Мясцовыя выбары ў Брытаніі. Дасье ў карыкатурах
Правая папулісцкая партыя Reform UK перамагла на мясцовых выбарах у Вялікабрытаніі, абрынуўшы двухпартыйную сістэму. І вось як гэта ўбачылі карыкатурысты.
Агульны вынік мясцовых выбараў, якія адбыліся на гэтым тыдні: партыя Reform UK Найджэла Фараджа рэзка нарасціла сваю прысутнасць у мясцовых органах улады, пацясніўшы мэйнстрымавыя партыі кансерватараў і лейбарыстаў. Для апошніх выбары сталі сапраўдным прыніжэннем. Абедзве партыі ў суме страцілі амаль 900 месцаў муніцыпальных дэпутатаў. Фіяска традыцыйных палітсіл адзін з мастакоў параўнаў са спрынтам, у якім перамагае лідар Reform UK.

Чаму Найджэл Фарадж змог перамагчы старыя партыі? Збольшага таму, што яны сябе дыскрэдытавалі. 3а 14 гадоў знаходжання пры ўладзе кансерватары ўсім жудасна надакучылі. Рэйтынг новага ўрада лейбарыстаў таксама хутка абваліўся. Плюс дзікі папулізм лідара «рэфармістаў».
Глядзіце таксама

Перадвыбарную праграму Фарадж будаваў у тым ліку нават на неабходнасці змагацца з жудаснымі выбоінамі на дарогах краіны. Іранізуючы над гэтым лозунгам, мастак газеты The i Paper дапусціў, што дарожныя выбоіны зацікавілі Фараджа, паколькі дазваляюць яму займацца самалюбаваннем.

Так ці інакш, у Вялікабрытаніі абрынулася двухпартыйная сістэма. Прыкладна сто гадоў брытанцы галасуюць альбо за лейбарыстаў альбо за кансерватараў. Цяпер на ўладу прэтэндуе новая трэцяя партыя. Прычым на рынках палітычных ставак Найджэл Фарадж зараз галоўны кандыдат на прэм'ерскую пасаду на будучых выбарах, у той час як тыя ж торы могуць наогул стаць маргіналамі. На гэтым малюнку смерць па выніках мясцовых выбараў ужо адпявае партыю кансерватараў.

Зрэшты, ёсць меркаванне, што праект Фараджа занадта невыразны і не зможа ператварыцца ў нармальную партыйную структуру. Блізкая да торы The Daily Telegraph бачыць гэта так: у двухпартыйнай сістэмы Брытаніі з'явілася трэцяя калона. Праўда, яна можа хутка выгарэць.

Ёсць таксама слабая надзея, што выбаршчык проста да канца не ўсвядоміў важнасць палітычнага моманту ці штосьці наблытаў падчас галасавання. Тым больш брытанскія газеты ў апошні час больш пісалі пра смерць рымскага папы і выбары новага пантыфіка. Таму на гэтай карыкатуры жанчына-выбаршчыца здзіўляецца, што ёй прапануюць галасаваць за дэпутата ў мясцовы савет. Яна думала, што на гэтых выбарах абіраюць новага папу рымскага.

Але ў прынцыпе ў экспертным асяроддзі дамінуюць апакаліптычныя прагнозы наконт захавання ў Брытаніі двухпартыйнай сістэмы. Газета The Independent выяўляе Найджэла Фараджа як пекла, якое пажырае сваіх апанентаў. Як бачыце, лейбарыст Стаммер яшчэ неяк трымаецца, а вось кансерватараў Фарадж увогуле зжор. Толькі значок выплюнуў.

Адным словам, наступныя ўсеагульныя выбары ў Брытаніі будуць сапраўды пякельнымі: на фоне таго, як хутка пагаршаецца сітуацыі ў краіне, «рэфармісты» цалкам могуць дабіць абедзве сістэмныя партыі ў наступным электаральным цыкле.