Адвечным шляхам: Нацыянальная культура і нацыянальная дактрына
Адраджэнне еўрапейскіх этнасаў у XVIII стагоддзі ў якасці суб'ектаў культуры суправаджалася з'яўленнем вялікіх філасофскіх нарацыяў — адкрыццём крэатыўнага патэнцыялу чалавека не толькі ў галіне навуковай творчасці, але і ў сферы сацыяльнага канструявання свету паводле нормы «свабода, роўнасць і братэрства».
Рэальным вынікам гэтай арыентацыі стала адкрытае грамадства: нацыянальна-дэмакратычныя дзяржавы — рэспублікі. Нацыянальна-дэмакратычны тып культуры стаў сацыяльнай рэальнасцю, як і тып індустрыйна-гандлёвы...
Аднак не менш істотную ролю ў сучасным свеце адыгрываюць і супрацьлеглыя, нігілісцкія тэндэнцыі. У Беларусі нігілізм укараніўся ў сферы моўнай дзейнасці. З гэтай прычыны нацыянальны вербальна-мастацкі вопыт застаецца пераважна па-за сферай філасофскіх інтарэсаў нацыянальнай аналітыкі. І гэта — у сітуацыі, калі беларускамоўны здабытак у галіне вербальна-мастацкай фенаменалогіі атрымаў шырокае прызнанне ў свеце.
Абясцэньванне духоўных каштоўнасцяў пад націскам прагматысцкага пазітывізму заканамерна прыводзіць і да абясцэньвання метафізікі. На ўзроўні практыкі гэта праявілася ў абясцэненых адносінах да Ідэі наогул.
У такой сітуацыі трансфармацыя нацыянальнай ідэі ў нацыянальную дактрыну застаецца нявырашанай праблемай. Гэта ставіць суверэнітэт краіны пад пагрозу яго абясцэньвання. Нацыянальная дактрына адлюстроўвае ўзровень разумення і сутнасць калектыўных суб'ектаў культуры. Гэткімі з’яўляюцца нацыі — этнасы, аб’яднаныя ў супольнасць адзінствам чалавечага інтарэсу ў працэсе тварэння сваёй культуры.
У арсенале сродкаў «культурнага» агрэсара важнае значэнне мае адсутнасць разумення такой катэгорыі, як нацыянальныя каштоўнасці, — незалежна ад таго, свае яны ці чужыя. У публіцыстычным артыкуле «Немцы знішчаюць беларускую культуру» (1942 год) Кузьма Чорны ў самым пачатку зазначыў: «Увесь свет даўно і добра ведае, што фашысты — гэта гуны, самыя пачварныя дзікуны, якіх не ведала самая старажытная першабытная гісторыя... Фашысты пачалі крывавыя расправы над усімі тымі, хто не схіліў свае галовы перад рэжымам тэрору, здзекаў і катаванняў»…
У філасофіі цікавым быў прарыў да спасціжэння сапраўднай, чалавечай роднасці ў не зашораных славянафільствам еўразійцаў. Асаблівай увагі заслугоўвае культурфіласофскі вопыт Мікалая Трубяцкога (1890 – 1938). Гэты мысліцель на агульным фоне рускага інтэлектуалізму вылучаецца незалежнасцю ад стэрэатыпаў самасці і месіянства. Зыходзячы з імператываў «пазнай самога сябе» і «будзь самім сабой», М. Трубяцкой адмаўляе абстрагаваную ад канкрэтнага нацыянальнага зместу «агульначалавечую цывілізацыю», што мае немалаважнае значэнне сёння ва ўмовах нарастаючага прэсінгу з боку адэптаў абсалютнай глабалізацыі.
«Наадварот, — гаворыцца ў ягоным артыкуле «Пра сапраўдны і ілжывы нацыяналізм», — імкненне кожнага народа стварыць сваю нацыянальную культуру знаходзіць сабе поўнае маральнае апраўданне. Усялякі культурны касмапалітызм ці інтэрнацыяналізм заслугоўвае рашучага асуджэння». М. Трубяцкой адзначае, што ў Расіі сапраўдны нацыяналізм як грамадскі рух «яшчэ не існаваў», што «ў будучым яго трэба стварыць».
Задача застаецца актуальнай і сёння, калі Расіі навязваецца паварот да самадзяржаўя, афіцыйнага праваслаўя і афіцыйнай народнасці — аналагу рэлігіі рабства. Руская інтэлігенцыя, на думку М. Трубяцкога, павінна пераадолець боязь сапраўднага нацыяналізму і вызваліцца ад чараў вялікадзяржаўніцтва.
Беларуская ж філасофія нацыянальнага Адраджэння складвалася падобна да нямецкай і італьянскай — ва ўмовах існавання нацыі на мяжы знікнення. Невыпадкова Мікалай Дабралюбаў, адказваючы на інсінуацыі паклёпнікаў, яшчэ ў 1860 годзе супаставіў становішча беларусаў са становішчам італьянцаў: «Гэта гэтак жа, як італьянцаў забілі, расслабілі, пазбавілі любові да радзімы і да свабоды!.. А паглядзіце цяпер на іх... Ва ўсялякім выпадку пытанне пра характар беларусаў павінна быць хутка растлумачана працамі мясцовых пісьменнікаў. Паглядзім, што яшчэ скажуць самі беларусы».
Чарговае беларускае выказванне прагучала на прасцягах еўрапейскага свету ў 1863 годзе. Спачатку Кастусь Каліноўскі, а потым Францішак Багушэвіч вызначылі часавыя і прасторавыя параметры беларускай ідэі, акрэслілі яе каштоўнасны сэнс. Яны, героі антыцарскага паўстання 1863 года, з'яўляюцца крэатарамі беларускай ідэі.
Абапіраючыся на запавет пачынальнікаў, новыя пакаленні адраджэнскага руху сфарміравалі нацыянальную дактрыну — беларускае Навукавучэнне. Алюзія на Іагана Фіхтэ тут не будзе лішняй: абсалютнае, самарэалізаванае Я не існуе па той бок нацыянальнай незалежнасці.
У аснову беларускай адраджэнскай аксіялогіі навейшага часу былі пакладзены эстэтычныя крытэрыі. Такі погляд можна ўспрымаць як эпатаж устойлівай даследчыцкай парадыгмы, якая пачынае размову з сацыяльнай праблематыкі: «няма хлеба, няма солі, чужому рабі». Аднак жа сацыяльная праблематыка і тым больш «пытанні толькі дабрабыту, дзе ўсё прыводзіцца к карыту» (Якуб Колас), пры ўсёй іх значнасці, не з’яўляюцца самамэтай і падпарадкаваны вышэйшаму крытэрыю — людскасці ў яе эстэтычным вымярэнні.
Абагульняючы сусветны і нацыянальны вопыт філасофскага і эстэтычнага станаўлення чалавецтва, Уладзімір Самойла («Гэтым пераможаш!...», 1924 г.) яшчэ сто гадоў таму вызначыў мэтавую ўстаноўку ў адраджэнскім руху чалавецтва: «ператварыць усенькае “сыр’ё” сусветнага зла ў патрэбныя чалавеку цэннасці і дабро».
Прапанаваны ім шлях складаецца з двух этапаў. Першы — гэта духоўнае вызваленне ад розных формаў рабства і ачмурэння і дасканаленне «духу вольнага». У актуальнай сітуацыі галоўным злом, на думку У. Самойлы, быў «алкаголь» бальшавіцкага папулізму. Беларуская культура, сцвярджаючы эстэтыку раздольнасці, адначасова раскрывала дзейсны патэнцыял гаспадарскай парадыгмы і адмаўляла метады крывавай рэвалюцыі...
Актуальная задача беларускай культуралогіі — фарміраванне нацыянальнай школы тэарэтычнай культурфіласофіі.
Акрамя таго, вялікія рэсурсы аздараўлення філасофскага дыскурсу закладзены ў змесце нацыянальнага хранатопу, у якім вельмі цесна ўзаемазвязаныя каштоўнасныя сэнсы з касмалогіі, тэорыі пазнання і аксіялогіі.
Пастаўленае Максімам Гарэцкім пытанне: «Адкуль усё і што яно?» зафіксавала наяўнасць духоўных рэсурсаў, дастатковых для таго, каб узняцца з калодзежнага прадоння рэдукцыі ў Адзінае і, адкрываючы «ў нязмерных глыбінях нязмерныя высі», рушыць «адвечным шляхам» «да сонца, да зор» у сацыяльнай творчасці.