Заявы

Беларуская асацыяцыя журналістаў

Грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў» выказвае рашучы пратэст супраць шакуючага факту прымянення сілы супрацоўнікамі міліцыі ў дачыненні да журналістаў і грамадскіх актывістаў увечары 19 снежня.

Праваахоўнікі жорстка збілі нашых калег, пашкодзілі і аднялі іх прафесійную апаратуру, не зважаючы на актуальныя журналісцкія пасведчанні. Пры гэтым пацярпелі рэпарцёры беларускіх СМІ і афіцыйна акрэдытаваныя ў краіне замежныя журналісты.

Беларуская асацыяцыя журналістаў
Грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў» выказвае рашучы пратэст супраць шакуючага факту прымянення сілы супрацоўнікамі міліцыі ў дачыненні да журналістаў і грамадскіх актывістаў увечары 19 снежня.
Праваахоўнікі жорстка збілі нашых калег, пашкодзілі і аднялі іх прафесійную апаратуру, не зважаючы на актуальныя журналісцкія пасведчанні. Пры гэтым пацярпелі рэпарцёры беларускіх СМІ і афіцыйна акрэдытаваныя ў краіне замежныя журналісты.
Пасля мірнай грамадзянскай акцыі на плошчы Незалежнасці ўвечары 19 снежня міліцыя затрымала шэраг журналістаў, якія асвятлялі ход падзеяў. І зноў супрацоўнікі праваахоўных органаў не зважалі на журналісцкія пасведчанні, груба і беспадстаўна парушаючы прафесійныя правы нашых калег на бесперашкоднае збіранне інфармацыі.
Паводле інфармацыі ГА «БАЖ», як мінімум 20 журналістаў былі затрыманыя, яшчэ столькі ж былі збітыя супрацоўнікамі міліцыі.
Такім брутальным чынам улады краіны ў чарговы раз выказалі сваю абсалютную непавагу да базавых грамадзянскіх і прафесійных правоў.
ГА БАЖ выказвае свой рашучы пратэст супраць формы асвятлення вядучымі дзяржаўнымі электроннымі СМІ мірнай грамадзянскай акцыі, якая адбылася ўвечары ў Мінску 19 снежня. Беларускае грамадства было абсалютна дэзінфармаваным наконт мэтаў гэтага мерапрыемства, колькасці ўдзельнікаў і іх дзеянняў, а таксама жорсткасці, з якой дзейнічалі супрацоўнікі міліцыі падчас разгону мірнай акцыі.
ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» патрабуе неадкладнага расследавання ўсіх выпадкаў гвалту супраць журналістаў і перашкодаў для іх прафесійнай дзейнасці, а таксама прыцягнення ўсіх вінаватых да адказнасці.
Саюз беларускіх пісьменнікаў
Увечары 19 снежня на вуліцы Калектарнай у Мінску быў жорстка збіты вядомы беларускі паэт, сябар Рады Саюза беларускіх пісьменнікаў, кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў.
Пасля тэрміновай шпіталізацыі ён быў затрыманы, і цяперашняе месцазнаходжанне Уладзіміра Някляева застаецца невядомым.
Рада Грамадскага аб’яднання «Саюз беларускіх пісьменнікаў» выказвае занепакоенасць ягоным лёсам і рашуча патрабуе вызвалення Уладзіміра Някляева, выдатнейшага творцы сучаснасці.
Еўрапейскі парламент
Кіраўнікі дэлегацыі Еўрапарламента ў Парламенцкай асамблеі Еўранэст, дэлегацыі Еўрапарламента па адносінах з Беларуссю і Падкамітэта Еўрапарламента па правах чалавека выступілі з сумеснай заявай адносна правядзення прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.
Яны падтрымалі папярэднія высновы наглядальнай місіі БДІПЧ/АБСЕ і рашуча асудзілі прымяненне гвалту ў дачыненні да лідараў апазіцыі, журналістаў, праваабаронцаў і мірных дэманстрантаў.
Прадстаўнікі Еўрапейскага парламента заклікаюць да неадкладнага вызвалення затрыманых, правядзення расследавання ўсіх акалічнасцяў празмернага прымянення сілы з боку міліцыі і спецслужбаў і прыцягнення да адказнасці ўсіх вінаватых у парушэнні правоў чалавека і асноўных свабодаў.
У заяве таксама ёсць заклік да ўладаў Беларусі «прыслухацца да патрабаванняў беларускага грамадства, у тым ліку і да ідэяў апазіцыі, і аднавіць нацыянальную грамадскую дыскусію аб будучыні краіны і паслядоўным плане рэформаў».
«Мы будзем чакаць вынікаў такога ўнутранага палітычнага дыялогу, які мог бы прывесці да ўдзелу нашых партнёраў з Беларусі ў Еўранэст і да пачатку поўнамаштабнага двухбаковага парламенцкага дыялогу»,— падкрэсліваецца ў заяве.
Парламенцкая асамблея Савета Еўропы
Спецдакладчык па Беларусі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Сініка Хурскайнен асудзіла гвалт на вуліцах Мінска пасля прэзідэнцкіх выбараў у нядзелю 19 снежня.
«Я ўстрывожаная паведамленнямі аб тых шматлікіх арыштах, што былі, у тым лідараў апазіцыі, уключна з кандыдатамі ў прэзідэнты, актывістаў і журналістаў, якія былі збітыя міліцыяй», — сказала палітык.
Сініка Хурскайнен была ў Мінску ў складзе місіі па назіранні за выбарамі Парламенцкай асамблеі АБСЕ: «Падчас назірання за выбарамі мне не далі ніякага шанцу глядзець за падлікам галасоў, бюлетэняў».
Дакладчык ПАСЕ па Беларусі настойліва заклікае сілы бяспекі і дэманстрантаў стрымлівацца ад любых далейшых спроб прымянення гвалту. Яна таксама заклікала ўлады Беларусі вызваліць затрыманых людзей.
«Усё асобы павінны мець магчымасць мірна здзяйсняць сваё права на свабоду выказвання меркаванняў і сходаў, у тым ліку, калі крытыкуюць беларускія ўлады і выбарчы працэс. Я шкадую, што гэтыя выбары ўяўляюць сабой страчаную магчымасць для прыцягнення Беларусі да еўрапейскіх каштоўнасцяў і прынцыпаў», — сказала спецдакладчык па Беларусі ПАСЕ.