Казачны Караткевіч: Слова, напісанае Паэтам, застанецца

Уладзімір Караткевіч вельмі любіў мультфільмы. Крыўдзіўся, калі жонка, Валянціна Браніславаўна, забывала паклікаць яго да тэлевізара.



liebiadziny_skit.jpg

«Аспід!», — так жартаўліва называла яна мужа, — ідзі, там твае мульфільмы пачаліся!» У кватэры тады панавала цішыня — нішто і ніхто не павінны былі замінаць прагляду. З аднолькавай увагай ён глядзеў і «Ну, пачакай!» і тонка-інтэлектуальныя фантазіі Нарштэйна.

Мультфільмы стваралі пісьменніку адпаведна-творчы настрой. Той настрой, пры якім вельмі добра пішуцца казачныя творы.

Магчыма,  знаныя літаратуразнаўцы і запярэчаць, але, як мне здаецца, ва ўсім напісаным — раманах, аповесцях, апавяданнях, п’есах, вершах, сцэнарах — У. Караткевіч заставаўся перадусім казачнікам.

Ён выдумаў сваю казачную Беларусь.

У гэтай краіне жылі фізічна і духоўна моцныя беларусы-арыстакраты. Яны былі выдатна адукаваныя, ведалі шмат моў і ніколі не забывалі пра родную мову і традыцыі сваіх продкаў.

Іх кахалі самыя прыгожыя жанчыны; сядзібы і палацы гэтых беларусаў мелі такія калекцыі жывапісу, якім бы пазайздросцілі лепшыя музеі Еўропы. 

Персанажы твораў У. Караткевіча шмат у чым маюць падабенства да казачных асілкаў. Кожны з гэтых супер-герояў дастаткова ўмоўны. Кожны з іх хутчэй знак, сімвал, а пасля ўжо — жывы чалавек. Гістарычны фон, на якім яны дзейнічалі, гэтаксама (нягледзячы на многія канкрэтныя рэаліі і прыкметы) ствараўся хутчэй паводле законаў паэзіі, чым гісторыі. 

Пісьменнік не хацеў паказваць беларуса — няўпэўнена-смутнаглядным, палахлівым, слабым. Значна цікавей было выдумаць СВАЙГО беларуса і зрабіць гэта так па-мастацку пераканаўча, каб рэальны, абыякавы да ўсяго нацыянальнага суайчыннік паверыў у гэтую фантазію і хоць крыху пачаў адпавядаць такому яркаму літаратурнаму вобразу...

Вялікае месца ў творчасці Уладзіміра Караткевіча займалі не толькі гістарычна-дэтэктыўныя казкі, створаныя для дарослых, але і тыя, якія ён напісаў для дзяцей. 

Адно з самых ранніх казачных апавяданняў У. Караткевіча напісана ў 1952-м годзе. Гэта — «Лебядзіны скіт». Апублікавана яно было толькі пасля смерці аўтара ў 8-томным зборы яго твораў.

Дзеянне казкі адбываецца ў тыя часы, калі «...рознапляменныя орды ўладара Батыя пайшлі навалай на рускую зямлю (...) Наперадзе яны сустракалі зялёныя палі, хаты ў садах і стракатыя гарады, а ззаду пакідалі толькі чорную пустэчу, па якой як жадаў хадзіў вецер, узнімаючы сталбы попелу. І болей нічога не заставалася на калісьці зялёнай зямлі».

Караткевіч па-босхаўску выразна малюе карціну нацыянальнага апакаліпсісу. Вораг, як бачна з прыведзенай цытаты, знішчае татальна ўсё і ўсіх. Прытым, калі чытаеш гэтую рэч, то разумееш — не так і істотна, пра якога ворага піша аўтар. Умоўна-баладная структура «Лебядзінага скіта» дазваляе замест «войскаў Батыя» уявіць немцаў, рускіх, французаў, палякаў ці каго там яшчэ.

Паратунку няма ніякага. Літасці чакаць няма ад каго. Ды і скуль ёй, гэтай літасці, узяцца, калі наш народ, паводле слоў Батыя, варты адно толькі пагарды, бо: «Іхнія «каназы» цураюцца сваёй мовы, іх папы — брахлівыя сабакі, у людзей яго, як у птушкі, адно жаданне — набіць свой валляк».

Біблейскае гучанне свайго твора У. Караткевіч узмацняе не толькі тэмай пакарання цэлага народа за яго грахі, але і чыста Хрыстовым матывам ахвяры. Войскі Батыя бачаць «на беразе возера скіт, змётаны з шэрых бярвенняў, ля якога завіхаўся нейкі старац». Расчараваны ў сваім жыцці, Старац хоча зрабіць хоць адзін варты ўчынак: ён просіць Батыя пакінуць жывымі тых сваіх суродзічаў, хто зможа змясціцца ў скіце.  Узамен ён гатовы ахвяраваць сабой.

У Старца з’яўляецца нечаканы саюзнік — смешны, «вечна п’янаваты» Юсуфі, які апявае паходы Батыя і можа (на правах блазна) казаць свайму гаспадару ўсё, што думае. Менавіта ў «Лебядзіным скіце» перад намі ўпершыню прадстае ПАЭТ-ВЫРАТОЎЦА. Дзякуючы заступніцтву Юсуфі, Батый згаджаецца з умовай Старца. Як своеасаблівы анёл-ахоўнік, Юсуфі сваімі вострымі жартамі і тонка-іранічнымі показкамі бароніць ад гневу Батыя галоўнага героя. Ён адзіны сярод захопнікаў, хто шкадуе наш народ, адзіны, хто верыць у яго сілу.

Мудры Юсуфі ведае — Батый загіне, а слова, адно толькі слова, напісанае Паэтам, застанецца. Помніць жа пра грознага заваёўніка будуць толькі тады, калі пра яго напіша Паэт.

Як і Юсуфі, Караткевіч верыў у сілу слова. І меў рацыю.

Хто з сённяшніх маладых чытачоў чуў пра тагачасных «Батыяў», пры якіх жыў і пісаў Уладзімір Сямёнавіч. А яго, Караткевіча, помняць.

Чым скончылася суперніцтва Старца і Батыя, мы ведаем — скіт дзівосным чынам сабраў у сябе ўвесь народ, які ператварыўся ў белых лебедзяў. Птушкі паляцелі да сваіх «разораных гнёздаў» і абярнуліся там людзьмі ў белых світках. Менавіта з тых часоў, паводле фантазіі пісьменніка, народ гэты і стаў называцца беларусамі, а краіна — Беларуссю. Старац, чыя бязмерная любоў да свайго народу стварыла падобны цуд, ператварыўся ў камень, які «точыць слёзы».

Па сваёй сіле, смеласці, нацыянальнаму духу, унутранай энергетыцы юны Уладзімір Караткевіч напісаў  практычна бездакорны твор. Адзінае, за што можна крытыкаваць «Лебядзіны скіт», — гэта за яго не вельмі добрую беларускую мову. Аднак стваральніку новых нечаканых вобразаў, герояў ды і ўвогуле чалавеку, які тэматычна, ідэйна абнавіў нашую літаратуру — моўныя і стылёвыя недакладнасці, безумоўна, даравальныя.

У свае 22 гады Караткевіч выявіў вельмі важную для ўсёй сваёй далейшай творчасці думку, якая стала, па-сутнасці, яго крэда: як бы цяжка не было, які б не быў твой народ памяркоўна-абыякавы — ВЕР у яго сілы, ЛЮБІ яго, не гледзячы ні на што, не дапускай і думкі, што твой народ «няўдалы», нават калі прыхільнікі «аб’ектыўнай праўды» пра гэта штодня гавораць. ВЕР — і тады здзейсніцца цуд!

У 1975-м годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выходзяць дзве невялічкія, выдатна аформленыя кнігі Уладзіміра Караткевіча «Казкі» і «Белавежская пушча». Па-сутнасці, менавіта 40 гадоў таму назад і адбыўся афіцыйны дэбют пісьменніка ў друку як дзіцячага аўтара.

У зборніку «Казкі» змешчаны два хрэстаматыйныя творы — «Чортаў скарб» і «Верабей, сава і птушыны суд».

Гэтыя творы, у параўнанні з па-арганнаму-велічным «Лебядзіным скітам», — вонкава лёгкія, бесклапотныя, напісаныя з вялікім гумарам. Але калі чытаеш уважліва той жа «Чортаў скарб», заўважаеш пэўнае падабенства з гісторыяй пра ахвярнага Старца і п’янаватага Юсуфі. А магчыма, нават можна ўбачыць іранічнае пераасэнсаванне гэтай гісторыі. Тут таксама ёсць вораг-акупант (Чорт), які не дае жыцця простым беларусам (Янку і яго сям’і). Чаго толькі гэты нячысцік не робіць! «Пазаплятае коням грывы так, што пасля не расчэшаш, а думаюць на сыноў. Вяршкі з малака зліжа, а думаюць на бедную кошку... А то раніцай вынуць з печы пірог і здзівяцца: на пірагу невялічкі адбітак. Гэта чорт на гарачае цеста адпачываць садзіўся. Грэўся з марозу».

Паказаўшы ў сваіх «дарослых» творах цэлую галерэю моцных, рашучых, мудрых і смелых беларусаў, у «Чортавым скарбе» Уладзімір Сямёнавіч іранізуе з такіх якасцяў нашых людзей, як няцямлівасць, няўпэўненасць, нясмеласць, няўменне змагацца за сваё. Янку прасцей уцячы з хаты, кінуць сваю гаспадарку, чым даць адпор нячысціку. Як піша аўтар:  «І вырашыў [Янка] урэшце, праз гэтыя чортавы выбрыкі, забіць хату дошкамі і падавацца з дзецьмі, валамі і кошкай некуды ў свет. Кінуўшы сваю радзіму, цёмныя пушчы, светлыя рэкі ды чыстыя воды. І стала б на Беларусі меней яшчэ адной сялянскай хатай…»

Як мы памятаем, нашага героя ратуе выпадак. У хаце Янкі заначаваў вандроўны артыст-павадыр з мядзведзем. Ноччу мядзведзь вырашыў паласавацца рэпай. Чорт, які гэтаксама захацеў з’есці рэпу, прыняў у цемры мядзведзя за кошку. У выніку — мішка даў яму такога выспятка, што той уцёк і болей у хаце не з’яўляўся. У фінале Янка выпадкова сустракае Чорта, і той прызнаецца, што закапаў у яго хаце скарб — Янка становіцца багацеем.

Іронія гэтай казкі яшчэ і ў тым, што Янка так і не здагадаўся пра тое, як яму дапамаглі. Чорт быў упэўнены, што быў пашкуматаны кошкай і расказаў пра гэта Янку. А той і паверыў. У. Караткевіч праводзіць у гэтай (такой няпростай на самой справе!) казцы цікавую думку, што калі беларусаў рату­юць, то яны часта не разумеюць, ад чаго іх ратавалі і хто іх сапраўдны выратоўца.

 Перад намі — зноў гісторыя пра тое, як чароўнае з’яўленне ПАЭТА (бо вандроўны артыст-павадыр — чым не паэт?) ратуе беларусаў ад бяды.

Другая казка ў зборніку «Верабей, сава і птушыны суд» — гісторыя пра дзёрзкага, незалежнага вераб’я, якога птушыная грамада хацела аддаць пад суд. Уся віна нашага героя была ў тым, што ён аднаго разу «размахнуўся крыльцам і ляпнуў сітаўку па хвасце».  Верабей схаваўся ад птушынага суда ў невялікім дупле. Вартаваць паставілі саву, якая «…ў той час была зусім без пер’яў. Голая, як абскубленая курка. Жоўтая. Худая. Выгляд сараматны і гнюсны». Птушкі «скінуліся па адным пяры і зрабілі саве дзівоснае футра», абы тая ўсю ноч вартавала «злачынцу». Сава пад раніцу заснула, верабей — уцёк, а саву зрабілі вінаватай, і з тых часоў кожная птушка патрабуе ў яе сваё пер’е.

Свабодалюбівы верабей і аг­рэ­сіўна-аўтарытарнае птаства — чым не іранічная метафара тых часоў, калі стваралася казка. У памяці адразу ж узнікае славуты фільм Георгія Данэлія «Афоня» (які, дарэчы, таксама выйшаў у 1975-м), дзе над галоўным героем, гультаявата-бесклапотным сантэхнікам, увесь час чынілі грамадскія суды.

У больш позняй казцы «Жабкі і чарапаха» — падобны ж вобраз агрэсіўнай грамады У. Караткевіч выявіў у выглядзе дурных жабак, што здзекуюцца з ціхай, інтэлігентнай Чарапахі. Ад свайго імя, чыста публіцыстычна, аўтар гнеўна загадвае неразумным жабкам: «Ану, марш адразу ж у Чарапахі прабачэння прасіць, перапрашаць яе!»

«Белавежская пушча» — другі дзіцячы зборнік, які выйшаў разам з «Казкамі»  ў 1975-м годзе. Яго можна назваць у роўнай ступені творам як Уладзіміра Караткевіча, так і мастака Пётры Драчова, што з’яўляўся аўтарам неверагодных па сваім графічным майстэрстве калажных малюнкаў. У гэтых малюнках выдатна суіснуюць старажытныя гравюры, чорна-белыя і каляровыя фотаздымкі, акварэльныя замалёўкі і выявы, створаныя гуашшу.

Сама кніга — хваласпеў Белавежскай пушчы і яе насельнікам: магутным зубрам, ласям, дзікам, самым розным птушкам.

Як няцяжка здагадацца — Белавежская пушча, якая паўстае тут ідылічна-прыгожай, непрыступна-магутнай, з ідэальнай іерархіяй звяроў і птушак — фантазія пісьменніка на тэму таго, якой павінна быць наша Беларусь.

…Як мы памятаем, Ула­дзімір Караткевіч вельмі любіў мультфільмы. Яны стваралі пісьменніку адпаведна-творчы настрой. Той настрой, пры якім вельмі добра пішуцца казачныя творы.

Многія казкі пісьменніка (сур’ёзныя, іранічныя, велічна-пафасныя, гумарыстычныя, сучасныя, гістарычныя, для зусім маленькіх і зусім дарослых) аб’ядноўвала тэма ПАЭТА-ВЫРАТОЎЦЫ, у іх гучаў матыў ВЕРЫ (толькі не ў рэлігійным сэнсе гэтага слова).

У казцы «Скрыпка Дрыгвы й верасовых пустэчаў» галоўныя героі, Янук і Марта, пабраліся шлюбам супроць волі «чорнага, як кажан, і жорсткага, як вампір» магната. Напалоханыя суседзі ад іх адвярнуліся. Але  настолькі моцна Ён і Яна ВЕРЫЛІ ў сілу свайго кахання, што да іх завітаў прывід вялікага ПАЭТА Алеся Бан-Жвірбы, які абараніў іх сваёй чароўнай песняй ад помсты магната і прынёс іх сям’і багацце…

Сваімі казкамі Уладзімір Караткевіч вучыць: калі ВЕРЫЦЬ у свой народ (які б ён не быў), ВЕРЫЦЬ у сваё каханне, у сваю краіну, у сваіх ПАЭТАЎ і хаця б раз у дзень чытаць па адным беларускім вершы — тады не загінем, тады не будуць страшныя ніякія чэрці і  «рознапляменныя орды», ніякія «птушыныя суды», ну і вядома — ніякія жабкі не пасмеюць здзекліва квакаць у наш бок.