Настаўніцу музыкі, якая вучыла дзяцей пры ліхтарыках, вярнулі на працу
Настаўніцу Алену з музычнай школы ў вёсцы Падлабенне на Гродзеншчыне, якая праводзіла заняткі ў клясе без святла, пасля розгаласу ў СМІ пакінулі на працы, перадае Радыё Свабода.
Фота, дзе дзеці займаюцца нотным пісьмом пры ліхтарыках, трапілі ў сеціва 13 лістапада.
Праз дзень стала вядома, што настаўніцу Алену, якая рабіла здымкі, выклікалі ў райвыканкам. У той жа дзень яна напісала заяву аб звальненні. Дзень 15 лістапада мусіў стаць ейным апошнім працоўным днём у школе.
Як сама настаўніца раней казала Свабодзе, кіраўніцтва школы дало ёй падпісаць бланк на звальненне паводле пагаднення бакоў.
Аднак у аддзеле культуры Гродзенскага райвыканкаму журналістам Tut.by паведамілі, што настаўніцу звальняць ніхто не збіраецца, маўляў, з ёй толькі правялі гутарку.
Ужо 16 лістапада Алена паведаміла Свабодзе, што зноў знаходзіцца на працы.
«Тут электрыкі, праводзяць святло. Я не магу шмат гаварыць. Зараз пад’едзе тэлевізія, будзе здымаць гэты кабінет (дзе займаліся без святла. — РС)», — сказала настаўніца.
Паводле яе, увечары 15 лістапада у школу прыехаў прадстаўнік аддзела культуры Гродзенскага райвыканкаму і сказаў, каб заўтра яна выходзіла на працу.
«Сёння званілі з упраўленьня культуры аблвыканкаму. Сказалі: „Заяве (на звальненне. — РС) ходу не дамо“», — працягвае жанчына.
Алена кажа, што не бачыла, каб ейную заяву знішчылі, але і загад аб звальненні не падпісвала. Паводле вуснай дамоўленасці, выйшла на працу, як і раней, з той жа занятасцю.
«Мне бы хоць да канца навучальнага года дапрацаваць. Бо пасярод года знайсці працу нерэальна», — прызнаецца яна.
Паводле Радыё Свабода