Бяздомны мастак з Гомеля малюе на вакзале “пакутнікаў Беларусі” (фота)

Валерый Ляшкевіч збірае грошы на слыхавы апарат, марыць пра майстэрню ці дом і разважае пра сацыялізм, капіталізм і Майдан.



ljashkevich_valer.jpg

Пасля двух выстаў у Мінску і Гомелі бяздомны мастак Валерый Ляшкевіч застаецца жыць на гомельскім вакзале. Там ён і малюе. Карціны мастак трымае ў камеры захоўвання. Пасля выстаў удалося прадаць некалькі прац, але на майстэрню ці дом, вядома, не хапае.

Пра сябе Валерый амаль нічога не расказвае: разважае пра сацыялізм, дэмаграфію ды ўкраінскі Майдан.

 

У нас этнаграфічная катастрофа. Мы вынішчаныя — спыніць бы вынішчэнне былых савецкіх людзей, вось што важна. Мы ж не вінаватыя, што пры такім строі нарадзіліся. Гэта не горш за капіталістычны строй. Сацыялізм нарадзіўся пазней, значыць, капіталізм не ў стане задаволіць усе патрэбы чалавека. Сама тэорыя не горшая. Дапамога па беспрацоўі ў ЗША — гэта элемент сацыялізму. Калі чалавеку яго плацяць, навошта яму ісці на Майдан, ён пракорміцца”, — кажа Валерый Ляшкевіч, які прадае свае карціны за 70 ці 100 тысяч рублёў.

 

Цяпер мастак працуе над партрэтам Уітні Х’юстан ды хоча дамаляваць карціну “Пакутнікі Беларусі”. На ёй пакуль Багушэвіч, Багдановіч, Колас і Купала. Валерый хоча дадаць яшчэ Караткевіча, Быкава і Барадуліна. Рыгору Барадуліну мастак хоча прысвяціць і адну з новых карцін, бо пісьменнік быў “апосталам беларускай літаратуры, які па-боску адчуваў слова”.

 

Дзяжурныя міліцыянты расказваюць, што на вакзале Валерый Ляшкевіч жыве даўно. Яны кажуць, што мастаку прапаноўвалі зняць кватэру ці даць пакой у інтэрнаце, але ён чамусьці адмовіўся. Валерый марыць пра ўласную майстэрню ці дом, але пакуль спрабуе сабраць 350 долараў на слыхавы апарат.

 

Стаўленне да яго не кепскае з боку адміністрацыі вакзала, праваахоўнікаў, — расказвае Дзмітрый, які дапамагае Валерыю Ляшкевічу. — Праблема ва ўмовах жыцця, вельмі шмат розных людзей на вакзале бывае, п’яніцы тыя ж, таму ён знаходзіцца ў досыць напружаным стане”.

 

Пасля выставы ў Мінску ўдалося прадаць чатыры яго карціны. Але на дом, нават у вёсцы, пакуль не назбіралі, працягвае Дзмітрый:

 

Валерый — не бізнесмен, ён можа некаторыя працы аддаць бясплатна, ён падарыў самому музею некалькі карцін. Кошты на адну працу ад 100 долараў мы прапаноўвалі. Але і гэта маленькі кошт, бо ён адну сваю працу можа рабіць паўгода. Але ў сілу свайго характару ён не можа пра гэта сказаць”.

Карціну Валерыя Ляшкевіча набыў нават адзін з начальнікаў Гомельскай міліцыі з умовай, што яна будзе нейкі час вісець на сценах УУС Гомельскай вобласці.

 

25 сакавіка Валеры Ляшкевіч збіраецца ў Мінск, каб сустрэцца з жадаючымі набыць яго працы.

0.jpg

Так Валеры зберагае карціны

1_1_0.jpg

Валеры Ляшкевіч

 

1_2.jpg

1_4.jpg

1_8.jpg

Адна з карцін Валерыя

1_3.jpg

Уітні Х'юстан — карціна, над якой Валерый працуе зараз

1_5.jpg

1_10.jpg

Яшчэ не даробленая карціна "Пакутнікі беларускай зямлі"euroradio.fm