Абраныя 5 кінастужак, якія складуць першы беларускі кінаальманах пра дзяцінства, якім яно ёсць сёння
Сталенне скрозь булінг, дыджытал-пасткі бацькоўству, антыўтопія сённяшняга дня: якія новыя караткаметражкі здымуць беларускія кінематаграфісты ўжо гэтай вясной.
26 лютага адбыўся пітчынг кінапраектаў-канкурсантаў “Аб’ектыў_на: Правы дзіцяці” — праекта падтрымкі кінематаграфістаў, ініцыяваны Майстэрняй сацыяльнага кіно ў партнёрстве з Амбасадай Каралеўства Нідэрланды і ЮНІСЕФ у Беларусі. Цягам апошніх тыдняў сфармаваліся 10 кінапраектаў, якія прайшлі праз конкурсны адбор сцэнароў і серыю кансультацый з запрошанымі экспертамі праекта: сцэнарыстамі Андрэем Курэйчыкам, Сяргеем Анцалевічам, рэжысёрамі Андрэем Палупанавым, Уладай Сяньковай, Анастасіяй Мірашнічэнкай. Каманды спаборнічалі за магчымасць зняць сваё караткаметражнае кіно, якое ставіць у цэнтр увагі свет дзіцяці альбо падлетка. Усяго пяць кінастужак утвораць кінаальманах, які ўжо ўвосені бягучага года будзе прэзентаваны на вялікіх экранах у 18 гарадах Беларусі.
Адкрываючы пітчынг у Silver Screen velcom cinema, дырэктар Майстэрні сацыяльнага кіно Андрэй Палупанаў, адзначыў, што сама культура пітчынгу, нажаль, пакуль слаба развітая ў беларускай кінаіндустрыі, таму можна спадзявацца, што сустрэча зробіць свой унёсак у гэтым кірунку.
"Калі раней пітчынг праводзіліся толькі ў межах "Лістапада", і пры гэтым, вядома, не ўсе вырашаліся [прыняць удзел], то тут прайсці цэлую школу падрыхтоўкі — гэта вельмі добрая прафесійная магчымасць, — адзначыла Улада Сянькова. - Так, мы вучымся пісаць сцэнары, і паспяхова, аднак прэзентаваць свае ідэі — не менш важна".
Пасля адкрытай прэзентацыі і некалькіх дзён абмеркавання да падтрымкі былі абраныя наступныя праекты:
• «Тихая Та» (аўтары: Віктар Бойка, Вікторыя Драмарэцкая, Крысціна Шандалесава, рэжысёры: Віктар Бойка, Крысціна Шандалесава)
Фільм, прысвечаны праблеме булінгу ў падлеткавым асяроддзі. Крысціна Шандалесава тлумачыла: “Дзеці не жорсткія - яны правяраюць свет на яго межы, у тым ліку межы ўнутранага свету адно аднаго. Калектыўная пастка выстаўляецца нібы сама сабой, весела, і пры тым яны яшчэ не ацэньваюць наступствы сваіх паводзін”.
Гэта гісторыя аб самапавазе, усведамленні сябе як асобы і валявым рашэнні больш ніколі не адчуваць сябе ахвярай.
• «Малиновое варенье» (аўтар: Марыя Майсейчык, рэжысёр: Алена Ясінская)
Сямейная драма-казка, прадстаўленая вачыма дзіцяці. Пяцігадовая дзяўчынка Надзя ўпэўненая, што зможа вярнуць любоў у сям'ю з дапамогай малінавага варэння. Дзеля гэтага яна прадпрымае рашучыя дзеянні... Фільм аб недахопе бацькоўскай увагі, літаральнай “недагледжанасці” дзяцей, праз канкурэнцыю з дэвайсамі, што зацягваюць жывых істот у багны непатрэбнай інфармацыі. Самы эксперыментальны фільм у мастацкім увасабленні заяўленага жанру.
• «Тихона» (аўтар: Дзяніс Пацына)
Сацыяльная драма ад аўтара, які напісаў кінасцэнар упершыню ў жыцці, натхнёны рэальнай гісторыяй сваёй блізкай сяброўкі. Разам з айчымам у жыццё дзяўчынкіпадлетка неўзабаве ўваходзяць і сэксуальныя дамаганні з яго боку. Пераадольваючы адсутнасць падтрымкі ад самага блізкага чалавека, яна вымушаная спыніць злачынствы самастойна.
• «План по детям» (аўтар і рэжысёр: Яніна Рашчынская)
Трагікамедыя з элементамі антыўтопіі аб абсурдным вывараце сістэмы сацыяльнай бяспекі, часта безадносна кропкі на мапе. Маладая інтэлігентная жанчына апынаецца ахвярай свавольства чыноўнікаў, якія адымаюць у яе сына. Абараніўшы правы дзіцяці, яна сутыкаецца з новай, цяпер ужо невырашальнай праблемай.
• «Рыба дней моих» (аўтар: Таццяна Бойка, рэжысёр: Андрэй Крывецкі, Дзмітрый Рачкоўскі)
Яшчэ адна гісторыя пра тэхнічны складнік сямейных стасункаў. Адлегласць, на якую інтэрнет у абліччы усемажлівых дэвайсаў набліжае кантыненты, — роўна тая ж адлегласць, на якую ён аддаляе членаў адной сям’і.
Прэзентацыі ацэньвала экспертнае журы:
• сцэнарыст, драматург, прадзюсар Андрэй Курэйчык;
• кінарэжысёр Улада Сянькова;
• сцэнарыст і драматург Сяргей Анцэлевіч;
• Антон Сідарэнка, кінакрытык;
• прадзюсар, каардынатар нацыянальнага конкурсу фестываля “Лістапад”Мікалай Лаўрэнюк;
• Крысціна Дулевіч, каардынатар інфармацыйнай працы ЮНІСЭФ;
• Сяргей Якубоўскі, прадзюсар, кіраўнік кампаніі FIRST RENTAL;
• Андрэй Ліпаў, кіраўнік кампаніі Film Wagen;
• каардынатар праекта, прадзюсар Канстанцін Варабей.
Самыя цікавыя выпрабаванні пачнуцца разам з абяцанай падтрымкай. Цягам сакавікакрасавіка ўдзельнікі атрымаюць 3-4 здымачныя дні з поўным тэхнічным забеспячэннем ад кампаніі FIRST RENTAL і лагістычным — ад Film Wagen. Прадзюсаваць фільмы будзе Майстэрня сацыльнага кіно.
Адмысловы выпуск відэадзённіка “Аб’ектыў_на: Правы дзіцяці”:
Сачыце за навінамі праекта на сайце abjektyuna.by.
Паводле прэс-рэліза