Далёка не толькі пра мову. У Мінску стартаваў праект «Беларускамоўныя»

Штотыдзень у «Арт Сядзібу» будуць прыходзіць па два носьбіты беларускай мовы, каб падзяліцца сваёй гісторыяй пераходу на яе. І ў фармаце размовы ім будуць задаваць пытанні як вядоўца, так і наведвальнікі. Прычым далёка не ўсе тэмы моўныя. Праект разлічаны на цэлы год. Запланавана ажно сто гасцей — па два чалавекі за сустрэчу.

belaruskamounyja__pavel_aksinovicz____7__logo.jpg

Першымі гасцямі сустрэчы 19 верасня сталі студэнтка гістарычнага факультэта БДУ Марына Дубатоўка і мастак ды музыка Алесь Таболіч. Прычым у кожнага розныя гісторыя і ўмовы прыходу да беларускай мовы: Марына размаўляе толькі год, а Алесь — ужо больш за 20 гадоў. Але ёсць і штосьці агульнае.
«Яшчэ ў дзяцінстве мне было цікава слухаць народныя песні маёй бабулі, — узгадвае Алесь Таболіч. — А ўжо, калі пераехаў у Мінск, я трапіў у эксперыментальны беларускамоўны клас мастацкай гімназіі-каледжа. Са мной вучыўся Алесь Пушкін і Васіль Дранько-Майсюк. Гэта была эпоха адраджэння, пачатак 90-х. Усё кола мастакоў тады было беларускамоўным. Нават кіраўніцтва гімназіі размаўляла тады па-беларуску. І з тых часоў я сам перайшоў на беларускую. Хоць і цяжка было на ёй навучацца. На той жа матэматыцы ці хіміі маглі мазгі ламацца. Але мне тады дапамагалі мае бацькі-мастакі».
«Выпадкова мінулым летам я трапіла ў намётавы летнік і адначасова з тым у беларускамоўнае атачэнне, — распавядае Марына. — Я тады ўпершыню ахінулася ў вялікую канцэнтрацыю беларускамоўных людзей, якія размаўляюць на чыстай прыгожай матчынай мове. Мяне гэта ўразіла і я не думала, што такое можа быць. Я, канешне, ведала, што існуюць беларускамоўныя людзі, але гэта былі настолькі адзінкавыя выпадкі ў маім жыцці. Гэта і натхніла мяне на тое, каб размаўляць па-беларуску».


Пасля сканчэння мерапрыемства пра праект распавёў арганізатар сустрэчаў і кіраўнік «Арт сядзібы» Алесь Снег: «Я не лічу гэта курсамі беларускай мовы. Тут не будуць вучыць людзей размаўляць па-беларуску. Гэтыя сустрэчы павінны быць рухавіком людзей, каб яны самі пачалі пераходзіць на беларускую. Праект паказвае людзей, якія размаўляюць па-беларуску, і такім чынам, мы спадзяемся натхняць нашых наведнікаў».  
Таксама на сустрэчы анансавалі новы праект «Арт Сядзібы» па папулярызацыі беларускай мовы. А ў наступным годзе ў Беларусі адбудзецца перапіс насельніцтва, куды ўключаць некалькі моўных пытанняў. Па словах каардынатара культурніцкай пляцоўкі, ён са сваёй камандай плануе некалькі акцый і канцэртаў у падтрымку беларускамоўнага прадукту і пераходу беларусаў на родную мову.  
У наступны раз сюды завітае музыка Дзяніс Філіпенка разам са сваёй беларускамоўнай дачкой. Сустрэча запланавана на 26 верасня а 19 гадзіне. Уваход вольны.