
Такое раз у жыцці, напэўна, бывае з кожным «дамушнікам». Толькі ён пачаў падбіраць ключы да замку кватэры (яе гаспадар, па словах наводчыка, з’ехаў на
канферэнцыю за мяжу), як з таго боку за дзвярыма пачуўся нейкі шорах. І раптам на парозе намаляваўся гаспадар — дзядуля за восьмы дзесятак.
— Я чую, нехта тут скрабецца… Вы хто? — падазрона паглядзеў на хлопца ветэран фінскай кампаніі.
— !?
Вася (так звалі наводчыка) — казёл. Ну трэба ж, так падставіў, а казаў усё чыста. Мазгі адначасова працягвалі імкліва аналізаваць стан рэчаў і прапаноўваць сцэнары на саскок. Але адступаць
ужо было няма куды. Калі зараз узяць рукі ў ногі, стары дакладна выклікае міліцыю. Гэта вядомая парода змагароў за народнае шчасце. Адсюль два варыянты: А) стукнуць яго чымсьці цяжкім; Б) яшчэ
што-небудзь прыдумаць.
— Вы наконт перапісу? — падказаў дзядуля.
— Я… гэта, так, так перапіс.
Дзед узрадаваўся, быццам прэзідэнт падпісаў дэкрэт, які адмяняў плату за камунальныя паслугі.
— Заходзьце, калі ласка.
Зайшлі ў пакой.
«Імправізаваць некалькі хвілін, закасіць пад перапісчыка, а потым даць драпака, без шуму і пылу», — сфармуляваў задачу на бліжэйшую перспектыву ліпавы перапісчык.
Пакапаўшыся ў сумцы, ён дастаў адтуль блакнот, асадку, сеў на рыпучы стул і зрабіў сур’ёзны выгляд. Як чалавек, на якога неаднаразова складалі ў міліцыі пратаколы, наш герой ведаў, з чаго
пачынаць усенароднае апытанне:
— Імя, прозвішча, імя па бацьку, год нараджэння, ці мелі судзімасці або прыводы ў міліцыю?
— Сяргей Арцёмавіч Каваленка. Нараджэння 1924-га. Не, не меў, — імкліва адказаў рэспандэнт.
Але гэтага блоку пытанняў было відавочна мала. Цяпер трэба было нешта яшчэ спытаць. Што? А была не была!
— Вы п’ёце?
— Гэта што, перапіс?
— Так. Мы хочам стварыць комплексны партрэт беларускага гэтага, як яго, грамадства.
— Ну, дапусцім.
— Што?
— Піва і гарэлку.
— Я напішу тое і тое, — зрабіў рэзюме «перапісчык» і паставіў з салідным выглядам у блакнот нейкі крыжык.
Пасля гэтага перапіс пайшоў як па маслу.
— Любімы серыял?
— «Не нарадзіся прыгожай».
— Сімвал маскоўскай алімпіяды?
— Мішка.
— Шэсць памножыць на восем?
— Сорак восем.
Старому яўна падабаўся перапіс.
Па такой схеме заставалася яшчэ пратрымацца 2–3 хвіліны. Перапісчык ужо без былога мандражу задаў наступнае пытанне:
— Як завуць прэзідэнта Беларусі?
— Ле... то бок Лукашэ...
У гэты момант раздаўся званок у дзверы.
— Перапіс, — зароў нехта на пляцоўцы.
Злодзей падскочыў. Гэта капут!
Дзед між тым пачапаў адчыняць і прывёў дзяўчыну з дрэдамі бел-чырвона-белага колеру.
— Мяне завуць Аня Сумніцкая, я не перапісчык, — затараторыла яна. — Аднак я ўсё ж наконт перапісу. Я з Саюзу маладых франтавікоў. Мы дапамагаем правільна адказаць на
пытанні перапісу. Дзядуля, вы ўжо дайшлі ў перапісу да 12-га пункта?
— Быццам не. Мы толькі наконт гарэлкі, прэзідэнта і знакаў задыяку размаўлялі.
Аднак дзяўчына не слухала.
— Добра, што я паспела. Дзядуля, гэта самы важны пункт. Не паддавайцеся, калі ласка. Адказвайце выключна «беларуская». Тым самым вы захаваеце беларускую нацыю.
— А ну, цыц, — нечакана праявіў агрэсіўнасць дзед. Я стары камуніст і ніколі не буду пець пад дудку агентаў імперыялістаў. Давайце, мужчына, пытанне 12.
Злодзей зразумеў, што настаў момант ісціны. Сітуацыя была цікавая: ён ведаў адказ, але паняцця не меў, якое задаць пытанне. На якое пытанне адказ мае быць «беларуская»?
«Ваша любімая зборная па гандболу?» Ваша любімая поза ў ложку?»
Ліпавы перапісчык набраў паветра і выдаў:
— Наступнае пытанне перапісу: як правільна сказаць слова «беларуская»?
— Бе-ла-рус-кая, — акуратна прамовіў дзядуля.
У дзяўчыны, якая зажала кулакі, падскочылі бровы.
Жулік зачыніў блакнот.
— Супер. Цудоўна. На гэтым апытанне закончанае. Да пабачэння.
Праз пяць хвілін яны — ён і дзяўчына — аказаліся на вуліцы. Сумніцкая адразу схапіла яго за рукаў штармоўкі.
— Чаму вы падманулі дзеда? Чаму цалкам не сфармуліравалі пытанне — якая першая мова была засвоеная ў дзяцінстве?
Злодзей пачаў апраўдвацца.
— А што, калі б ён сказаў: «Татара-мангольская». Гэта ж не фігня. Нацыя, блін… туды-сюды.
— Аднак гэта не вельмі карэктна. Хаця сыходзячы са стану рэчаў і апошняй хвалі рэпрэсій, магчыма, вы маеце рацыю. Рэжым прымушае нас дзейнічаць часам не вельмі карэктна. Слухайце, слухайце,
знешне вы выглядаеце як нейкі сантэхнік. Але я ведаю, што парушаючы правілы правядзення перапісу вы рызыкавалі месцам працы. Вы сапраўдны грамадзянін. Вы мой кумір, — сказала Аня на
развітанне, заскокваючы ў пад’езд, каб працягваць сваю місію — тлумачыць насельніцтву пра значэнне пытання нумар 12 у лёсе нацыі.
— Слухай, я думаў, цябе замялі, — Да куміра падляцеў наводчык Вася, — Прабач.
Злодзей ледзь трымаў сябе ў руках.
— Прабач? Мяне ледзь не павязалі. Ты разумееш, што я з табою зараз зраблю?!
— Соры, соры. Проста накаціў учора зашмат. Пераблытаў кватэры. Тая хаза, што трэба было падымаць, кватэра Сумніцкіх, — у суседнім пад’ездзе.
— Ладна, з цябе паўлітра за пракол. І ўвогуле, ведаеш, галоўнае, што нацыя выратаваная.
Пацаны пайшлі на кропку.