«Гэта ваш шанец!». Пераможцы «Заспявай» звярнуліся да новых удзельнікаў конкурсу

Naviband, Віталь Варанко, Paulinn, «Хеліос» запісалі відэазвароты з заклікам да маладых выканаўцаў узяць удзел у пятым сезоне «Заспявай». А 20 верасня арганізатары конкурсу на сустрэчы ў «Арт Сядзібе» адкажуць на ўсе пытанні пра конкурс.  

presentation_poster.jpg

«Гэта быў цудоўны пачатак, які натхніў нас на песню, якую мы запісалі з Алегам Хаменкам. Спадзяемся, што ў вас таксама будзе стымул, каб стварыць новую беларускую музыку», – кажуць Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук у сваім звароце да маладых выканаўцаў, якіх запрашаюць паўдзельнічаць у конкурсе «Заспявай-5».
Naviband стаў пераможцам другога сезону з песьняй «Плакалі ветры» на словы Паўлюка Труса. Пасьля музыкаў чакаў посьпех у адборы на «Эўравізію» і безумоўны поспех на мясцовым музычным рынку.


А на самым першым «Заспявай» перамогу атрымаў Віталь Варанко, які зрабіў песняю верш Віталя Рыжкова «Вяртайся». «Не ўпусціце свой шанец і паўдзельнічайце ў гэтым конкурсе!», – заклікае выканаўца. Сам Віталь выправіўся скараць сусвет, паўдзельнічаў у тэлешоў «Брытанія мае талент», а цяпер займаецца новым праектам «Crazy Double», які з дэбютным сінглам засвяціўся сярод іншага ў амерыканскім «Magnetic Magazine».  


Перамога на «Заспявай 3.0» з песняй «Смутак гораду» на верш Ірыны Багдановіч дапамагла зрабіць гурту Paulinn першы сур’ёзны крок ды запісаць дэбютны альбом. «Гэты праект – выдатны трамплін для музыкаў, у якіх ёсць здаровыя амбіцыі і мэты ды моцнае жаданне іх дасягнуць. «Заспявай» – гэта магутны музычны рух, у які варта трапіць тым, хто не бачыць сваю будучыню без музыкі», – зазначыла лідарка праекту Паўліна Цімохіна, якая працягвае развіваць праект і пісаць новыя творы.


Гурт «Хеліос», якія перамаглі ў мінулым «Заспявай» з песняй «Па неадступнасці» на словы Ніны Лістоты, прыгадваюць найперш адукацыйную сесію, якая тады ўпершыню прайшла ў межах конкурсу. «Яна была такая класная! Ад гэтага праекту ў нас засталіся самыя цудоўныя ўспаміны!», – кажуць дзяўчаты. Цяпер яны працуюць над сваім дэбютным альбомам.


У якасці дадатку да грашовага прызу на «Заспявай-4» гурт «Хеліос» атрымаў таксама магчымасць бясплатна зняць кліп разам з рэжысёрам Арцёмам Лобачам. Яго прэзентацыя адбудзецца 21 верасня на TuzinFM. На дзень раней яго ўбачаць тыя, хто прыйдзе на сустрэчу з арганізатарамі «Заспявай», у якой таксама возьмуць удзел уласна Марыя Гаўрыленка і Аліна Казачэнка з «Хеліос», нязменны сябра журы конкурсу Алег Хаменка, прадусар конкурсу Сяргей Будкін і прадстаўнік фонду «Вяртанне» Сяргей Макарэвіч. Адмысловым госцем будзе пераможца літаратурнай прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча ў 2017 годзе, паэт і музыка Міхал Бараноўскі. Арганізатары конкурсу распавядуць пра цікавосткі пятага сезону ды адкажуць на пытанні.
Пра ўмовы пятага сезона конкурсу можна дазнацца тут. 
Паводле прэс-рэліза