Абраная найлепшая паэтычная кніга года
20 верасня, у дзень 115-годдзя Наталлі Арсенневай адбылася цырымонія ўручэння паэтычнай прэміі. Найлепшай паэтычнай кнігай 2017 г. была названая «Перавыбранае».
Паэтычная кніга “Перавыбранае”Алеся Разанава адзначаная журы прэміі найлепшай паводле сумы мастацкіх адкрыццяў у разнастайных наватарскіх жанрах, якія, пашыраючы інтэлектуальныя далягляды беларускай культуры, змянілі і працягваюць мяняць аблічча сучаснай паэзіі.
На перамогу прэтэндавалі наступныя кнігі:
-
Алесь Разанаў. Перавыбранае. Выдавецтва Змітра Коласа, Мінск.
-
Антон Францішак Брыль. Цмачанка. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.
-
Вальжына Морт. Эпідэмія ружаў. Выдавецтва “Логвінаў”, Вільня.
-
Валянціна Аксак. Завінены рай. Выдавецтва “Галіяфы”, Мінск.
-
Вольга Гапеева. Граматыка снегу. Выдавецтва “Галіяфы”, Мінск.
-
Ігар Кулікоў. Валадар загадак. Выдавецтва “Медысонт”, Мінск.
-
Іна Снарская. Вогнепаклонніца. Выдавецтва “Кнігазбор”, Мінск.
-
Міхаіл Рубін. Пераклад з Іншага. “Издательские решения” па ліцэнзіі Ridero.
-
Усевалад Сцебурака. Сны дарог. Выдавецтва “Медысонт”, Мінск.
У склад журы прэміі Арсенневай 2018 увайшлі паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч, літаратуразнаўца і пісьменніца Вольга Іпатава, паэт і выдавец Дзмітрый Строцаў,паэтка і перакладчыца Марыя Мартысевіч ды паэтка Наста Кудасава.
Літаратурная прэмія імя Наталлі Арсенневай ушаноўвае аўтара ці аўтарку найлепшай паэтычнай кнігі на беларускай мове, выдадзенай у папярэднім Прэміі годзе. Арганізатары прэміі — Беларускі ПЭН-цэнтр, ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Узнагарода ўручаецца пры падтрымцы Фонду культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонда Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі.
Прэмія заснаваная ў гонар беларускай паэткі Наталлі Арсенневай (1903—1997) у 2017 г. і ўручаецца за найлепшую паэтычную кнігу на беларускай мове. Першым лаўрэатам прэміі стаў Уладзімір Някляеў за зборнік паэзіі “Толькі вершы”.
Паводле прэс-службы ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"