Чалавек-аркестр

«Я не з першага шэрагу майстроў у сваім пакаленні. Большага поспеху ўдалося дасягнуць у стварэнні сцэнічных і рэканструкцыі гістарычных касцюмаў», — сціпла, як чалавек шляхетны, кажа мастак Юры Піскун. Дазвольце з ім не пагадзіцца. У свае 55 гадоў ён адбыўся і як мастацтвазнаўца, і як выкладчык Акадэміі мастацтва, кіраўнік Нацыянальнага мастацкага музея, дзе працаваў намеснікам дырэктара ў вырашальныя часы мадэрнізацыі гэтай установы.



639d79cc857a6c76c2723b7e014fccb0.JPG

«Я не з першага шэрагу майстроў у сваім пакаленні. Большага поспеху ўдалося дасягнуць у стварэнні сцэнічных і рэканструкцыі гістарычных касцюмаў», — сціпла, як чалавек шляхетны, кажа мастак Юры Піскун. Дазвольце з ім не пагадзіцца. У свае 55 гадоў ён адбыўся і як мастацтвазнаўца, і як выкладчык Акадэміі мастацтва, кіраўнік Нацыянальнага мастацкага музея, дзе працаваў намеснікам дырэктара ў вырашальныя часы мадэрнізацыі гэтай установы. І як мастак: невыпадкова яго аўтапартрэт «Госці» (1996) уключаны ў грандыёзную выставу «Зямля пад белымі крыламі», днямі разгорнутую ў залах Нацыянальнага мастацкага. З мастаком гутарыць Аляксей Хадыка.

(На здымку: Юры Піскун у майстэрні ля работы “Горад залаты. 2008)


— Юры Аляксандравіч, у Вас унікальная «мастацкая» сям’я — сярод тых, хто сочыць за падзеямі ў сучаснай беларускай культуры вядомыя імёны вашых жонкі Алены Юр’евай, і дачок — Вольгі, Сафіі, Валянціны…
— Склалася так, што 30 гадоў свайго жыцця я займаюся мастацкімі акцыямі. Жонку выбіраў свядома: мы з ёй знаёмыя яшчэ з мастацкай школы. Нядаўна споўнілася 30 гадоў з нашага вяселля, і ўвесь час мы імкнёмся жыць у мастацтве, дзеля мастацтва. І зарабляць, як у добрым сэнсе рамеснікі, таксама з мастацтва. І дачок накіравалі па сваіх слядах, бачачы іх здольнасці, якія з цягам часу рэалізаваліся. Сярэдняя, Соня, больш узяла ад маці, яна здзейснілася як моцны майстар афорту. Вольга — жывапісец, пайшла ў мяне. А Валя таксама наследуе бацьку, але як мадэльер. Выканала некалькі заказаў па касцюмах для ансамбляў, зараз працуе над плакатамі для «Харошак». Усе ходзім па адным полі: мы з жонкай працавалі ў «Харошках» 18 гадоў, з 1983-га па 2001-ы, а зараз там — Валя.
— Што можаце сказаць пра апошнія працы?
— Пяць гадоў таму ў Палацы мастацтваў да нашага 50-годдзя была вялікая персанальная выстава, мая з Аленай Юр’евай. Мы паказалі свае лепшыя творы за доўгі перыяд, мелі добрую прэсу. Зараз многа займаюся касцюмам, фактычна не пакідаючы гэтага накірунку працы. Разам з Аляксеем Гаявым у 2007-м зрабілі 200 касцюмаў для новага спектаклю «Харошак» «Беларусы», які паставіла Валянціна Іванаўна Гаявая. Яго тэмы — поры года, беларуская гісторыя, вайна. Чарговы раз, цяпер на 40-годдзе, выканаў сцэнічныя касцюмы «Песнярам». А ўпершыню лёс звёў мяне з імі і Мулявіным перад 10-годдзем іх творчасці, калі ў выкананыя для іх уборы я свядома ўвёў кроі высакародных беларускіх кунтушоў. У апошніх песняроўскіх касцюмах загучалі матывы рыцарскай вобразнасці — інтэрпрэтацыя строяў з беларускіх магнацкіх партрэтаў, са знакава-эмблематычнымі элементамі, што абыгрываюць металічныя часткі баявога адзення. Гаржэткі, налакотнікі, нагруднікі. Выйшаў і на «міжнародную арэну», апрануўшы ансамбль танца «Сібір» з Краснаярску, у рэпертуары якога ёсць беларускія нумары.
Пахвалюся: некаторыя мае работы ўспрымаюцца як знакавыя для мастацкага працэсу і арт-крытыкі «сватаюць» іх у хрэстаматыі. Так, ілюстрацыю з маім габеленам «Полацкія званы» ўключылі ў падручнік па беларускай мове.

Юры Піскун. Касцюмаваны аўтапартрэт “Госці


— Не прыгадаеце час працы ў Нацыянальным мастацкім музеі?
— Лічу, што зрабіў унёсак у развіццё музея, прапанаваўшы шэраг ідэй. Гэта датычыцца выдавецкай палітыкі — падрыхтоўкі серыйных альбомных выданняў, іх канцэпцыі. Першы альбом, прысвечаны старому мастацтву, падрыхтаваў сам. Ганаруся, што з маім удзелам сцвердзіўся прыярытэт беларускага мастацтва ў экспазіцыях НММ: музей нацыянальны, і нацыянальнае мастацтва павінна рэпрэзентавацца належным чынам. Пры пасляваеннай дырэктарцы Алене Аладавай Мінск меў замест гэтага музей рускіх «перасоўнікаў» з нязначнымі зменнымі экспазіцыямі на першым паверсе. Заслуга іншай намесніцы дырэктара Надзеі Усавай — прапаганда мастакоў, выхадцаў з Беларусі. Змяніліся знакавыя дробязі: этыкеткі і анатацыі пачалі пісаць на трох мовах, пачынаючы з раней ігнараванай беларускай, пашырылі рэдакцыйны аддзел. І музей набыў рысы цывілізаванага нацыянальнага цэнтра.
Што тычыцца маёй улюбёнай сферы — зрабіў дэталёвыя рэканструкцыі касцюмаў беларускай шляхты для філіі музея, Мірскага замка.
На час маёй працы ў музеі прыпаў міленіум, і мы падрыхтавалі выставу «Беларусь — трэцяму тысячагоддзю», прысвечаную беларускаму мастацтву за 100 гадоў. Канцэпцыю стварыў Барыс Крэпак. Назвалі імёны знакавых творцаў за стагоддзе, адбор твораў даручылі секцыям Саюза мастакоў. А я прапанаваў дапоўніць экспазіцыю творамі музейных калекцый даваеннага перыяду: прадставіць беларускую культуру за ўсе 100 гадоў. І пачынаючы не з 1917, а з 1900 года. Так у экспазіцыю трапілі шэдэўры Міхася Сеўрука, Станіслава Жукоўскага. Мая Яніцкая адшукала ўнікальныя экспанаты ўжытковага мастацтва — пластыку Міхася Філіповіча, цікавыя як знак часу дэкаратыўныя вазы сталінскага ампіру. Сабраўшы ўсё разам, мы асмеліліся на новую, пазбаўленую ідэалагічных штампаў перыядызацыю беларускага мастацтва ХХ стагоддзя. Высветлілася, што для яго развіцця 1917 год не адыгрываў амаль ніякага значэння. Адзіным стылістычным блокам глядзелася даваеннае мастацтва, ідэі кубізму і экспрэсіянізму развіваліся ў той час неперарыўнай лініяй. Наступным быў перыяд таталітарнага мастацтва — ад 1937 года па час смерці Сталіна, са сваімі яскрава выяўленымі формамі і задачамі. Затым «хрушчоўскі» час, адліга, «суровы стыль» 1960-х. Затым — мастацтва 1970–80-х гадоў, і хаця гэта брэжнеўскія часы, менавіта тады плённа фармавалася нацыянальная школа ХХ стагоддзя з яе адметнасцямі і найбольш яркімі імёнамі творцаў, сённяшніх «карыфеяў». І апошні этап — мадэрнізацыі, шматстылёвасці, ад 1990-х гадоў.

Юры Піскун. “Уцёкі ў Егіпет


Што датычыцца адчыненай зараз у НММ выставы «Зямля пад белымі крыламі», то яна больш арыентаваная на мастакоў, якія жывуць і дзейнічаюць сёння. Але яе арганізатары вельмі дарэчна выбудоўваюць лінію пераемнасці нацыянальнага мастацтва, дэкларуючы ідэальным арыенцірам 1-ю Усебеларускую мастацкую выставу 1925 года. Прадстаўлены ў асноўным працы з калекцыі Нацыянальнага музея, а факт знаходжання ў ёй — знак годнасці работ. Як штамп — «дзяржаўная каштоўнасць». З другога боку, іх паказ — справаздача дзяржавы перад публікай за накіраванасць падтрымкі мастакоў у апошнія дзесяцігоддзі. Паказ таго, куды ўкладзеныя грошы падаткаплацельшчыкаў. Узровень выставы добры, моцны. Уражваюць і пакуль не набытыя музеем работы — стыпендыятаў фонду па падтрымцы таленавітай моладзі. У параўнанні з нашым пакаленнем 40–50-гадовых, моладзь працуе для свайго ўзросту больш смела і прафесійна. Пашыраецца мастацкае поле, гарызонты; яны больш бачаць у свеце сусветнай мастацкай культуры, больш вучацца адзін ад аднаго.
— Давайце вернемся да працы з «Харошкамі».
— Магу без сціпласці сказаць, што ў адметны рафінаваны стыль «Харошак», дзякуючы якому яны становяцца ўдзельнікамі розных урачыстасцяў, я ўклаў значную долю ўласнага натхнення. «Народныя» і «шляхецкія» касцюмы артыстаў не зусім аўтэнтычныя, гэта стылізаваныя аўтарскія рашэнні, але зробленыя на гістарычным дакументальным грунце. Хачу зазначыць, што творчасць «Харошак» у цэлым не проста харэаграфічнае мастацтва, а нешта большае, істотнае для фармавання нацыянальнай самасвядомасці. Прыгадайце праграмы, пастаўленыя па знойдзеным і апрацаваным Вольгай Дадзіёмавай «Полацкім сшытку», беларускай музыцы еўрапейскага ўзроўню часоў Рэнесансу і барока. Увасобленае ў пластыцы танца і прыгожых формах нацыянальных, хай стылізаваных, касцюмаў, дае душы больш уражанняў, натхнення, чым простая канстатацыя на старонках кнігі або школьнага падручніка па культуры. Калісьці на зацвярджэнні праграм даводзілася пераадольваць супраціў неадукаванага чыноўніцтва, якое адпрэчвала высокія формы музычнай і побытавай (увасобленай у касцюме) культуры пад прэтэкстам іх «польскасці». Але супраціў мы пераадолелі.
З «Харошкамі» ў 1991 годзе адбылася мая першая двухмесячная паездка ў Італію, якая была першымі вялікімі замежнымі гастролямі ансамбля — з праграмай па ўзгаданым «Полацкім сшытку». Ехалі «Харошкі» з годнасцю — у камерцыйную паездку, без дзяржаўных датацый і падтрымкі. Мы вандравалі па поўначы краіны — выступалі ў Трыесце ў Тэатры Вердзі, Вероне, Мантуі, Трэвіза, Удзіна, ва ўсёй Ламбардыі, з вялікім поспехам, пры перапоўненых залах. На радзіме ў гэты час адбываліся Віскулі і распад СССР, нам прапаноўвалі застацца ў Італіі ўсім ансамблем. І не дзіва: пастаноўка мела манументальны размах, як заўсёды ў Валянціны Гаявой. Адпаведна, патрабаваліся шыкоўныя касцюмы — і гараджан, і шляхты, і купцоў, і магнатаў, і сялян — з рэканструкцыяй стылю XVII стагоддзя. Ішлі адпаведныя танцы, уключаючы экзатычны нумар з «сакаліным паляваннем», вельмі прыгожа. Запомніўся прыём у гонар артыстаў на старасвецкай віле — з прысутнасцю мясцовай арыстакратыі і спонсараў. І першы тост у гонар артыстаў, які мяне вельмі ўразіў, — за мастака па касцюмах. Першыя ў маім жыцці публічныя авацыі. Італьянцаў уразіла тое, што ў балетных танцах можна ўжываць такія маляўнічыя, цяжкія, прыгожыя касцюмы… А я ў паездцы працаваў на пасадзе касцюмера, абавязанага проста цягаць уласнаручна спраектаваныя касцюмы падчас гастрольных пераездаў.

Юры Піскун. “Узнясенне


— Здаецца, дзіцячыя і юначыя вобразы — адны з найлепшых у Вашай творчасці?
— Магу пагадзіцца: яны былі стрыжнем і майго дыплому, і ранняй работы «Ратуціцкія хлопцы» (1985), якая трапіла на Усесаюзную акадэмічную выставу ў Маскве і атрымала ўхвальны водгук вядомага маскоўскага крытыка Аляксандра Марозава — поспех для мастака-пачаткоўца. А яшчэ мяне, натуральна, цікавяць вобразы з гістарычным флёрам, як паказаны на выставе «Зямля пад белымі крыламі» касцюмаваны аўтапартрэт «Госці» (1996) — работа часоў незабыўных выстаў суполкі «Пагоня» сярэдзіны 1990-х, калі гэта мастакоўскае аб’яднанне разам з нашым з жонкай, Аленай Юр’евай, удзелам высока трымала творчы ўзровень.
                        ***
Размаўляючы з Юрыем Піскуном, мы прыгадалі і яго зацікаўленасці старажытным мастацтвам, якія ўвасабляюцца ў творчыя праекты. У шыкоўны каляндар «На скрыжаванні еўрапейскіх дарог. Беларускія абразы», выпушчаны ў Мілане тыражамі на рускай, італьянскай, нямецкай, французскай мовах, — дзеля папулярызацыі айчыннай культурнай спадчыны за мяжой. У стварэнне рэлігійных карцін для касцёлаў і абразоў для цэркваў. Зараз у рабоце — рэканструкцыя на дошцы аўтэнтычным памерам (каля 2х2 метры) і ў гістарычнай тэхніцы на ляўкасе страчанага цудатворнага абраза XVII стагоддзя Забельскай Божай Маці з-пад Слуцка. І шмат у што іншае. Калі б Піскун быў музыкам, да яго б пасавалася вызначэнне «чалавек-аркестр». Як сказаць пра шматграннага ў сваіх талентах мастака — хай мяркуе чытач.