«Яны сустракаюцца». А як казалі нашы продкі?

У выдавецтве «Беларуская навука» выйшла кніга даследчыцы Яніны Грыневіч «Беларускія пазаабрадавыя лірычныя песні». З яе можна даведацца пра семантыку і паэтыку вобразаў у песнях, іх вытокі і развіццё.

engagement_1718244_1280.jpg


Кніга стала плёнам шматгадовай даследчай працы Яніны Грыневіч. Выданне ўтрымлівае раздзелы, прысвечанныя гісторыі збірання і вывучэння пазаабрадавых лірычных песень, іх семантыцы і паэтыцы, паходжанню і гісторыі развіцця. У кнізе змешчаны таксам слоўнік мовы лірычных песень. З яго можна даведацца, напрыклад, што акрамя слова “кахаць” у песнях сустракаюцца сінонімы “любіць” і “куміцца”, а адпаведнікі сучаснага “сустракацца” ў традыцыйнай лірыцы – “любіцца” і “кахацца”. З дапамогай слоўніка можна паглядзець, у якім кантэксце фігуруюць у лірычных песнях самыя розныя персанажы, з’явы і рэчы.Прапануем развагі Яніны Грыневіч, якімі яна дзялілася з НЧ падчас падрыхтоўкі кнігі.

jan_na_hrynev_cz_fota_aleny_ljaszkev_cz_logo_1.jpg


Варта пачаць з таго, што такое лірычныя песні і вобразы ў іх. Народная лірыка — гэта сукупнасць песень, не прымеркаваных да абрадаў каляндарнага ці сямейнага цыклаў. Да лірычных песень адносяцца любоўныя, сямейна-побытавыя і сацыяльна-побытавыя. У цэнтры лірычнага твора — асоба чалавека са сваім асабістым лёсам у пэўных тыповых жыццёвых сітуацыях. Існаванне чалавека асэнсоўваецца праз прызму перажыванняў і пачуццяў. Асобна ад лірычных песень звычайна разглядаецца позні гарадскі раманс (яго часам яшчэ завуць «жорсткі»). У адрозненне ад балад, у лірыцы ідэйна-эмацыянальны пачатак пераважае над апавядальным. Мы не можам казаць пра паўнавартасны сюжэт лірычных песень, хутчэй пра пазнаку сюжэтнай сітуацыі.
Вобраз у лірычнай песні, як і ў фальклоры ўвогуле, звычайна шматзначны. Семантыка (значэнне) вобразу залежыць ад кантэксту, прыметнікаў і дзеясловаў, якімі суправаджаецца слова. Колькасны аналіз, праведзены на аснове класічнага зборніка беларускага песеннага фальклору «Лірычныя песні» (складальнік Ніл Гілевіч), дэманструе цікавыя звесткі — паказвае як часта тое ці іншае слова ўжываецца ў песнях.
На першым месцы па колькасці згадак стаіць вобраз каня — увасабленне багацця і дастатку. У пазаабрадавых лірычных песнях ён выступае асноўным сродкам перамяшчэння лірычнага героя. Калі лірычная гераіня мае вала і каня — гэта значыць, што яна з заможнай сям'і. У той жа час конь выступае як атрыбут персанажа мужчынскага полу, “бел-малойчыка”, салдата, рэкрута, казака. Ён можа быць верным спадарожнікам, сябрам, з якім лірычны герой вядзе доўгія размовы. Пакупка каня ў творах напрамую звязана з паходам на вайну: « — Ой, каму ж ты, айчэнька, купляеш канічэнька і так сільненька плачаш? — Для цябе, мой сыночку, паедзеш на вайночку, на чужую старону».
Акрамя таго, конь выступае як сувязны паміж малойчыкам, які захварэў, ці паранены, ці нават памірае, і яго сям'ёй. Гаспадар дае каню наказ паведаміць сваякам альбо жонцы, што ён ужо не вернецца.Вобраз сімвалізуе мужчынскі пачатак, мае эратычны падтэкст. Калі хлопец просіць дзяўчыну «напаіць каня», то мы разумеем, што дыялог носіць сімвалічны сэнс, гэта такі кшталт флірту ў традыцыйнай культуры.
Вобраз долі — другі паводле частотнасці. Лірычныя песні сфакусаваныя на пытанні пра гэту быційную катэгорыю, канстанту і каштоўнасць, якая факусуе ў сабе ўсе астатнія. У той жа час, фатальнасць лёсу не абсалютная: долю, дадзеную ад нараджэння, можна змяніць у вузлавыя моманты жыцця (вяселле). У лірычных песнях добрая доля звязваецца з заключэннем удалага шлюбу, узаемным каханнем. Нядоля для мужчыны — гэта рэкруцкі набор, салдацкая служба, ад'езд на чужыну, а для жанчыны — страта вянка, які сімвалізуе цнатлівасць, а таксама няўдалы шлюб (са старым, нялюбым). Доля дзяўчыны, што выходзіць замуж за старога, напрыклад, настолькі горкая, што параўноўваецца ў песнях з палыном.
Наступная тройка вобразаў наўпрост звязана з ландшафтам – сад, поле і дарога.
Вобраз саду, у першую чаргу, суадносіцца з родным домам, з акультуранай прасторай, там знаходзяцца птушачкі, кветкі, ягадкі, цукровы гарох. З аднаго боку, у песнях сад выступае як месца для спатканняў, а з другога, – гэта мяжа між «сваёй» і «чужой» прасторай. Вобраз саду ўваходзіць у асацыятыўныя шэрагі кшталту «поле – мора – лес – сад», якія пазначаюць мяжу.

pole_a._ljaszkev_cz_logo_1.jpg


Вобраз поля, з аднаго боку, увасабляе акультураную, засвоеную чалавекам прастору, месца спатканняў і сустрэч, а з другога боку – локус, звязаны з іншасветам. У некаторых кантэкстах поле – станоўчы вобраз («шырокае», «радзімае»), а ў іншых – наадварот, поле «нерадзімае», «голае», «камяное». Лірычная гераіня нярэдка выпраўляецца ў чыстае поле шукаць добрай долі, якой не атрымала пры нараджэнні.

daroha_a._ljaszkev_cz_logo_1.jpg


З вобразам дарогі так ці інакш звязаны амаль усе персанажы лірычных песень: салдата чакае дарога на вайну, чумака, бурлака – дарога ў Крым, ці ў Адэсу, маладую дзяўчыну – дарога да шлюбу, пасля – у мужаву сям'ю. Што цікава, у беларускіх лірычных песнях даволі шырока прадстаўлены украінскія тапонімы. Акрамя Крыма і Адэсы гэта Кіеў, Львоў, сама Украіна. Львоў і Кіеў маюць значэнне культурнага цэнтра, у той час як Крым звязаны з чумацкім і бурлацкім промысламі і ўвасабляе «чужую старану», дзе героя чакаюць розныя няшчасці: хвароба, смерць.

Выканальніцы лірычных песень, «Малёўскі фальклорны гурт» в. Карцэвічы Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці. Фота Яніны Грыневіч.

Выканальніцы лірычных песень, «Малёўскі фальклорны гурт» в. Карцэвічы Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці. Фота Яніны Грыневіч.


У песнях дарога выступае месцам дзеяння, з ёй напрост звязаны матыў растання. Ад’езд «на чужую старану» – гэта «вялікая дарога», што суадносіцца са шляхам у Іншасвет. Такому падарожжу папярэднічае бацькоўскае павучанне з надзеяй на вяртанне, а некаторыя прыкметы, напрыклад, паводзіны каня, могуць стаць лёсавызначальнымі:
Выпраўляла маці сына ў бальшую дарогу.Едзь, едзь, мой сыночак, ды назад вярніся.А бог знае, бог ведае, назад ці вярнуся:Сярод двара шырокага мой конь спатыкнуўся…Калі, калі, мой сыночак, прыйдзе ка мне ў госці?Тады, тады, мая мамка, прыйду к табе ў госці,Як вырасце травічачка на новым памосце.
Адказ лірычнага героя, як бачым, можа поўніцца горкім усведамленнем, што ён не вернецца: «Тады я вярнуся, калі вярба на камні разаўецца».
У песнях дарога сімвалізуе таксама асабісты лёс і долю чалавека («дарогу жыцця», «жыццёвы шлях»). Зарослая, замеценая дарога ўвасабляе перашкоды. Часта маладзіца, што пераехала ў сям'ю мужа, хоча вярнуцца дадому, аднак «дарога пазавісала калінкай, дуб'ём-бярэзнічкам».
Часцей за вобразы іншых раслін у песнях сустракаецца каліна. Яна ўвасабляе дзявоцкасць, дзяўчыну перадшлюбнага ўзросту, замужніцу, маці. «Каліна-маліна» — гэта маладая прывабная дзяўчына ў росквіце жыццёвых сіл. Разам з тым, вобраз каліны мае сталую сувязь з іншасветам (у песнях пад ёй знаходзяцца забіты казак, салдат і нават персаніфікаваная Смерць: «Іду лугам-далінаю, сядзіць Смерць пад калінаю»). Вобраз каліны нярэдка звязаны з матывамі нешчаслівай долі, няўдалага шлюбу.
Далей паводле частаты ўжывання ў лірычных песнях – вобразы, звязаныя з увасабленнем чалавека і яго цела. У творах яны выступаюць сімваламі пэўных абстрактных паняццяў: галава – розуму; сэрца – кахання; твар, вочы, бровы, кудры ўвасабляюць прыгажосць, маладосць. Асацыятыўныя шэрагі «галава – плечы», «галава – сэрца», «душа – сэрца» увасабляюць чалавека ў цэлым. Галенне галавы суадносіцца з забраннем ў рэкруты, салдацкай службай. Выразы «даваць руку», «звязваць рукі» маюць значэнне «браць шлюб», «ламіць рукі» – тужыць, сумаваць.

36823176_1775796685823448_5279251814582059008_n_logo.jpg


Разгадванне сімволікі песень – надзвычай цікавая і даволі ўдзячная справа, калі памятаць пра кантэкст і шматзначнасць фальклорных вобразаў.