Топ-10 кандыдатаў на Папу: наш выбар
У сераду ў Сыкстынскай капэле распачнецца канклаў. Сярод 133 кардыналаў будзе абраны адзін, які стане 267-м Пантыфікам. Мы ўважліва вывучылі прэтэндэнтаў і склалі сьпіс з дзесяці імаверных наступнікаў апостала Пятра. Ватыкан прыгатаваўся да абраньня, будзем гатовыя і мы.

Адзін з удзельнікаў Канклаву — кардынал Клаўдыё Гуджэроці. Фота: Павал Хадзінскі
Перадгісторыя
У 2013 годзе, напярэдадні мінулага канклаву, я таксама паспрабаваў скласьці падобны сьпіс, і адзін з дзесяці абраных кардыналаў – аргентынец Хорхэ Марыя Бэргольё стаў Папам. Таму і сёньня, праз 12 гадоў увозьму на сябе такую гульню-прадказаньне.
Адразу трэба ўдакладніць, што, у адрозьненьні ад выбараў прэзідэнта, абраньне Папы не зьяўляецца справай палітычнай, але глыбока духоўнай. Кардыналы дзейнічаюць паводле настаўленьня Сьвятога Духа, прынамсі абвяшчаючы аб гэтым. Інтрыгі, касьцёльныя «партыі», сяброўства – усё гэта так ці інакш можа ўплываць на вынік, але я сыходжу з заяўленай «чысьціні» выбару.
Пасьля сьмерці Папы Францішка права ўдзельнічаць у канклаве атрымалі 135 кардыналаў, якія не дасягнулі ўзросту 80 гадоў. Усяго за два дні да скону Пантыфіка гэты юбілей адзначыў адзін з індыйскіх кардыналаў, таму можна сказаць, што яму крыху не пашанцавала. Узяць удзел у канклаве ён ня зможа.
Але ў выбарах будзе ўдзельнічаць не 135, а 133 вышэйшых герархі Каталіцкага касьцёлу: два пурпураты з Гішпаніі і Кеніі паведамілі, што з медыцынскіх прычынаў ня здолеюць быць у Ватыкане.
Толькі 26 кардыналаў прымалі ўдзел і ў папярэднім, калі ў 2013 годзе абралі Францішка. Гэта азначае, што ўсе астатнія – былі прызначаныя менавіта Папам-аргентынцам. Усяго 5 кардыналаў з селётніх выбараў удзельнічалі яшчэ ў 2005 годзе – пасьля спачыну Яна Паўла ІІ, калі кіраўніком Касьцёла быў абраны Бэнэдыкт XVI.
Для абраньня Папам будзе неабходна 2/3 галасоў усіх удзельнікаў. У нашым выпадку гэтая лічба – 89. Пяройдзем да прэтэндэнтаў.
Клаўдыё Гуджэроці

Кардынал Клаўдыё Гуджэроці. Фота: Павал Хадзінскі
Італьянец, якому 69, добра вядомы беларусам. Напрацягу 2011-2015 гадоў ён служыў нунцыем Апостальскай Сталіцы ў Беларусі. Кардынал, які напачатку карыстаўся перакладчыкам, пад канец служэньня ў нашай краіне мог амаль вольна размаўляць па-беларуску. Гуджэроці сустракаўся з палітвязьнямі і вядомымі апазыцыйнымі палітыкамі Беларусі. Ён апранаў вышыванку і чытаў беларускія вершы. Таксама пры непасрэдным удзеле кардынала была падвоеная колькасьць каталіцкіх біскупаў нашай краіны – з 4 да 8.
Разам з тым ён дагэтуль застаецца самым улюбёным і чалавечным сярод усіх былых амбасадараў Ватыкана ў нашай краіне. У 2023 годзе Францішак надаў яму годнасьць кардынала, і вось ужо праз кароткі час пасьля гэтага Клаўдыё Гуджэроці можа ўзначаліць сусьветны Касьцёл. Нагадаем, што пасьля сканчэньня служэньня ў Беларусі, ён быў скіраваны на аналягічную пасаду ва Ўкраіну, дзе таксама пражыў 5 гадоў. Менавіта Гуджэроці прылятаў у Менск падчас скандалу, калі Лукашэнка фактычна асабіста не пускаў арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў Беларусь на фоне яго падтрымкі ахвяраў тэрору ў 2020 годзе.
На сёньня Клаўдыё Гуджэроці кіруе адным з шаснаццаці «міністэрстваў» Ватыкана – Дыкастэрыяй па справах Усходніх Касьцёлаў (заўважу, што пасьля сьмерці Папы фармальна ўсе службоўцы Апостальскай Сталіцы пакідаюць сваю пасаду да моманту перапрызначэньня новым Пантыфікам).
Быць можа, ён стане выдатным Папам-дыпляматам.
Пьербатыста Піццабала

60-гадовы італьянскі кардынал вылучаецца непахісным характарам і эвангельскай любоўю. Піццабала афіцыйна сёньня мае тытул «Патрыярха Ерузалему». Гэтая назва сыходзіць яшчэ ў часы першага Крыжовага паходу, калі Сьвяты горад быў захоплены мусульманамі. Сёньня патрыярх Ерузалему зьяўляецца духоўным кіраўніком каталікоў у Ізраілі, Ярданіі і на Кіпры. Пьербатыста Піццабала ўваходзіць у Францішканскі манаскі ордэн (дагэтуль 7 Папаў паходзілі з францішканцаў). У 2023 годзе спачылы Папа прызначыў Піццабалу кардыналам.
Амаль адразу пасьля гэтага пачалася вайна паміж Ізраілем і тэрарыстамі з ХАМАС. Нечуваны эпізод моцна ахарактаразаваў кардынала: ён прапанаваў сябе самога ў абмен на ізраільцянаў, якіх захапілі ў палон тэрарысты з Газы. Разам з тым заўважым, што напрацягу больш чым 25 гадоў служэньня ў Ізраілі, італьянец заслужыў глыбокую пашану як габрэяў, так і арабаў.
З італьянскай яго прозьвішча даслоўна перакладаецца як «танец піццы». Апошнім італьянцам на чале Касьцёла быў Ян Павал І напрацягу месяца ў 1978 годзе. Прыйшоў час да вяртаньня ў клясыку?
Матэа Дзупі

Італьянец – адзін з галоўных прыхільнікаў Папы Францішка. Калі новым Пантыфікам абяруць 69-гадовага арцыбіскупа Балоньі, варта з упэўненасьцю сцьвярджаць, што ранейшы курс застанецца некранутым. Перадумовы для абраньня Матэа Дзупі ёсьць, і яны не малыя.
Арцыбіскуп вельмі папулярны ў Італіі, заўжды выказваў сымпатыі Францішку. Той адказваў італьянцу сваю падтрымку напрацягу ўсяго свайго пантыфікату. Падчас вайны, якая ўсё не скончыцца ва Ўкраіне, кардынал Дзупі быў асабістым пасланцам Папы, ён сустракаўся з прадстаўнікамі як агрэсара, так і народа-пакутніка.
Лепшага пераемніка, чым Марыё Дзупі, напэўна не знайсьці тым, каму папярэдні Папа падаваўся прадвесьцем глябальных зьменаў у сусьветным Касьцёле.
Кардынал Матэа Дзупі вельмі лібэральных поглядаў, быць можа, нават яшчэ больш лібэральных, чым быў сам Францішак. Зразумела, калі мы кажам «лібэральных», мы маем на ўвазе «левых». У 2024 годзе кардынал публічна выступіў супраць прапанаваных канстытуцыйных рэформаў прэм’еркі Італіі Джорджы Мэлоні. Цікавы факт: ягоная маці была пляменьніцай іншага італьянскага кардынала.
Пьетра Паралін

Кардынал Пьетра Паралін. Фота: Павал Хадзінскі
Ураджэнец Вічэнцы, 70-гадовы кардынал Паралін, другі чалавек у Ватыкане пры Папе Францішку, зьяўляецца асобай, якая можа «ўраўнаважыць» кансэрватыўную і лібэральна-сацыялістычныя «фракцыі». Яшчэ ў 2015 годзе кардынал сядзеў у менскім касьцёле Сьвятых Сымона і Алены, гвалтоўна зачыненым рэжымам ужо трэці год. Як дзяржаўны сакратар Ватыкана, правая рука Папы, ён запомніўся беларусам.
Яго пазыцыі, нягледзячы на блізкія погляды з Францішкам, застаюцца, як і належыць дыплямату, ня цалкам відавочнымі. Гэта дазваляе падтрымаць яго як прыхільнікам працягу курсу папярэдняга Папы, так і моцным крытыкам спачылага кіраўніка Касьцёла.
Сёньняшняя міжнародная сітуацыя амаль пад капірку супадае з тым, што мы ўжо бачылі. Сакавік 1939 года, праз некалькі месяцаў пачнецца самая страшэнная вайна, а ў Рыме памірае Папа. Тады на канклаве быў абраны дзяржасакратар пры мінулым Пантыфіку.
Пьетра Паралін ведае што такое дыктатура. З 2009 па 2013 год ён служыў Нунцыем (амбасадарам) Ватыкана ў Венэсуэле. Акурат з той працы новы Папа Францішак, які раней служыў у Буэнас-Айрасе ў Аргентыне, і паклікаў на самую адказную пасаду ў Апостальскую Сталіцу. Пасьля Папы, вядома.
Травень 2025 года можа стаць апошняй прыступкай у касьцёльнай герархіі для кардынала Параліна.
Цімаці Долан

Ню-Ёркскі арцыбіскуп, які мае 75 гадоў, зьяўляецца красамоўным, вядомым і значным прэтэндэнтам на Папства. Шмат гадоў ён актыўна прысутнічае ў сацсетках, праводзіць спакойную, але ўпэўненую эвангелізацыю. Яго можна ўбачыць і з бэйсболкай каманды «Янкіс» і на гандоле падчас пастырскіх падарожжаў у Італію. У выпадку абраньня кардынал-кансэрватар Долан стане сусьветнай рок-каталіцкай зоркай за 1 хвіліну.
Ёсьць зразумелыя прычыны, чаму амэрыканскі кардынал (а ў маім сьпісе іх цэлых 2, а на канклаве – 10) малаверагодна пераможа. Сьвет хутчэй не гатовы да адначасовага існаваньня Трампа і Папы амэрыканца. Гэта будзе перабор. Разам з тым зусім нядаўна кардынал Долан жорстка выказаўся адносна віцэ-прэзідэнта ЗША Джэй Дзі Вэнса, каталіка па веравызнаньні. Той абвінаваціў Касьцёл у тым, што ён нібы клапоціцца пра мігрантаў толькі з мэтай атрыманьня дзяржаўных сродкаў. Кардынал Долан за словам у кішэню не палез.
Цімаці Долан – выдатная кандыдатура на мой погляд, падпішыцеся на яго. Кардыналам у 2012 годзе яго прызначыў яшчэ Бэнэдыкт XVI.
Рэйманд Бёрк

76-гадовы амэрыканец мае шанцы стаць першым Папам з Паўночнай Амэрыкі. Але, як і ў выпадку з кардыналам Доланам, яго нацыянальнасьць можа згуляць дрэнную ролю. Вось ужо 15 гадоў Бёрк носіць кардынальскую годнасьць, якую яму надаў Бэнэдыкт XVI. Рэйманд Бёрк заўсёды лічыўся ідэалягічным супернікам Папы Францішка. Погляды амэрыканца нашмат бліжэйшыя да яго папярэдніка – знакамітага Папы-інтэлектуала Бэнэдыкта XVI.
Пераважная колькасьць удзельнікаў канклаву – гэта кардыналы, якіх прызначыў Францішак, але гэта ніяк не гарантыя таго, што наступны Пантыфік будзе такім самым.
У выпадку абраньня кардынала Бёрка, традыцыйнасьць вернецца ў Рым і сусьветны Касьцёл.
Петэр Эрдзё

Вугорскі 72-гадовы кардынал выглядае ледзьве ня лідарам так званай «кансэрватыўнай» партыі Ватыкана. У 2003 годзе Ян Павал ІІ прызначыў яго кардыналам. На той час яму было ўсяго 51 год. Ён хутка стаў знакамітым і ўплывовым у каталіцкім асяродзьдзі. Адносна крызісу мігрантаў у Эўропе ў 2015 годзе ён выступаў не з самай тады папулярнай думкай: кардынал папярэджваў, што неразборлівае прыманьне тысячаў мігрантаў можа зрабіць Касьцёл саўдзельнікам у незаконным гандлі людзьмі.
Эрдзё выступае за моцнае трыманьне за традыцыю, але разам з тым звычайна падкрэсьліваюць яго не схільнасьць да публічных канфліктаў. Кардынал з Будапэшту валодае вялізным уплывам у Эўропе: яго двойчы абіралі кіраваць канфэрэнцыяй каталіцкіх біскупаў нашага кантынэнту. Такі давер нечага варты.
Ці будзе другі пасьля Яна Паўла ІІ Пантыфік з усходняй часткі Эўропы – пакажа бліжэйшы час.
Фрыдалін Амбонга Бесунгу

Адносна малады кардынал, яму «ўсяго» 65 гадоў. У выпадку абраньня арцыбіскуп, які нарадзіўся ў Конга, стане першым за амаль 1500 гадоў Папам з Афрыкі. Кардынал Амбонга Бесунгу зьяўляецца фармальным і нефармальным лідарам Касьцёлу на чорным кантынэнце. Афрыку прадстаўляюць 16 кардыналаў на будучым канклаве.
Амбонга Бесунгу нядаўна стаў ініцыятарам даволі нечаканай падзеі. Ён публічна заявіў аб тым, што адзін з дакумэнтаў Ватыкана, за аўтарствам Францішка, не будзе абавязковым для выкананьня ў Афрыцы. Яго падтрымала большасьць мясцовых біскупаў. Справа датычылася магчымасьці блаславеньня (не прызнаньня, а менавіта блаславеньня) аднаполых параў. Кардынал заявіў, што «ў нашым кантэксце гэта выклікала б блытаніну і было б у наўпроставай супярэчнасьці з культурным духам афрыканскіх супольнасьцей».
Але трэба адзначыць, нягледзячы на розныя погляды, афрыканскі кардынал здолеў дамагчыся амаль ухваленьня ад Францішка такой «апазыцыйнасьці» ў канкрэтным пытаньні.
Кардынал, якога ў 2019 годзе прызначыў Папа Францішак, зьяўляецца адным з прыкладаў неаднароднасьці тых, хто быў абраны ў Калегію кардыналаў спачылым Пантыфікам.
Пітэр Тарксан

«Зорны» час іншага кардынала з Афрыкі, зь якім сёньня параўноўваюць вышэйзгаданага Амбонга Бесунгу, прыйшоўся на мінулае дзесяцігодзьдзе. Кардынал Тарксан нарадзіўся 76 гадоў таму ў Гане.
Ягоная маці была пратэстанткай, а дзьядзька – мусульманінам. Пітэра на пачатку 90-х заўважыў Папа Ян Павал ІІ, і менаваў яго арцыбіскупам. Ён жа ў 2003 годзе даў ганцу годнасьць кардынала.
Ягоныя погляды ў цэлым супадаюць з больш маладзейшым кардыналам Амбонга Бесунгу.
Жан-Клод Хёлерых

Першы ў гісторыі кардынал з Люксэмбургу. Яму 66 гадоў, і, як папярэдні Папа, належыць да ордэну Езуітаў. Пяць гадоў таму Францішак прызначыў Жан-Клода кардыналам, і, нягледзячы на малавядомасьць, ён адразу прыцягнуў увагу. Амаль немагчыма ўявіць, што пасьля першага Папы-езуіта будзе адразу абраны другі езуіт, але рабіць выбар не нам.
Кардынал Хёлерых прадстаўнік «лібэральнай» плыні на Канклаве. У спрэчных пытаньнях, якія сёньня выносяцца на першыя палосы медыя, датычных аднаполых шлюбаў, кабетаў у ролі ксяндзоў, цэлібату і падобных – ён займае выразна антытрадыцыйную пазыцыю.
Пры яго верагодным абраньні можна чакаць хвалю расчараваньня ў сьвеце. Зрэшты, іншая хваля будзе ў захапленьні. Асоба з падобнымі крайнімі поглядамі наўрадці знойдзе падтрымку ў 2/3 на канклаве.
Будзе зусім ня дзіўным, калі новы Папа, калі ён зьяўляецца так бы мовіць поўным прыхільнім і ідэйным наступнікам Францішка, увозьме сабе імя Францішак ІІ.
Напрыканцы варта ўзгадаць старую рымскую мудрасьць: «Хто ўваходзіць у канклаў як Папа, выходзіць як кардынал».