Бела-чырвоны красавік: у кнігарні “ЛогвінаЎ” распачаўся месяц польскай літаратуры

Цэлы месяц? Цэлы месяц! Цэлы красавік у цэнтры Мінска ў кнігарні “ЛогвінаЎ (Незалежнасці, 37а) будзе стаяць вялікая паліца з польскімі кніжкамі. Набыткі польскай літаратуры: сучасныя і класічныя, перакладзеныя і ў арыгінале — падыходзь і набывай ці проста чытай. Акрамя гэтага ў кнігарні можна будзе азнаёміцца з польскімі газетамі і мастацкімі альбомамі польскіх мастакоў, а таксама атрымаць у падарунак кнігі беларускіх аўтараў па-польску.



40cccad2ac57c29035a432356f3c978d.jpg

Цэлы месяц? Цэлы месяц! Цэлы красавік у цэнтры Мінска ў кнігарні “ЛогвінаЎ (Незалежнасці, 37а) будзе стаяць вялікая паліца з польскімі кніжкамі. Набыткі польскай літаратуры: сучасныя і класічныя, перакладзеныя і ў арыгінале — падыходзь і набывай ці проста чытай. Акрамя гэтага ў кнігарні можна будзе азнаёміцца з польскімі газетамі і мастацкімі альбомамі польскіх мастакоў, а таксама атрымаць у падарунак кнігі беларускіх аўтараў па-польску.
31 сакавіка, пасля ўрачыстага адкрыцця Месяцу літаратуры, ужо прэзентаваў сваю дзвюхмоўную творчасць беларускі пісьменнік Польшчы Міхась Андрасюк, які паходзіць з Падляшша і жыве ў Беластоку. Андрасюк прадставіў свае апошнія кнігі: па-беларуску — зборнік апавяданняў “Вуліца добрай надзеі, па-польску — аповесць “Wagon drugiej klasy, у якой аўтар выкладае згадкі пра дзяцінства “на заходняй мяжы Белавежскай пушчы.
Наперадзе — яшчэ тры сустрэчы з яскравымі літаратарамі Польшчы.
 Ігнацы Карповіч (Ignacy Karpowicz) нарадзіўся і жыве на Беласточчыне (між іншага, родны пляменнік выбітнага беларуса Польшчы Лявона Тарасевіча). Выпускнік Варшаўскага ўніверсітэта, афрыканіст і іспаніст. Аўтар шэрагу раманаў, адзначаных прэстыжнымі літаратурнымі ўзнагародамі Польшчы. Тэма большасці з іх — лёсы і светаадчуванне людзей, якім наканавана жыць на беларуска-польскім памежжы. А яшчэ Ігнацы размаўляе па-амхарску (на мове эфіёпаў). У Мінску Ігнацы прадставіць сваю апошнюю кнігу “Балядыны і рамансы, падзеі якой адбываюцца на небе, сярод багоў, і на зямлі, сярод людзей, і назва якой адсылае адначасова да драмы Юліуша Славацкага “Баладына, зборніка Адама Міцкевіча “Балады і рамансы, а на беларускую найбольш адэкватна перакладаецца як “Бандароўны і Сон на кургане.
Міхал Ягела (Michaі Jagiello) нарадзіўся ў 1941 годзе ў вёсцы Янковіцы пад Кракавам. У 1964 годзе скончыў Ягелонскі ўніверсітэт. Празаік, эсэіст, публіцыст і паэт. Аўтар манаграфій па гісторыі літаратуры. Сфера інтарэсаў — шматкультурнасць Польшчы, а таксама супрацоўніцтва ў сферы культуры з Беларуссю, Літвой, Славакіяй і Украінай. У 1989–2006 гадах займаў пасады намесніка міністра культуры Польшчы, дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі. Заўзяты альпініст.
Лешэк Энгелькінг (Leszek Engelking) — адзін з найвядомых польскіх паэтаў, перакладчык, мастацтвазнаўца. Скончыў Варшаўскі ўніверсітэт. Выкладаў літаратуру і кіназнаўства. Перакладае з англійскай, рускай, чэшскай, украінскай і беларускай моваў. Аўтар кніг «Хайку ўласныя і чужыя» (1991), «Пяты дом» (1997), «І іншыя вершы». Жыць не можа без чэшскага піва.
---------------------------------------------------------------------
Расклад імпрэзаў Месяца польскай літаратуры ў кнігарні “ЛогвінаЎ:
6 красавіка (серада). Сустрэча з польскім пісьменнікам Ігнацыем Карповічам і прэзентацыя яго новага раману “Balladynа i romance/ “Баладына і рамансы. Пры ўдзеле перакладчыцы Марыі Мартысевіч. Пачатак а 19, кнігарня “ЛогвінаЎ.
13 красавіка (серада). Сустрэча з публіцыстам, пісьменнікам, даследчыкам літаратуры і еўрапейскіх культурных сувязяў Міхалам Ягелам і прэзентацыя ягонай кнігі “Narody i narodowosci. Przewodnik po lekturach/ “Народы і нацыянальнасці. Вандроўка па кнігах. Пачатак а 19, кнігарня “ЛогвінаЎ.
20 красавіка (серада). Творчая лекцыя і сустрэча з вядомым паэтам і польскім перакладчыкам Набокава Лешэкам Энгелькінгам. Кнігарня “ЛогвінаЎ, пачатак а 19.
Вядоўца ўсіх сустрэч — Андрэй Хадановіч.
Кнігарня “ЛогвінаЎ знаходзіцца на пр. Незалежнасці 37а, у адным будынку з Галерэяй сучаснага мастацтва “Ў і барам “Малако (гэта ў дварах за домам “Подзвіг народа, што на плошчы Перамогі).