Новы Запавет па-палеску
Некалькі тыдняў таму на платформе ulej.by паспяхова быў завершаны краўдфандынг на выданне «Новага Запавету». У чым адметнасць выдання?
«Новы Запавет» стаў называцца «Новым Завітам» і загаварыў на заходнепалескай гаворцы. Пераклад зрабіў Фёдар Клімчук — мовазнаўца, гісторык, адзін з найлепшых знаўцаў традыцыйнай культуры Берасцейшчыны і Піншчыны. Ён зрабіў дзве ўнікальныя справы: запісаў гаворкі соцень населеных пунктаў Брэсцкай вобласці, а таксама пераклаў на гаворку сваёй роднай вёсцы Сіманавічы “Завіт” ды творы Гамэра, Талстога і Гогаля, такім чынам захаваўшы мікрамову свайго рэгіёну для нашчадкаў.
«Я памятаю моўную псіхалогію сваёй вёскі: па-руску можаш размаўляць недзе там, у горадзе, але з маці — барані Божа! Гэта лічылася грахом. Абавязкова на сваёй. Толькі пры такім стаўленні, лічу, яе можна захаваць і надалей», — казаў тады наш зямляк. «Памруць гаворкі — мова стане мёртвай», — лічыў Фёдар Данілавіч і рабіў усё для таго, каб гэтага не здарылася.
На чале з Сержуком Доўгушавым праект быў запушчаны, а дзякуючы ахвярадаўцам кніга ўжо трапіла ў друк і хутка пабачыць свет. Прэзентацыя выдання адбудзецца 23 студзеня а 19 гадзіне ў галерэі TUT.by (уваход вольны, але трэба зарэгістравацца). Падчас прэзентацыі адбудзецца канцэрт з удзелам аўтэнтычных гуртоў і спевакоў. Спецыяльныя госці — Ірына Мазюк і гурт «Кудмень», мужчынскі гурт «Рада», калектыў сясцёр Лук'яновіч (в.Леснікі, Драгічынскі р-н), «Палеская батлейка» ад сямейнага тэатра Ларысы і Аляксандра Быцко (Берасце). Шчыра запрашаем!
Паводле прэс-рэліза