Юбілейны Калядны фэст: што новага?

У клубе Re:Public 25 снежня з аншлагам прайшоў юбілейны Калядны фэст. Дзевяць год таму па гэтым жа адрасе, у клубе «Стэп», адбыўся першы фэст, які здаваўся чарговым безаблічным супольным канцэртам медывальных гуртоў. За дзесяцігоддзе Калядны фэст стаў сапраўдным брэндам, але часта можна пачуць думку «Там усё тое ж самае, што ні год». Ці так гэта?

kaljadny_fest_2017__pavel_aksinovicz__5__logo.jpg

Першыя сто наведвальнікаў сёлетняга Каляднага фэста атрымалі ад арганізатараў альбом «Angleza» гурта TESTAMENTUM TERRAE (калі хто памятае, пад такой назвай выступала цяперашняя PAWA). Яшчэ самыя дысцыплінаваныя і раннія наведвальнікі паспелі вывучыць некалькі танцаў разам з калектывамі ЯВАРЫНА, ФЛАМЕЯ, ГІСТРЫЁН і Школай традыцыйнага мастацтва. Гэта файна, бо чаканне пачатка канцэрта бывае даволі тужлівым, асабліва для тых, хто не ўжывае алкагольных напояў. Да таго ж некаторыя з засвоенных танцаў можна было «замацаваць практычна», падтрымліваючы выступы любімых гуртоў. Лепшыя чатыры танцоры на майстар-класе атрымалі сертыфікаты на заняткі Школы традыцыйнага мастацтва. Пасля танцаў выступілі з каляднымі песнямі спявачкі з той жа школы, гурток Вікторыі Міхно.
Гурт АДАРВІРОГ, дэбютант Каляднага фэсту, унёс разнастайнасць у звычайны склад выступоўцаў. Слоў, праўда, было амаль не разабраць, прынамсі з танцполу, але народ калбасіўся ў кайф. Натхнёныя Караткевічам і паўстаннем Касцюшкі, частка песні пра якога прагучала чыткай рэпу… І гэта не адзінае нечаканае выканальніцкае рашэнне. Па словах музыкі гурта Віктара Лагацкага, запісваючы партыі для альбома «Край паданняў», ён сам сабе і ўсім астатнім даказаў, што і дуду ў традыцыйным беларускім строі Гаўрылы Слаўчыка (закрытая манера грання) можна выкарыстоўваць, граючы метал. Збольшага дуда ў беларускіх гуртах гучыць у адкрытай манеры, што не мае каранёў у мясцовай традыцыі. Сярэднявечны танец «Маразуля» за вечар сыгралі тры разы. У выкананні «Адарвірога» ён стаў «Адмаразуляй» і скончыўся слэмам.


Разаграваць публіку працягнуў гурт ЯВАРЫНА. Ён выступіў на Калдяным фэсце другім разам, затое якія трапныя гэта былі разы: першы і юбілейны фэсты. Музыкаў падтрымлівала танцавальная група, што спачатку зладзіла паказальны выступ, а потым запрасіла далучыцца публіку. Судзячы па водгуках у сацсетках, танчылі нават тыя, хто сам ад сябе такога не чакаў. Пад «Маразулю» як не затаньчыць! А на «Ойру», напрыклад, было пар 50 мінімум. Адсюль «дыягназ»: танцавальная недастатковасць. Не веру, што народ ахвочы скакаць толькі на Калядным фэсце. Таму, таварышы, падтрымівайце Дударскі клуб і прыходзьце на вечарыны!
Выступу TROLLWALD папярэднічала хвілінка свецкай хронікі ад вядоўцы і заснавальніка Каляднага фэста Змітра Сасноўскага. Ён звярнуў увагу публікі на тое, што вакаліст Андрусь Апановіч згаліў бараду, а музыка Алесь Чумакоў, што грае і ў «Старым Ольсе», – пастрыгся. «А мы пішам альбом» – паведаміў Андрусь Апановіч тонам Карлсана «А мы тут плюшкамі балуемся». І паабяцаў, што хутка новы матэрыял з’явіцца ў інтэрнэце. Пакуль гурт выканаў з яго песню «Спыніўся час». Выступ падзяліўся на два блокі: песні пра людзей і пра троляў. Другі блок анансаваўся з душой: «Песня пра троля-чыкацілу «Не гуляйце, дзеўкі ў лесе»; «Троль-байструк, якога маці, жонка каваля, уратавала ад смерці, а ён троху падрос — і ўчыніў генацыд вёскі». Дарэчы, на Калядным фэсце ў 2015 годзе TROLLWALD упершыню выступіў публічна пасля развалу свайго папярэдніка, гурта «Літвінтроль».
Не абышлося без каляднікаў. Калядавалі на танцполе, не на сцэне: да народу бліжэй, падарункі сабраць жа трэба. Ну, і выглядае жывей, не выступам. Сёлета калядны гурт складаўся з кампаніі сяброў, што не асацыюе сябе ні з якой арганізацыяй ці ўстановай.
Заўсёдны ўдзельнік Каляднага фэсту — СТАРЫ ОЛЬСА. Як і абяцаў, гурт выканаў калядны кант ХVI стагоддзя «Дзікова галава», які адзін свядомы беларускі студэнт знайшоў у аддзеле рэдкай кнігі Оксфардскага ўніверсітэта і выслаў гурту. Было настолькі атмасферна, што, падавалася, дзіковую галаву, упрыгожаную зёлкамі ды гірляндамі, і праўда вось-вось унясуць у залу. Выступ падыходзіў да канца, і стала нават неяк сумна: няўжо абыдзецца без “Маразулі”? А не тут-та было. Шчаслівыя танцоры адскакалі трэцім разам за вечар.
Анансуючы гурт PAWA, Зміцер Сасноўскі захапляўся прыгожосцю ўдзельніц, мабыць, звяртаючы ўвагу публікі на тое, што цяперашнія скрыпачка і флейтыстка у гурце нядаўна. Гурт прэзентаваў новую песню «Плячом да пляча».
Выступ гурта ПАЛАЦ скасаваўся. GODS TOWER быў адрэкамендаваны Змітром Сасноўскім як «самы адмарожаны гурт з самага адмарожанага горада Беларусі, што ўтварыўся на Старым Аэрадроме». Абдымаючы на сцэне земляка, вакаліста Лэслі Найфа, у рэаліях гомельскага мікрараёна Аэрадром проста «Нажа», Сасноўскі дзяліўся ўспамінамі маладосці. Хуліганамі яны былі яшчэ тымі, але ў адрозненні ад гопнікаў, што прапаноўвалі набыць цагліну, чапляліся да людзей з пытаннем «Як будзе гвоздзь па-беларуску?» І хто не мог хутка ўзгадаць слова «цвік» атрымліваў… Куды атрымлівалася. Такая вось беларусізацыя знізу па-гомельску. А калі GODS TOWER зайграў… Слухаеш, напітваешся драйвам і проста забываешся, дзе ты, што ты, колькі табе год і колькі вось гэтым дзядзечкам на сцэне.
Такім чынам, з новага сёлета на Калядным фэсце: упершыню выступілі GODS TOWER і АДАРВІРОГ, некалькі гуртоў прэзентавалі песні, што раней не выконваліся. Фэст застаецца для гуртоў і наведвальнікаў знакавай падзеяй. Наведвальнікі, дарэчы, былі самага рознага ўзросту: падрослыя аматары прыводзяць дзяцей, а падрослыя яшчэ больш паступова набліжаюцца да пенсійнага веку. Напэўна, папулярнасць фэсту акрамя ўласна любові да музыкі можна патлумачыць яшчэ і прадуманай арганізацыйнай працай Віталя Супрановіча. Загадзя з’явіліся не проста прэс-рэлізы, а шмат змястоўных матэрыялаў пра фэст (адзін з іх і ў нас). Кошт квіткоў чым бліжэй да канцэрта рос. Таму працаваў эфект «Нялятай, тарапісь». Ну і ахвоту людзей панастальгаваць і грамадой адзначыць свята таксама не варта скідаць з рахункаў.
Фота Паўла Аксіновіча