Стаў вядомы доўгі спіс перакладчыцкай прэміі Шэрмана
Сябры журы перакладчыцкай прэміі імя Карласа Шэрмана вызначылі 12 кніг, якія ўвайшлі ў доўгі спіс у 2018 годзе.
У доўгі спіс прэміі Шэрмана
2018 увайшлі 12 кніг, перакладзеныя з
7 моваў. Нагадваем, што ў поўны спіс уваходзілі 32 кнігі,
перакладзеныя з 15 моваў.
У сёлетні лонг-ліст прэміі Шэрмана ўвайшлі:
· Антон Францішак Брыль з перакладам з лаціны. Гай Валерый Катул “Выбраныя вершы”. Выдавец Зміцер Колас, Мінск.
· Вера Бурлак з перакладам з англійскай мовы. Льюіс Кэрал “Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса”. “Галіяфы”, Мінск.
· Уладзіслава Гурыновіч, Павел Донаў, Алесь Кудраўцаў з перакладам з англійскай мовы. Говард Ф. Лаўкрафт “Кліч Ктулху” (апавяданні). “Янушкевіч”, Мінск.
· Аляксей Знаткевіч з перакладам з англійскай мовы. Кен Кізі“Палёт над гняздом зязюлі”. “Янушкевіч”, Мінск.
· Надзея Кандрусевіч з перакладам з шведскай мовы. Свэн Нурдквіст “Калядная каша”, “Паляванне на ліса”, “Пэтсан сумуе”, “Фіндус з’язджае”. “Кнігазбор”, Мінск.
· Павел Касцюкевіч і Сяргей Шупа з перакладам з іўрыту. Этгар Керэт “Раптам стук у дзверы”. “Логвінаў”, Вільня.
· Ігар Крэбс з перакладам з нямецкай мовы. Г. А. Бюргер, Р. Э. Распэ “Прыгоды барона Мюнхгаўзэна”. “Кнігазбор”, Мінск.
· Уладзь Лянкевіч з перакладам з англійскай мовы. Джэймс М. Бары “Пітэр Пэн”. “Кнігазбор”, Мінск.
· Максім Мудроў з перакладам з албанскай мовы. Ісмаіль Кадарэ “Хроніка ў камені”. “Янушкевіч”, Мінск.
· Васіль Сёмуха з перакладам з латышскай мовы. Аляксандр Чакс “Выбраныя вершы”. Выдавец Зміцер Колас, Мінск.
· Андрэй Хадановіч, Алеся Башарымава, Надзея Кандрусевіч з перакладам з шведскай мовы. Бэргстрэм Гуніла “Суперкніга пра Біла з Болаю”. “Кнігазбор”, Мінск.
· Ганна Янкута (аповесць “Знак чатырох”) і Кацярына Маціеўская (аповесць “Эцюд у пунсовым”) з перакладам з англійскай мовы. Артур Конан Дойл “Знак чатырох”. “Янушкевіч”, Мінск.
Сёлета ў склад журы ўвайшлі: паэтка і перакладчыца Аксана Данільчык, літаратуразнаўца і загадчыца кафедры замежнай літаратуры філалагічнага факультэта БДУ Ганна Бутырчык, перакладчык, паэт і празаік Дзмітрый Плакс, перакладчык і літаратуразнаўца Лявон Баршчэўскі, літаратуразнаўца і перакладчыца Марына Шода.
Сябры журы не маюць права галасаваць за кнігі, рэдактарамі якіх яны былі. У доўгі спіс прэміі таксама не ўключаліся кнігі, у перакладзе якіх прымалі ўдзел сябры журы.
Прэмія за найлепшую мастацкую перакладную кнігу заснаваная ў 2016 г. у гонар выдатнага беларускага літаратурнага перакладчыка Карласа Шэрмана (1934 – 2005) і носіць яго імя. Сузаснавальнікамі прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Міжнародны дабрачынны Фонд "Вяртанне". Пераможца прэміі атрымлівае ад Дабрачыннага фонда “Вяртанне” чэк на суму, эквівалентную 2000 у.а.
У 2016 годзе лаўрэатам прэміі стаў Якуб Лапатка за пераклад з фінскай мовы эпасу «Калевала»; у 2017-м — Андрэй Хадановіч за пераклады з французскай мовы вершаў Шарля Бадлера.
Паводле прэс-службы Беларускага ПЭН-цэнтру