Пралетарыят і друіды

Ці ведалі вы, што ля вытокаў працоўнага руху ў Брытаніі ў тым ліку стаялі фанаты культуры друідаў — жрацоў старажытных кельцкіх плямёнаў?

Статуя друіда, Вустэршыр. Фота PicturePrince, commons.wikimedia.org

Статуя друіда, Вустэршыр. Фота PicturePrince, commons.wikimedia.org

На першы погляд, паміж друідамі і рабацягамі нічога агульнага няма. Паводле звестак, друіды – загадкавыя знахары, правадыры, захавальнікі ведаў, якія жылі ў Галіі і Брытаніі ў 1200–600 гг. да н.э. Яны займаліся прадказаннямі, разбіраліся ў раслінах, мелі ўласны каляндар і складалі гараскоп па дрэвах.

Чамусьці гэтая містыка прыцягнула цікавасць прадстаўнікоў брытанскага рабочага класа і дробных рамеснікаў, якія любілі сабрацца ў пабах і пад піўко пагутарыць пра сваё жыццё-быццё. На змест гэтых размоў, безумоўна, уплываў знешні грамадскі фон. Брытанія канца 18-га стагоддзя перажывала росквіт эзатэрыкі, містыкі і новых хрысціянскіх рухаў.

Таму калі ўзнікла ідэя стварэння нейкай працоўнай арганізацыі, у якасці арыенціра разглядалася арганізацыя масонаў з яе ложамі і карпаратыўнай сімволікай. Было вырашана стварыць нешта падобнае, але толькі на базе эстэтыкі друідаў. Адным словам, адроджаныя друіды павінны былі стаць нечым накшталт масонства для працоўнага класа.

Друідычны рух зарадзіўся ў 1781 годзе ў лонданскім пабе King's Arms Tavern, у якім нейкі Генры Херл заснаваў Старажытны Ордэн Друідаў (AOD). Усё было вельмі сур'ёзна. Сябры арганізацыі аб'ядноўваліся ў ложы і праводзілі сакрэтныя рытуалы. Першапачаткова друідамі маглі быць толькі мужчыны, але потым гендарная забарона была знятая.

Да 1785 у AOD было шэсць ложаў у Лондане. Улады спачатку ігнаравалі рэканструктараў. Аднак у 1794 годзе Французская рэвалюцыя выклікала паніку ў брытанскім урадзе, міністры якога баяліся любой канспірацыі. З-за ціску паліцыі шэраг лож друідаў закрыліся. Тым не менш, да пачатку дзевятнаццатага стагоддзя дваццаць дзве ложы заставаліся адкрытымі. Калі паранойя чыноўнікаў наконт змовы прайшла, пачаўся сапраўдны бум. У 1831 годзе колькасць друідскіх ложаў узрасла да 193, а колькасць членаў самога Ордэна налічвала 200 000 чалавек.

Развіццё капіталізму і рост працоўнага класа, разам з урбанізацыяй, зрабілі друідаў папулярнымі. Пэўную дапамогу ў гэтым аказаў і капіталізм, які разбураў традыцыйны хрысціянскі падмурак Брытаніі. У пошуках нейкага духоўнага супакаення ад марнасці сучаснага свету людзі апускаліся ў яркі і дзіўны свет выдуманых старажытных абрадаў. Здольнасць самім тварыць сваю духоўную гісторыю натхняла простых людзей.

Вольны пошук новай духоўнасці, нават у вонкава дзіўных забабонах, прыцягнуў да друідаў масу людзей. Хутка ложы друідаў сталі папаўняцца выхадцамі з шэрагаў сярэдніх пластоў і буржуазіі. У 1908 годзе друідам стаў нават Уінстан Чэрчыль. Ложы ордэна адкрываліся па ўсёй Брытанскай імперыі. Да 1930-х гадоў у Вялікабрытаніі прыкладна 1,5 млн чалавек (!!!) лічылі сябе друідамі.

Зразумела, што ад сваёй класавай ідэнтычнасці Ордэн паступова адышоў. Але яго наяўнасць, масавыя друідычныя зборы, і той факт, што цэлы шэраг вядомых палітыкаў і дзеячаў культуры ўваходзілі ў яго склад, аказаў уплыў на ўсё брытанскае грамадства.

Не кажучы ўжо пра тое, што брытанская мадэль сацыяльнай дзяржавы вельмі шмат узяла ў друідаў, а менавіта сістэму ўзаемнай салідарнасці. Задоўга да ўвядзення ўніверсальнай Нацыянальнай службы аховы здароўя або страхавога пакрыцця хваробы друіды аказвалі фінансавую дапамогу сем'ям членаў сваёй арганізацыі. 

Акрамя таго, друіды Уэльса ў рамках сваіх культурных фестываляў першымі выступілі папулярызатарамі паміраючай валійскай мовы. Фактычна яны спынілі яе канчатковую дэградацыю і заклалі падмурак яе адраджэння.

І не будзем забывацца на ўплыў друідаў на брытанскую культуру. Кельцкая казачнасць патрапіла ў папулярную масавую культуру. Таму не дзіўна, што ангельскія аўтары накшталт Дж. Р. Р. Толкіна, К. С. Люіса, Тэры Пратчэта і Дж. Да. Роўлінг, дамінуюць у літаратурным жанры «фэнтазі». Шмат у чым дзякуючы таму, што Англія таксама была цэнтрам руху эксцэнтрыкаў і навукоўцаў, якія даследавалі і вывучалі ўсе мажлівыя віды акультнага мастацтва, у тым ліку спадчыну друідаў.