Агонія торы. Дасье ў карыкатурах
Упершыню ў апытаннях партыя Reform UK папуліста Найджэла Фараджа абышла ў рэйтынгах кансерватараў. Па меркаванні экспертаў, у Фараджа ёсць патэнцыял назаўжды змяніць будучыню брытанскай палітыкі. Не абмінулі ўвагай тэму і карыкатурысты.
Кансерватыўная партыя была заснавана ў 1834 годзе і з таго часу застаецца вядучай брытанскай партыяй, аб чым красамоўна гаворыць статыстыка: у XX стагоддзі прэм'ер-міністры ад Кансерватыўнай партыі ўзначальвалі ўрад 57 гадоў. Шэраг лідараў торы (неафіцыйная назва партыі) былі сусветнавядомымі асобамі, якія часта станавіліся героямі карыкатур, у тым ліку, заснавальнік партыі Бенджамін Дызраэлі.
Партыя Reform UK (Рэфармаваць Аб'яднанае Каралеўства) мае не такую доўгую гісторыю. Фактычна яна ўзнікла ў 2021 годзе на базе партыі BREXIT, якая агітавала за выхад Брытаніі з Еўрасаюза. Хоць першапачаткова партыя канцэнтравалася толькі на пытанні «брэксіту», зараз яна займае пазіцыі правага папулізму. Зрэшты словы «партыя» прымяніць да праекту доўгі час было цяжка, паколькі ўсё ў ёй круцілася вакол скандальнай постаці Найджэла Фараджа. На гэтай карыкатуры партыю малююць як прывід у выглядзе Фараджа.
Так ці інакш, яшчэ два тыдні таму праект Найджэла Фараджа выглядаў як нейкі персанальны стартап. Усё змянілася на гэтым тыдні, калі апытанне грамадскай думкі, праведзенае адным з самых паважаных брытанскіх сацыёлагаў, паставіла стартап Фараджа Reform UK наперадзе свайго даўняга асноўнага канкурэнта — Кансерватыўнай партыі. Эфект апытання для прэм'ера газета Evening Standart адлюстравала наступным чынам.
Крыніцы прарыву Reform UK відавочныя — незадаволенасць часткі выбаршчыкаў працы прэм'ер-міністра Рышы Сунаком па пытаннях іміграцыі, кошту жыцця, засілля карпарацый і аховы здароўя. На гэтай карыкатуры Фарадж набірае ачкі за кошт тэмы міграцыі.
Вынікі згаданага апытання выклікалі паніку ў шэрагах кансерватараў. Гэта быў пераломны момант, паколькі шмат хто спадзяваўся, што прынамсі Кансерватыўная партыя застанецца галоўнай сілай апазіцыі. Іранізуючы над сітуацыяй, карыкатурыст выдання The Sun прапануе Сунаку адправіцца ў 1983 год на машыне часу, каб павучыцца ў тагачасных торы, якія пад кіраўніцтвам Тэтчэр тады трыўмфальна выйгралі выбары.
А да ўсеагульных выбараў засталося менш за тры тыдні, і вестмінстэрскія назіральнікі адкрыта разважаюць, ці зможа «Рэформа» цалкам знішчыць торы. З такой перспектывай згодны і некаторыя карыкатурысты. На гэтым малюнку Рышы Сунак прызямляецца ў смеццевы кошык з надпісам «4 ліпеня» (дзень выбараў у парламент). І больш за ўсіх з гэтага весяліцца лідар партыі Reform UK Найджэл Фарадж. Малюнак з газеты The Guardian.