навакольнымі, бачаць розніцу між тым, як руская мова звязвае людское асяроддзе і якой індывідуалісцкай застаецца беларуская. Бацькам было няважна знайсці аднадумцаў-аднамоўцаў, бацькі не ездзілі самі і не вазілі дзяцей ў беларускамоўныя асяродкі, бацькі напяваюць рускамоўныя песні і чытаюць рускамоўныя кнігі. А ў некаторых аднакласнікаў бацькі ўвогуле рускамоўныя (маўляў, хай дзяржава дзяцей зробіць беларусамі, яна павінна). А беларускамоўныя настаўнікі пасля ўрокаў пераключаюцца на рускую — як і ўсе.

Індывідуалізм супраць калектывізму. Чалавек — сацыяльная істота, і, атрымліваючы, адказы на свае пытанні, дзеці, навучаныя ў такіх, знешне беларускамоўных умовах, рэдка застаюцца беларускамоўнымі. У іх не было аднамоўцаў не тое, што ў двары, але і на лесвічнай пляцоўцы. У іх не было беларускамоўных сяброў у школе (а, калі чыноўнік зрабіў «ліпавы» клас, то і сярод аднакласнікаў). У іх няма вясёлага суседа або пляткаркі-бабулі, або мудрага старэйшага сябра, або цётачкі са смачнымі цукеркамі — калі не лічыць рускамоўных.

Вясковыя беларускамоўныя, якія маюць і асяроддзе, і школу, таксама асімілююцца. Толькі ў справе жыцця мовы і прывязкі да моўных каранёў яны нясуць у сабе той першавобраз неасіміляванай беларускай грамады. Іх досвед важны. Досвед асяроддзя і школы, які рабіў іх беларускамоўнай грамадой — пазітыўны, досвед асіміляцыі у новым, рускамоўным соцыуме — негатыўны.


Сімбіёз самаарганізацыі і знешняй падтрымкі


Што гэта значыць для тых, хто хоча выхаваць беларускамоўнае пакаленне — няўжо не патрабаваць належнага ў дзяржавы? Не зусім. Па-першае, арыентацыя на ўзаемнае згуртаванне ўсіх беларускамоўных удзельнікаў працэсу — бацькоў, вучняў, настаўнікаў — нашмат важнейшая за мімалётны індывідуальны выйгрыш і пешую даступнасць. То-бок, беларускамоўныя могуць і мусяць ашчаслівіць адно аднаго, не чакаючы гэтага ад дзяржавы. Кантакт з беларускамоўнымі сябрамі і беларускамоўнымі настаўнікамі-ветэранамі важнейшае за сядзенне сам-насам з нематываванай настаўніцай у пешай даступнасці. З сям’і мусіць пачынацца выхаванне ў асяроддзі, а школа мусіць служыць цэментаванню асяроддзя. Па-другое, стаўшы такім асяроддзем, трэба выступаць перад дзяржавай як адзіны суб’ект. Па-трэцяе, трэба ўлічваць слабасці і абмежаванні ўлад, каб дзейнічаць аптымальна і аператыўна для дасягнення мэт і каб ведаць, якія змены трэба прасоўваць. Дзяржаўная ўлада — зрэз русіфікаванага ў большасці грамадства.

Злучыцца ўсім разам у адным горадзе, мо, і не ўдасца. Але з’яднацца хаця у некалькі «кланаў» — гэта файна. Не кожны востраў архіпелага можа быць злучаны ў сетку, але масты робяць з іх хаця б некалькі зручных груп.

Масты і тунэлі на Аландскіх астравах

Масты і тунэлі на Аландскіх астравах


Па сутнасці, беларускамоўныя — меншасць. Спробы разглядаць моўную сітуацыю з гледзішча таго, што беларуская мова — мінарытарная, былі раней, у нулявых. У гэтым сэнсе важная самаарганізацыя зацікаўленых і выступленне кансалідаванай грамадой, якая б была інстытуцыялізаванай выразніцай інтарэсаў беларускамоўных, прадухіляла б разнабой сваіх людзей і фіктыўныя захады ўлад.

Лёгка сказаць, скажуць, некаторыя, паездзі і павазі сам дзяцей. Я разумею цяжкасці. Ёсць перашкода, а ёсць выгада. Перашкода — доўгі праезд. Выгада — беларускамоўныя аднакласнікі. А ў выпадку пешай даступнасці дзіця з вялікай імавернасцю пакіне мову, як стане дарослым. Аднак чаму б не папрасіць ва ўлад транспарт? Якраз у вёсках Беларусі школьнікаў і давозяць на аўтобусах. А некалі СМІ абляцела гісторыя пра японскую школьніцу, дзеля якой працаваў цягнік, каб вазіць у школу (папраўдзе, аказалася, што станцыю закрылі, але яна па патрабаванні яго «лавіла» і ехала ў школу разам з 10 іншымі вучнямі).

Японская школьніца і цягнік

Японская школьніца і цягнік


Архіпелаг Беларусь вымагае асаблівай лагістыкі. То чаму б не пагутарыць з уладамі іх жа лагістычнымі паняццямі? Яны атрымліваюць падаткі і пры гэтым і ўзважваюць рашэнні. Падвоз беларускамоўных да іх школ — лагічная рэч, а кіроўцы і транспарт — не такія ўнікальныя, як беларускамоўныя педагогі. А пакуль ідуць перамовы, можна кааперавацца з іншымі бацькамі альбо прыязнымі людзьмі, каб яны падвозілі дзяцей у школу. Мы ж грамада.

Беларускі школьны аўтобус

Беларускі школьны аўтобус



Запаведныя месцы беларушчыны

А ўявіце, што ў пешай даступнасці не толькі беларускамоўная школа, але і беларускамоўныя сябры і тыя ж настаўнікі? Некалі так і было, калі грамада была грамадой. І настаўнікі былі не прысланыя з космасу беларускамоўныя-па-працы, а свае суседзі. Гэта таксама можна паўтарыць нават у цяперашнім Мінску і спраўдзіць мары Караткевіча. Калі жыць побач са сваімі, усведамляць сябе соцыумам нават у межах адной вуліцы, тады мова прарасце праз мінскі бетон.

Гэтак адбываецца і ў ірландцаў — у новых гэлтахтах. Гэлтахты — гэта запаведныя мясціны нацыянальнай мовы, нібы тыя нашы вёскі са школамі. А новыя гэлтахты — гэта кварталы, у якіх ірландскамоўныя згуртаваліся для сумеснага жыцця вакол існых школ і садкоў.

«13 студзеня 2009 года тэлеканал Nuacht TG4 паведаміў, што ў прыгарадзе Дубліна Балімане плануецца пабудаваць 38 дамоў для людзей, якія жадаюць жыць у ірландскамоўнай супольнасці ў горадзе. Гэты праект быў заснаваны на значнай лакальнай падтрымцы ірландскай мовы, таму што менавіта ў гэтым раёне ёсць чатыры ірландскамоўныя школы і адзін дзіцячы садок, а таксама крама, дзе абслугоўваюць па-ірландску».

«Існуе раён у Белфасце, вядомы як квартал-гэлтахт (An Cheathrú Ghaeltachta), дзе ірландская мова актыўна развіваецца. Так, у гэтым раёне існуюць ірландскамоўныя пачатковыя і сярэднія школы, дзіцячыя садкі, ірландскамоўны рэстаран і культурны цэнтр».

Зможам і мы. Нашы дзеці заслужылі жыць, дзе вучацца, і вучыцца, дзе жывуць. Разам. Новае беларускае пакаленне таго вартае.

Пачаць можна з малога — знайсці іншых бацькоў у Viber-канале «Дзеткі-кветкі» або ў аднайменнай суполцы на Facebook, выбраць прыдатныя школы і дзіцячыя садкі на сайце www.svaje.by.

Узгадаваць беларускамоўных аднакласнікаў. У гэтым сапраўды вялікі сэнс. Беларусы пачатку 20 ст., якія жылі і вучыліся разам, пазней сталі значнымі прадаўжальнікамі беларускай справы, якія цанілі сваё братэрства і згадвалі адно аднаго ва ўспамінах. У нашых сілах прычыніцца да такой братэрскай супольнасці, звязанай найлепшымі гадамі маладосці.

Першы выпуск Радашковіцкай беларускай гімназіі (1923/24 н.г.)

Першы выпуск Радашковіцкай беларускай гімназіі (1923/24 н.г.)