У Мінску стане больш беларускамоўных праваслаўных службаў

Пра гэта паведаміла ў Facebook актывістка пашырэння беларускай мовы ў цэрквах нашай краіны Наталля Гарковіч па выніках сустрэчы з мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Паўлам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі.

church.by

church.by

«Мітрапаліт цалкам прыязна і з паразуменнем паставіўся да праблемы, падкрэсліў, што калі людзі хочуць маліцца па-беларуску, нельга ім адмаўляць, можна служыць хоць кожную нядзелю. Дзякуй яму вялікі», — адзначыла верніца.


У прыватнасці, з 16 снежня а 09:00 аднаўляюцца беларускамоўныя богаслужбы ў царкве ў мікрараёне Сухарава на вуліцы Янкоўскага, 2.
Таксама 7 студзеня а 09:00 святочная Калядная Літургія будзе служыцца ў цэнтры Мінска – у Духоўнай акадэміі.
Як дадала багаслоў Наталля Васілевіч, не выключана, што нядзельныя службы будуць штомесяц і ў іншых, апроч Сухарава, храмах.
Як паведамляў раней «Новы Час», на мінулым тыдні прыхаджане храма Архангела Міхаіла ў Сухараве ініцыявалі збор подпісаў за літургію на беларускай мове. Пры планаванні чарговай літургіі вернікі ў звычайным парадку звярнуліся да адказнага за складанне раскладу багаслужбаў на прыходзе святара, які паведаміў, што літургіі на беларускай мове на свята Раства, як гэта было тры гады запар, не плануецца, а колькасць беларускамоўных літургій скарачаецца: цяпер яны будуць святкавацца толькі адзін раз на тры месяцы. Занепакоеныя такім становішчам, прыхаджане сухараўскага храма ініцыявалі зварот да мітрапаліта Паўла з просьбай знайсці месца для правядзення штомесячнай беларускамоўнай літургіі. 
Ініцыяваў штомесячныя літургіі на беларускай мове ў Сухараве цяпер забаронены ў служэнні іярэй Аляксандр Шрамко.