Памёр папа Францішак. Пантыфіку было 88 гадоў
Папа Францішак памёр у Велікодны панядзелак, 21 красавіка 2025 года, ва ўзросце 88 гадоў у сваёй рэзідэнцыі ў Ватыкане — Каса-Санта-Марта, паведамляе ВВС.

Папа рымскі Францішак. Фота: Filippo Monteforte / AP Photo
Яго Высокапраасвяшчэнства кардынал Фарэл абвясціў пра смерць папы Францішка.
"Сёння ў 7:35 раніцы (па мясцовым часе) біскуп Рыма Францішак вярнуўся ў дом Айца. Усё яго жыццё было прысвечана служэнню Госпаду і яго царкве. Ён вучыў нас жыць каштоўнасцямі Евангелля з вернасцю, мужнасцю і ўсеагульнай любоўю, асабліва ў дачыненні да самых бедных і маргінальных слаёў насельніцтва», — гаворыцца ў паведамленні.
Фарэл дадаў: "З вялікай удзячнасцю за яго прыклад сапраўднага вучня Госпада Ісуса мы аддаём душу папы Францішка бязмежнай міласэрнай любові Адзінага і Трыадзінага Бога".
Кардынал Хорхе Марыа Бергольё быў абраны кіраўніком каталіцкай царквы ў сакавіку 2013 года пасля сыходу з пасады папы Бенедыкта XVI.
Нядаўна папа рымскі Францыск перанёс двухбаковую пнеўманію, але ён з'явіўся на плошчы сабора Святога Пятра ў Ватыкане, каб павіншаваць тысячы вернікаў з Вялікаднем.
88-гадовага пантыфіка вывезлі на балкон базілікі Святога Пятра ў інвалідным вазку. Ён памахаў рукой з балкона прысутным унізе вернікам і павіншаваў іх, сказаўшы: «Дарагія браты і сёстры, з Вялікаднем».
Пантыфік быў занадта слабы, каб вымавіць традыцыйнае папскае велікоднае благаславенне — яго прачытаў адзін з суправаджаючых папу святароў.
Папа рымскі лёг у бальніцу 14 лютага. За пяць тыдняў знаходжання ў бальніцы ён перанёс "два крытычных эпізоды", калі яго "жыццё было ў небяспецы", паведаміў адзін з лекараў, доктар Сэрджыа Альфьері.
Разам з тым, пантыфіка не інтубавалі, і ён увесь час заставаўся ў яснай свядомасці, дадаў лекар.
Праблемы са здароўем суправаджалі папу Францішка, ураджэнца Аргенціны, на працягу ўсяго яго жыцця. Збольшага яны звязаныя з тым, што ва ўзросце 21 года яму выдалілі частку лёгкага, гэта зрабіла яго асабліва ўразлівым да лёгачных інфекцый.