«Беларускамоўны» юбілей. Іспанская кроў і беларускае сэрца

21 лістапада ў «Арт Сядзібе» ў рамках праекта «Беларускамоўныя» адбылася юбілейная 10-я сустрэча. Адпаведна і госці былі запрошаны цікавыя – беларускамоўная паэтка з Іспаніі Анхела Эспіноса і кіраўнік Моладзі БНФ Дзяніс Мандзік.

7__3__3_logo.jpg


Паэтка з іспанскай крывёй і беларускім сэрцам прыляцела ў Мінск літаральна на днях. Кожны з госцяў распавёў сваю гісторыю шляху да беларускай мовы.
«Беларускамоўныя» – новы праектад «Арт Сядзібы», які стартаваў зусім нядаўна, у канцы верасня. Штотыдзень на праект прыходзяць па два носьбіты беларускай мовы, каб падзяліцца сваёй гісторыяй пераходу на яе. Свае гісторыі распавядаюць артысты, музыкі, паэты, працоўныя, юрысты, прадавачкі, людзі самых розных прафесіяў.

poster_3_logo.jpg


Анхела Эспіноса Руіс прыляцела на сустрэчу з Варшавы, дзе яна зараз жыве. Хаця, як яна сама жартуе, яна пражывае нідзе, улічваючы яе частыя пералёты з месца на месца. Сеньярыта-пані-спадарыня Анхела – беларуская паэтэса родам з Іспаніі, перакладчыца, даследчыца беларускай літаратуры, ганаровая ўдзельніца Саюза беларускіх пісьменнікаў, магістр кафедры Беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта. Беларускую мову прафесійна вывучае ўжо 5 год, за гэты час выдала некалькі зборнікаў вершаў на беларускай мове, а ў Іспаніі выйшаў яе зборнік перакладаў на іспанскую мову вершаў Максіма Багдановіча. А ўвогуле – піша вершы з шасці гадоў, на іспанскай, вядома. Апроч таго, на французскай і ангельскай мовах, нават спрабуе па-ўкраінску. Усяго ж ведае з дзясятак моў. Беларускую мову лічыць вельмі мілагучнай і добрай для напісання вершаў. Пісаць на ёй для Анхелы выходзіць вельмі натуральна. На сёння яна адназначна – найбольш вядомая замежніца, якая піша і размаўляе па-беларуску.

4__5__2_logo.jpg


Другі госць сустрэчы Дзяніс Мандзік – кіраўнік Моладзі БНФ. Родам з Барысава, навучаўся ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, але ў мінулым годзе быў адлічаны (як, на жаль, і многія з маладзёвых грамадскіх актывістаў, звязаных з апазіцыйным рухам). Зараз вывучае міжнародную эканоміку ў Нацыянальным авіяцыйным універсітэце Украіны. Свой шлях да палітыкі пачаў з беларускай музыкі і цікавасці да нацыянальнай культуры. Пошукі аднадумцаў і прывялі яго ў 2015 годзе ў «Моладзь БНФ».
Госці распавялі гісторыю свайго шляху да беларускай мовы, казусныя, смешныя, а часам і зусім невясёлыя гісторыі, звязаныя з беларускамоўным жыццём. А пачалася сустрэча з інтрыгі. Справа ў тым, што Дзяніс паабяцаў дзяўчыне Кацярыне, што калі тая пяройдзе за месяц на беларускую мову, да якой ён жа яе і натхніў, пафарбаваць валасы ў сіні колер.

Тая самая Кацярына

Тая самая Кацярына

 Падобна, усё да таго ідзе, і засталося чакаць вельмі нядоўга. Таму цалкам верагодна, што хутка мы пабачым Дзяніса ў новым іміджы. Але і гэта яшчэ не ўсё: неўзабаве Мандзік паабяцаў выпусціць свой першы музычны трэк. Можа і колер валасоў будзе цалкам дарэчы. Зрэшты, любімыя музычныя накірункі хлопца – гранж, пост панк, хаця зараз усё большую перавагу аддае R&B. А першы рок-бэнд Дзяніс з сябрамі сабраў яшчэ ў 14 год.

Магчыма, гэтай фарбай для валасоў хутка давядзецца скарыстацца Дзянісу

Магчыма, гэтай фарбай для валасоў хутка давядзецца скарыстацца Дзянісу

Здзівіла і Анхела. Зараз яна працягвае вучобу на філфаку Універсітэта Камплутэнсе ў Мадрыдзе. І піша дысертацыю не пра што-небудзь, а пра прозу аднаго з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры – Яна Баршчэўскага. Анхела распавяла пра свой шлях да беларускай мовы. Пагадзіцеся – іспанка (па маці і бацьку), якая размаўляе ды яшчэ і піша па-беларуску – гэта чароўна! Так і хочацца спытаць у беларусаў, што цураюцца роднай мовы: «А вам слабо?».

Анхела Эспіноса на святкаванні Дня Волі ў Варшаве, 2016 год. Фота Belsat.eu

Анхела Эспіноса на святкаванні Дня Волі ў Варшаве, 2016 год. Фота Belsat.eu

Анхела пачала прафесійна вывучаць беларускую мову цалкам з нуля 5 год таму. Падобна, што нават нечакана для сабе. Была стыпендыя ад ЗША, а з Іспаніі была толькі яна адна. Хаця моладзь сабралася з розных краін, у тым ліку з краін былога Саюзу, з Балгарыі. Гучала шмат славянскіх моваў, і Анхела на той момант яшчэ нават не разумела, дзе пачынаецца адна, а дзе іншая. Так яна паступіла на Славянскую філалогію ў Гранадскім універсітэце. Потым, у 2011 годзе, была перамога на журналісцкім конкурсе, дзе яна стала лаўрэатам прэміі «Беларусь у фокусе». Ужо на першым курсе апынулася ў беларускамоўным асяроддзі. І пакрысе беларуская мова ёй усё больш пачала падабацца. Тады яна і задумалася: калі так гэтая мова падабаецца, то трэба яе вывучаць. Дзяўчына пампавала кнігі на беларускай мове, дапаможнікі, усё што можна, хоць у той час іх было даволі складана адшукаць. Яна чытала нашаніўцаў – Купалу, Коласа, Багдановіча… Напачатку машынальна, паступова пачынала нешта трохі разумець. Каб паставіць вымаўленне – трэніравалася перад люстэркам, запісвалася, праслухоўвала сябе. А потым і першыя вершы паспрабавала пісаць на беларускай. Хутка яе заўважылі. Напачатку – Радыё Свабода. Іспанка, на застаўках у якой беларуская тэматыка, піша па-беларуску…

3__4__3_logo.jpg


Хаця, як прызналася Анхела, напачатку яе бацькі былі выразна супраць каб іх дачка вывучала славянскую філалогію. Неперспектыўна, невыгодна. З большай прыемнасцю яны бы пабачылі сваю дачку на юрыспрудэнцыі, адвакатуры. Але з часам іх адносіны да выбару Анхелы цалкам змяніліся. Яны бачаць яе поспехі на гэтай глебе, разумеюць, што, як гэта не дзіўна, але беларуская мова ў сваёй жа краіне – мова меншасцяў. Хаця і разумеюць, што пры ўсім пры гэтым іх дачка не будзе мець лёгкага жыцця, ды й і не мае.

1__6__1_logo.jpg


Вельмі цешыць, што ведаючы з тузін моў (іспанская, італьянская, англійская, нямецкая, французская, эсперанта, японская, трохі балгарскай, беларуская, польская, руская, украінская), Анхела абрала менавіта беларускую. Што да рускай, то яна ёй не вельмі да спадобы з-за сваёй нелагічнай пабудовы і «о-канняў» (чуем «малако» – пішам «молоко»), што яна знаходзіць нават трохі смешным. На пытанне, што варта зрабіць, каб беларуская мова на Беларусі ўрэшце запанавала, яна адказвае, што мова павінна ісці яшчэ і зверху. На ёй павінны загаварыць чыноўнікі. Больш таго, проста неабходна прыняць законы, каб чыноўнік, які абслугоўвае людзей, не мог заняць сваёй пасады, пакуль не здасць іспыт на добрае валоданне мовай. Мова павінна быць патрэбнай для жыцця, для працы – тады яе і вучыць пачнуць, а там і размаўляць. Больш таго, як лічыць Анхела, мова не павінна быць толькі для культурных эліт, павінна быць і трэшавая культура на беларускай мове – няхай нават сабе і порна на беларускай мове. Павінна быць і нізкавартасная папса на беларускай мове, можа і простая, як «О, Боже, какой мужчина». Так мова толькі хутчэй дойдзе да народа. Мова не павінна быць выключна элітарнай, для абранага кола. Мова можа быць у залежнасці ад сітуацыі – і класічнай, і грубай, і эратычнай, і мілагучнай. І безумоўна ж, як лічыць Анхела, мова вельмі ўплывае на чалавека: мова будуе светапогляд, светапогляд будуе мову. Адказваючы на пытанне, што з сучаснай паэзіі ёй да спадобы, Анхела прызналася, што гэта творчасць Насты Кудасавай, Уладзіміра Арлова і шэрага іншых.

5__3__5_logo.jpg


Шлях Дзяніса Мандзіка да мовы пачаўся 4 гады таму. Хаця, як ён прызнаўся, яшчэ ў другім ці трэцім класе ён намаляваў на мапе бел-чырвона-белы сцяг і падпісаў «Жыве рок-н-рол». Пры тым, што нават не разумеў у той час – што гэта. І сям’я не была беларускамоўнай. Пазней ён стаў слухаць беларускую музыку – напачатку Вінсэнта, затым іншых. А пазней спадабалася і сама мова. У нечым і «Арт Сядзіба» паўплывала, яе імпрэзы. Іспыты ў школе ён здаваў ужо на беларускай. А потым была вучоба ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, дзе да роднай мовы, па словах Дзяніса, стаўленне, на жаль, вельмі негатыўнае. Так, падчас здачы іспытаў, выкладчык выказаўся Дзянісу, што: «Цябе з тваёй мовай трэба ў войска». Праўда, той іспыт Дзяніс такі здаў, бо падрыхтаваўся добра. Тым не менш, потым па прычынах грамадскай пазіцыі Дзяніса ўсё адно адлічылі з універсітэту – праз БРСМ. Распавёў ён і яшчэ адну дзікую гісторыю, як атрымаў штраф за беларускую мову ў Дзень роднай мовы падчас збору подпісаў за адкрыццё беларускамоўнага ўніверсітэту ў Мінску. У якой яшчэ краіне можна ўявіць такую абсурдную сітуацыю?
А напрыканцы госці агучылі па просьбе вядучай свой Топ-3 беларускіх гуртоў і выканаўцаў. Для Анхелы гэта – Вайцюшкевіч, Вольскі, «Сумарок». Для Дзяніса на трэцім месцы – «Nürnberg», на другім – «Беларуц», а на першым «Таварыш Маўзер».