«Габрэйская» вечарына ў Барысаве (фота, відэа)
У Барысаве 9 чэрвеня зладзілі майстар-клас і вечарыну габрэйскіх танцаў.
Я, шчыра сказаць, звычайна на «выяздныя» танцы цягнуцца лянуюся. Навошта? Добра патанчыць можна і ў Мінску, па серадах — на Карчы, па нядзелях — у Верхнім горадзе. Праўда, гэта ўлетку, а з вечарынамі ў памяшканні падчас ацяпляльнага сезону цяжэй. Але танцы ў Барысаве сталі выключэннем. Мясцовая нефармальная творчая суполка «Барысаўская мыза», па словах яе лідаркі Наталлі Голавы, пару месяцаў як занялася аднаўленнем культуры габрэяў-ашкеназі. Для аматараў народных танцаў гэта нешта «свежанькае», дзеля чаго можна і выбрацца з Мінска ўвечары пятніцы.
«Барысаўская мыза» з 2012-га займалася танцамі эпохі Ампір, бо гісторыя напалеонаўскіх войнаў стала часткай гісторыі Барысава: недалёка ад горада, ля вёскі Сцюдзёнка, адбывалася пераправа войскаў французкага імператара праз Бярэзіну. Потым барысаўцы заняліся таксама гістарычнымі танцамі эпохі мадэрн, бо мяжа ХІХ і ХХ стагоддзяў для Барысава — перыяд буйнога развіцця культуры і вытворчасці. Затым барысаўцы пазнаёміліся з мінскай капэлай «На таку» і зацікавіліся беларускімі традыцыйнымі танцамі, што, на самой справе, знаходзяцца пад моцным уплывам танцаў гістарычных, якія выконвалі прадстаўнікі вышэйшых саслоўяў. Апошнім часам супольнымі высілкамі аднаўляюць габрэйскі музычны і танцавальны рэпертуар.
Праграма ў Барысаве складалася з майстар-класа для спрактыкаваных танцораў і вечарыны для ўсіх ахвочых. Падчас майстар-класа мы вучылі танцы ашкеназі: Булгар, Шэр, Хору. Булгар складаецца з крокаў, якія можна выкарыстоўваць амаль у любым габрэйскім танцы, падчас руху ланцужком, карагодам ці сола. Назва, тыя самыя крокі і музыка ў мяне стала асацыююцца з Балканамі, але спецыялісты-харэографы са мной бы напэўна паспрачаліся. «Шэр» перакладаецца з ідыш на беларускую як «нажніцы».
Па словах Аляксея Крукоўскага, кіраўніка капэлы «На таку», што грала на вечарыне, у беларускай традыцыйнай харэаграфіі таксама ёсць кадрыля «Нажнічкі», вельмі падобная да габрэйскага Шэра. Беларусы перанялі яе ад суседзяў-габрэяў, танец лічыцца з’явай агульнаеўрапейскай культуры. Хора — першапачаткова жаночы танец румынскага паходжання. Цяпер яго выконваюць і мужчыны. У габрэяў-ашкеназі ён танчыўся больш павольна, чым на поўдні.
Вывучанныя танцы можна было паўтарыць падчас вечарыны. Там гучалі таксама мелодыі кшталту «Жыдовачкі» і «Суботы», запісаных ад беларусаў у Барысаўскім раёне. «Мы граем тое, што беларусы ўяўлялі сабе як габрэйскія танцы — кажа Аляксей Крукоўскі. — Мы не ведаем дакладна, як габрэі выконвалі «Жыдовачку». Ці то беларусы спрабавалі пераняць ад суседзяў «модныя» танцы і так іх інтэрпрэтавалі, ці то гэта было нешта кшталту пародыі. Ці танчылі габрэі «Суботу»? Як мне здаецца, не, бо яны ў Шабат не танчаць…»
Перад майстар-класам я паспела трошкі пагуляць па Барысаве. У горадзе захавалася шмат архітэктурных помнікаў, пра некаторыя элементы шараговай забудовы невядома дакладна, каму яны належалі: беларусам ці габрэям. Габрэйскае насельніцтва да рэвалюцыі складала 80 % жыхароў горада. Захавалася будынкі сінагог, габрэйскія могілкі, вучэльня «Талмуд тора».
Сінагога «Хеўрэ Тэлім» не выкарыстоўваецца, але і не знаходзіцца ў надзвычай кепскім стане. Збоку заўважыла пластыкавыя вокны і ралет, што за імі месціцца, высветліць не атрымалася. Шыльда Міністэрства культуры паведамляе, што сінагога пабудавана ў 1911 г.
На Харальнай, ці Вялікай сінагозе, што доўга функцыянавала як Палац піянераў, я заўважыла толькі шыльду з расповядам пра часы Другой сусветнай. Ідуць рамонтныя (але не рэстаўрацыйныя) работы, будаўнікі распавялі, што хутка тут памяняюць старыя вокны (абяцаюць прынамсі захаваць малюнак рам). Плануецца аддаць будынак пад офісы.
Нягледзячы на Халакост, рэпатрыяцыю і эміграцыю, габрэйскія суполкі дзейнічаюць у некаторых беларускіх гарадах. У Барысаве збіраюцца на культурніцкія імпрэзы чальцы таварыства «Святло Міноры». Рэлігійнай дзейнасці яны не вядуць. Апошнім часам далучаюцца да імпрэз «Барысаўскай мызы». Вялікія габрэйскія абшчыны ў Магілёве, Віцебску, Гародні і Бабруйску. Магілёўцы таксама займаюцца танцамі. Віцябляне ў 2015-м зладзілі рэканструкцыю вяселля Шагалаў.
У Бабруйску дзейнічае клезмерская капэла Яўгена Гіршына. У Бабруйску і Гародні нават адрэстаўраваныя сінагогі. Іншая справа, што з габрэйскімі каранямі, як і з беларускімі, сітуацыя такая, што можна ўсё жыццё пражыць, асабліва пра іх не задумваючыся: гутарыць па-руску і асабліва не цікавіцца нацыянальнасцю сваіх продкаў, тым больш адпаведную графу ў пашпарце даўно скасавалі.
Мой пра-прапрадзед быў артадаксальным габрэем з Рагачова. Загінуў у бежанстве падчас Другой сусветнай вайны недзе ў глыбіні Расіі. Апошняя «чыстая» габрэйка ў маім родзе — прабабуля, Соф’я Аронаўна. Знікла на вайне без вестак. Бабулю выхоўвалі родныя ў Лоеве. Дзе мне, габрэйцы на адну восьмую, шукаць тых каранёў? Рагачоўскі архіў у вайну гарэў, запыты плёну не далі. Ні бабуля, ні бацька «габрэйскасць» ні ў якім выглядзе не практыкуюць. Свецкія савецкія людзі.
За сваё свядомае жыццё я сутыкалася толькі з нейкімі адгалоскамі культурнага жыцця сучаснага Ізраіля праз дзейнасць магілёўскай арганізацыі «Сахнут», дзе калісьці спрабавала вучыць іўрыт. Усе астатнія згадкі – у агульнакультурным кантэксце. Тут, як і з беларускай мовай, хто не цікавіцца сам, той нічога не ведае. А я не дужа цікавілася, калі шчыра. Беларушчыны неяк цалкам хапала.
Напрыклад, у Польшчы габрэйскай спадчынай цікавяцца не ў малой ступені палякі, успрымаючы яе як частку польскай культуры, без якой апошняя збяднее. Файна, што такая ж тэндэнцыя назіраецца і ў нас.
Як сказаў падчас вечарыны Аляксей Крукоўскі, «габрэйскай крыві не маю, але маю алібі: габрэйскі картуз, замоўлены ў віленскага краўца». Такі вось, як модна цяпер казаць у Заходняй Еўропе, інтэркультуралізм.