Вясна, якую заўжды чакаеш. Фотатэрапія

На Беларусі нязменна ўсё, акрамя таго, на што не могуць паўплываць дэкрэты і пастановы. Магчыма, менавіта таму штогод жыхары «крыштальнага сасуда стабільнасці» чакаюць новыя агрэгатныя станы часоў году. А нагодамі для выбуху фота ў сацсетках збольшага даўно ўжо сталі змены ў надвор’і замест зменаў у жыцці. Што ж, у гэтым сэнсе падтрымаем трэнд і прапануем вам пачаць тыдзень з вандроўкі па вясенняй Беларусі.

_belarus_vjasna_pryroda_kraina_czastka_5_2025_fota_novy_czas___4_.jpg

Безумоўна змена часу году — здарэнне выбітнае і надзеясцвярджальнае. Шмат хто кажа: «Вось восенню/летам/зімой/вясной я... (дадаць на свой густ)». Ці то блаславёны народны квэст пад назвай «рамонт», ці то «пачну бегаць», а можа і канчаткова моцнае «сяду на дыету». Мэту кожны прызначае сваю і шлях да канчатковай кропкі таксама ж. А тым часам няўмольныя прыкметы пераменаў у надвор’і штогод ідуць сабе, не зважаючы ні на што. 

Хтосьці скажа, што гэта натуральны рух, які немагчыма спыніць ці перавесці ў іншае рэчышча. Так, але ж гэта яшчэ і час задумацца, ці сапраўды мы такія ўжо бездапаможныя, што не можам самі кіраваць сваім лёсам і сваёй жыццёвай дарогай. Вызначыць нейкія, нават пакуль дробныя, але непахісныя, правілы і намагацца ні пры якіх абставінах іх не парушаць. Спачатку няхай гэта будзе нешта зусім, здаецца, нязначнае кшталту «не пакідаць смецце падчас адпачынку», а нават і «перад адпачынкам прыбраць наваколле ад смецця», бо мы ж не падобныя на аматараў сядзець у лайне!

Восень -- час роздуму, зіма — адпачынку, а вось вясна — час, калі кроў пачынае хутчэй ганяць па венах і артэрыях ды падбухторваць на нейкія грунтоўныя пачынанні і дзеянні. Атрымліваецца — рабіце! Не атрымліваецца — назірайце. Ніхто нікому нічога не павінен і кожны жыве так, як можа ў гэты час. Гуляем, назіраем, атрымліваем асалоду ад усяго, што бачым!

Галоўнае ў нашай справе — дыхаць глыбей. У гарадах гэта складана, але ж калі выбрацца нават на невялікую адлегласць, то здзіўляешся, што такое бывае. Нават сціплае падарожжа за некалькі кіламетраў ад горада можа ўразіць не меней за тур на тыя ж Мальдзівы.

А вось на гэтым месцы хочацца засяродзіцца асобна. Яшчэ за 100 метраў ад яго мы не ведалі, што ўбачым такую прыгажосць. Старая чарэшня квітнее ў полі і ёй няма ніякай справы ні да чаго — у яе кветачкі! Шыкоўнае месца, неверагодны, як зараз кажуць маладзёны, вайб і мора пазітыву! Не адчуваеце? Тады вам самы час выбірацца на вольнае паветра і шукаць свае прыгоды і гэты самы вайб!

Спадзяёмся, мы вас заахвоцілі, каб цягам бліжэйшых дзён сустрэць сваю асабістую і непаўторную вясну. Здаём вельмі карысныя яўкі ды паролі — не спяшайцеся дадому! Увечары самае крутое святло ды самыя класныя здымкі! Інстаграм памрэ ад зайздрасці, дакладна вам кажам!