Цяпер толькі музыка на вершы сучасных паэтаў: прэзентавалі пяты сезон «Заспявай»

У «Арт Сядзібе» 20 верасня прадставілі новы сезон «Заспявай». Сёлетняя галоўнае адметнасць конкурсу — засталася адна намінацыя. Канкурсантам трэба напісаць песню на словы паэтаў-фіналістаў прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча.

zaspjavaj_5__pavel_aksinovicz____1__logo.jpg

Кіраўнік праекта Сяргей Будкін адзначыў, што «Заспявай» спецыяльна адмовіўся ад іншых намінацый. Яны вярнуліся да вытокаў і хочуць папулярызаваць беларускую музыку і паэзію. А сёлета — менавіта творчасць сучасных маладых паэтаў, якія ўжо заявілі пра сябе.



Сяргей Будкін

Сяргей Будкін

Канкурсантам «Заспявай 5» прапануюць звяртацца не толькі да кніг, з якімі паэты-фіналісты «Дэбюту» траплялі ў кароткі спіс прэміі ці атрымлівалі галоўны прыз, але і творы «дэбютантаў», якія можна знайсці ў інтэрнэце.

Міхал Бараноўскі

Міхал Бараноўскі

На асобныя публікацыі фіналістаў літаратурнай прэміі пададзены прамыя спасылкі. Спіс даволі вялікі, і тут можна знайсці лірыкаў-музыкаў: Віталь Рыжкоў, Уладзь Лянкевіч, Мікіта Найдзёнаў, Міхал Бараноўскі, Ангела Эспіноза Руіз ды іншыя. Прычым самі «дэбютанты» для ўдзелу ў конкурсе не могуць прадставіць песню на ўласныя словы і павінны выбраць іншага аўтара.



Удзельнічаць у конкурсе могуць выканаўцы ад 16 да 30 гадоў. Гэта і тычыцца сябраў музычных гуртоў. Па словах арганізатараў, асабліва вітаюцца заявы ад школьнікаў старэйшых класаў і студэнтаў першых курсаў.



Алег Хаменка

Алег Хаменка

Пасля галасавання журы будуць абраныя паўфіналісты, якія трапяць на адукацыйную сесію. Канкурсантаў чакаюць заняткі па аранжыроўцы, маркетынгу і піяру, гісторыі паэзіі і музыцы. Затым пройдзе жывое праслухоўванне, па выніку якога будуць абраныя тры фіналісты конкурсу. А ўжо яны атрымаюць магчымасць запісаць песню ў студыі і выступіць ужывую пры падтрымцы вядомых выканаўцаў.

Пераможца конкурсу атрымае грашовы прыз памерам 1500 рублёў. Падаць заяўку на «Заспявай 5» можна да 21 кастрычніка. Поўны спіс умоваў – http://tuzinfm.by/zaspiavaj/#poets





На прэзентацыі таксама выступіў з некалькі вершамі пераможца прэміі «Дэбют» Міхал Бараноўскі. На заканчэнне мерапрыемства прэзентавалі кліп леташніх пераможцаў «Заспявай» гурта HELIOS, а пасля дуэт сыграў некалькі песень.

Фота Паўла Аксіновіча