Праваслаўныя вернікі збіраюць подпісы за літургію на беларускай мове

Ініцыяваў і, як правіла, служыў штомесячную беларускамоўную літургію ў сталічным прыходзе св. Архангела Міхаіла ў Сухараве іярэй Аляксандр Шрамко, забаронены ў служэнні ў кастрычніку за крытыку патрыярха. Цяпер беларускамоўныя службы на прыходзе будуць праходзіць раз на тры месяцы.

Храм св. Архангела Михаила, фота sobor.by sobor.by

Храм св. Архангела Михаила, фота sobor.by sobor.by

Пры планаванні чарговай літургіі на лістапад, снежань і Раство вернікі ў звычайным парадку звярнуліся да адказнага за складанне раскладу багаслужбаў на прыходзе святара, які паведаміў, што літургіі на беларускай мове на свята Раства, як гэта было тры гады запар, не плануецца, а колькасць беларускамоўных літургій скарачаецца: цяпер яны будуць святкавацца толькі адзін раз на тры месяцы. Занепакоеныя такім становішчам, прыхаджане сухараўскага храма ініцыявалі зварот да мітрапаліта Паўла з просьбай знайсці месца для правядзення штомесячнай беларускамоўнай літургіі.
 

Суполка беларускамоўных пеўчых і прыхаджан Свята-Міхайлаўскага прыхода.
«Трэба адзначыць унікальнасць беларускамоўнай Літургіі на Свята-Міхайлаўскім прыходзе, якая была ў тым, што яна адбывалася ў галоўны богаслужбовы дзень — нядзелю, і на асноўныя святы, якія прыпадаюць на выходны дзень — Пасху і Раство Хрыстова, у той час як у іншых прыходах такія Літургіі святкуюцца ў іншыя дні тыдня, і, часцей за ўсё, з пачаткам а 6-30 раніцы, што ўскладняе ўдзел у ёй для тых, хто вучыцца, працуе ці жыве далёка ад храма. Запатрабаванасць такіх Літургій была даволі высокай, пра што сведчыць наступны факт: у святакаванні звычайных нядзельных Літургій па-беларуску бралі ўдзел як найменей паўсотні вернікаў, і колькасць удзельнікаў пастаянна расла, да ліку пеўчых далучаліся новыя людзі», — адзначаецца ў звароце.
Спраўляў літургію, як правіла, цяпер забаронены ў служэнні іярэй Аляксандар Шрамко. Са жніўня 2018 года яе пачалі служыць і іншыя святары.