Пацеркі памяці
Музеязнаўца, літаратар, журналіст Паліна Качаткова ўзгадвае пра свае сустрэчы з Анатолем Сысам, Кастусём Тарасавым, Сяржуком Вітушкам і Якавам Гутманам.
Анатоль Сыс
1 лістапада 1987 года ў Менску адзначалі дзень ушанавання продкаў – Дзяды.
Гэта былі першыя грамадскія Дзяды, наступную акцыю 1988 года будуць разганяць дубінкамі, а ўдзельнікаў затрымліваць, судзіць, штрафаваць. 1 лістапада 1987 года прайшло мірна.
Вельмі сонечны дзень з яшчэ ярка-зялёнай травой. У скверы Янкі Купалы чыталі вершы і гаварылі пра папярэднікаў, пра дзеячоў нацыянальнай культуры, якія загінулі.
Было шмат выступаў: Кастусь Тарасаў, Ігар Бабкоў, Кася Камоцкая (спявала), Алесь Бадак, Міхась Скобла (чыталі вершы). Анатоль Сыс не толькі прачытаў вершы, але зачытаў спіс расстраляных і рэпрасаваных дзеячоў культуры. Пранікнёным голасам Сыс прамаўляў з асаблівым значэннем кожнае прозвішча, для ўсіх знаходзіў асобную інтанацыю.
Гэты спіс у гукавым запісе яшчэ доўга «хадзіў па руках». Памятаю, як яго слухалі з магнітафона ў падвале гомельскай «Талакі». У той дзень у скверы было шмат нацыянальна-арыентаванай творчай моладзі, студэнтаў, навукоўцаў, журналістаў.
У кастрыніку 2020 года паэт і журналіст Мікола Канановіч згадаў, што завяршыўся выступ уцёкамі Анатоля ад гэб’я:
«Помню Сыса там. Потым Анатолю прыйшлося ўцякаць ад гэб’я. Уцёк тады. Анатоль дачытаў спіс і стаў сыходзіць. І адразу да яго кінуліся двое, Сыс пабег. Тыя за ім, але дзе там ты яго догоніш! Выступоўцаў было шмат, але беглі тады толькі за Сысом. Мне гэта вельмі ўелася ў памяць. Пачытаў чалавек, вельмі выразна, эмацыйна спіс рэпрасаваных, і… за ім пагналіся. Пабег углыб сквера і вельмі хутка. У тых дваіх не было шанцаў ніякіх дагнаць. Ды яны і не стараліся. Гэта было напрыканцы імпрэзы. Сыс апошнім зачытваў спіс».
***У лютым 1995 года ў Мінск прыехаў Барыс Ельцын з жонкай Наінай. Ельцын сустракаўся з Лукашэнкам, Лукашэнка абяцаў яму «языковой референдум», а нам у музей Максіма Багдановіча патэлефанавалі і сказалі, што Наіна Ельцына прыйдзе да нас на экскурсію. Назвалі дзень і час.
Сітуацыя была дзіўная: з аднаго боку, высокая госця, а з другога — быццам бы ў працэсах «аб’яднання» трэба прымаць удзел.
Вайна ў Чачні ідзе…
Нехта нават пажартаваў у музеі: вывесім з балкона чачэнскі сцяг. Але не вывесілі.
У той час у бальніцы № 2 ляжаў Анатоль Сыс. У вольны ад працэдур час ён хадзіў у музей — то кнігі браў пачытаць з бібліятэкі, то проста на абед. А сітуацыя такая: ніхто не хоча весці экскурсію для Наіны Ельцынай. Для правядзення экскурсіі былі патрэбныя двое — экскурсавод і дублёрка (не раўнуючы, як для палёту ў космас). Але так выйшла, што меркаваная дублёрка якраз прыйшла ў музей пасля сваркі з мужам, і выгляд у яе быў… не вельмі. Засталася толькі адна супрацоўніца, якая вельмі нервавалася.
І тут Сыс прыйшоў. У напаўбальнічным адзенні ён павёў прыгожа апранутую загадчыцу экскурсійна-масавага аддзела ў пачатак экспазіцыі і пачаў угаворваць, што, маўляў, няма нічога страшнага: «Вось, глядзі!».Ён сам стаў на месца, адкуль пачыналася экскурсія, і добра пастаўленым голасам вучыў: «Становішся сюды і кажаш: «Много у нас в музее бывает гостей, но такие бывают не часто».
Было такое ўражанне, што яшчэ крыху — і экскурсію для Наіны павядзе Сыс у бальнічным адзенні…
А Наіна Ельцына не прыйшла. Ператэлефанавалі на касу і сказалі, што адбыліся змены ў яе праграме.
***Вясной 1997 года паэт Анатоль Сыс перадаў у Літаратурны музей Максіма Багдановіча вялікае парцалянавае блюда ХІХ стагоддзя.
Менавіта перадаў, а не прадаў. Анатоль Сыс сквапным не быў.
У тым жа 1997 годзе адбылася ў музеі Максіма Багдановіча паэтычная вечарына Сыса. А тады ўжо не надта ахвотна такія ладзілі, бо ён быў непрадказальны.
Прынёс Сыс у музей блюда. Белае, пашарпанае, з пяшчотнымі кветкамі ў аблямоўцы.
Супрацоўнікі музея разглядвалі блюда на першым паверсе ў навукова-экспазіцыйным аддзеле.
Узяла яго ў рукі Люда Жалязняк, музейная сакратарка, якая цяпер у Беластоку жыве. Анатоль Сыс паглядзеў на Люду і сказаў: «Людаблюда»…
У красавіку 2010-га, калі з Міколам Ваўранюком рабілі фільм «Сыс пра Сыса» з удзелам Сяргея Сыса, вельмі ўразілі школьныя сшыткі Анатоля Сыса. У хаце ў Гарошкаве іх паказала Тамара — сястра. Такія ахайныя сшыткі — з роўнымі палямі каралавага колеру, з роўным почыркам, з падкрэсліваннем каляровымі стрыжнямі, з роўнымі абзацамі, без перакрэсліванняў — як на выставу. І ўсе, усе сшыткі такія…
Кастусь Тарасаў
Творы Кастуся Тарасава – жывы свет, у які трапляеш і пачынаеш у ім жыць. Верыш ва ўсё і адчуваеш усё, як у рэальным часе. Нават калі гэта часы Міндоўга ці іншы далёкі час. І сам Кастусь Тарасаў быў падобны да сярэднявечнага рыцара.
У 2005 годзе Кастусь Тарасаў пісаў аповесць «Скарбы князёў Радзiвiлаў, альбо обер-аўдытарская праверка ў Нясвiжы». Для дакладнасці дэталяў выязджаў у мясціны, дзе адбывалася дзеянне, у Талачынскі раён, дзе жыў герой. Для ўдакладнення дэталяў Кастусь Тарасаў даваў мне чытаць аповесць у кампутарным наборы. Тэкст захапіў мяне. У красавіку 2006 года мы дамовілся на вялікае інтэрв’ю пра гістарычную прозу. На той час Кастусь Тарасаў працаваў у памяшканні Таварыства беларускай мовы на вуліцы Румянцава ў Менску. Калі я прыйшла на ТБМ, у вялікім пакоі адбывалася культурніцкая імпрэза, у сярэднім працавалі Алег Трусаў і Ірына Марачкіна (жонка мастака Алеся Марачкіна), а Кастусь Тарасаў быў у самым маленькім пакоі з вокнамі ў двор; ён сядзеў за кампутарам, вадзіў «мышкай» па паверхні стала, але маўчаў, не адказваў на пытанні. І я спачатку падумала, што выклікала гнеў спазненнем на 15 хвілінаў, але потым зразумела, што нешта іншае адбываецца. Паклікала Ірыну Марачкіну, яна патэлефонавала ў «хуткую». Інсульт…
Бальніца «Хуткай дапамогі». Адтуль патэлефанавала дачцэ Ганне ў Маскву. Лячэнне, рэабілітацыя.
Да самых апошніх дзён Кастусь Тарасаў працягваў пісаць тэксты пра нацыянальную ідэю, пра гісторыю Беларусі, супрацоўнічаў з незалежнымі СМІ. Тэкст «Эрзац» быў прысвечаны прэзідэнцкім выбарам 2010 года для сайта «Euramost.org» (цяпер не існуе), у ім Кастусь Тарасаў пісаў: «Нацыянальная ідэя будзе безгаловай без беларускай мовы, без школы і інстытутаў, у якіх бы вучылі па-беларуску. З вяртаннем да рускай мовы мы сталі ў апошні шэраг за Расеяй, і гэта не дае нам магчымасці паглядзець наперад».
Адзін з апошніх тэкстаў Кастуся Тарасава быў пра людзей, якія пасля інсульта вярнуліся да беларускай мовы, якая была роднай, і цалкам забылі рускую.
Апошні ліст ад Кастуся Тарасава я атрымала 19 сакавіка 2010 года ў 20.16: «Паліна! Сёння ў мяне не выходзіць перадаць файл. Перадам заўтра. К.». «Заўтра» было 20 сакавіка, якое пазначана днём ягонай смерці.
Сяржук Вітушка
З Сержуком Вітушкам мы пазнаёміліся летам 1986 года на раскопках Дамініканскага касцёла ў Менску.
У цэнтры горада на рагу Інтэрнацыянальнай і Энгельса, за плотам будоўлі Палаца рэспублікі, археолагі даследвалі падмуркі касцёла XVII стагоддзя. Я ўладкавалася ў архітэктурна-археалагічны атрад «Верхні горад» у чэрвені 1986-га і працавала штодня, а па суботах з’яўляліся талакоўцы на чале з Сержуком Вітушкам. Кіраваў раскопкамі Зянон Пазняк – на той час супрацоўнік Інстытута гісторыі АН БССР.
Раскоп у цэнтры Менска быў як партал у іншы час – праз друз і разбітую цэглу мы заглыбляліся ў мінуўшчыну, знаходзілі рэшткі папярэдняй цывілізацыі. Фрагменты поліхромнай кафлі з выявай ці то цмока, ці то Пагоні…
Мы дакапалі да пахаванняў у сутарэннях, дзе ляжалі былыя жыхары горада. Блакітныя пацеркі былі ў адной са спарахнелых трунаў. І на гэтай мяжы часоў і эпох – Сяржук Вітушка, светлы чалавек быццам бы не з нашага (тады ХХ стагоддзя). Шмат хто казаў: «Падобны да Максіма Багдановіча».
А ў 1991 годзе Сяржук Вітушка па запрашэнні Алеся Бяляцкага прыйшоў на працу ў філію Літаратурнага музея Максіма Багдановіча – у «Беларускую хатку» на Рабкораўскім завулку.
Экспазіцыя «Беларускай хаткі» была прысвечаная шасці месяцам жыцця Максіма Багдановіча ў Менску, прыфрантавым у 1916–1917 гадах – кароткая сустрэча з Беларуссю, праца на яе карысць і провады ў Ялту насустрач смерці.
Быў у «Беларускай хатцы» і мемарыяльны пакой Максіма Багдановіча, адноўлены па ўспамінах Зоські Верас, якая мела ўнікальную памяць. У доме, дзе Максім Багдановіч напісаў верш «Пагоня», рабілася ўсё, каб перадаць атмасферу 1916–1917 гадоў, – нават шпалеры па старым узоры надрукавалі на фабрыцы. У філіі музея дзеіў лялечны тэатр «Батлейка», як напамін пра мару Максіма Багдановіча ўдзельнічаць у батлейкавым спектаклі і вандраваць з ім па Беларусі.
Мара Максіма Багдановіча не здзейснілася. А ў «Беларускай хатцы» да ад’езда ў Вільню ладзіў батлеечныя спектаклі Сяржук Вітушка.
І зноў – між часу – адноўлены дом пачатку ХХ стагоддзя, батлейка, Сяржук, падобны да Максіма Багдановіча. Пераступіш праз музейны парог – і не разумеш, у якім ты часе. У «Беларускай хатцы» зладзіў Сяржук і вяселле з віленскай беларускай Людвікай Кардзіс…
У 2008 годзе ў Вільні ў Доме правоў чалавека па ідэі Сяргея Дубаўца я дапамагала Сержуку разбіраць яго архіў. Сяржук ужо не бачыў, хвароба адняла зрок. Мы сядзелі на другім паверсе на Латака, 3 у Вільні перад скрынямі, з якіх я даставала тэксты і фотаздымкі.
Тэксты зачытвала, фотаздымкі апісвала, а Сяржук аднаўляў у памяці: што гэта. «Дзіўна, – сказаў тады Сяржук Вітушка, – я гісторык па адукацыі, нас вучылі архівазнаўству. Чаму я адразу не парадкаваў свой аріхіў?» Але ўпарадкаванне і асэнсаванне ўласных архіваў – справа не маладосці, на гэта ёсць сталы узрост, да якога Сяржук Вітушка не дажыў.
Якаў Гутман
У ліпені 2020 года даведалася, што памёр Якаў Гутман – Кіраўнік Сусветнага згуртавання беларускіх габрэяў, з якім разам былі затрыманыя 25 сакавіка 2000 года.
Я толькі што прыехала са Швецыі, на акцыі мы дамовіліся сустрэцца з сяброўкай, а пасля ехаць да яе ў госці. З сабой у мяне былі падарункі.
На акцыі мы не сустрэліся. На вуліцах былі вайсковыя БТРы. Ратвейлеры. Людзей масава хапалі і валаклі. А мы хадзілі, як зачараваныя, сярод усяго гэтага, магчыма, таму, што збіраліся ў госці і апрануліся па-святочнаму. Але прыхапілі…
У аўтазаку было 11 чалавек, супрацоўнікі міліцыі і сабака. Быў адзін чалавек, жонка, якога гандлявала бананамі, паслала яго размяняць грошы, – а яго забралі. Яна пабегла за ім – яе таксама забралі.
Мы не маглі зразумець, куды нас вязуць – не Акрэсціна, не РАУС ніякі, не Валадарка. Адзін чалавек з затрыманых у аўтазаку рваў на кавалкі ўлёткі і прасіў, каб яму дапамагалі.
Ніхто не дапамагаў.
Прывезлі нас у вайсковую частку на Маякоўскага, дзе ўжо быў цалкам забіты людзьмі ангар. Нас выгрузілі каля сцяны ангара, дзе ўжо стаялі людзі, у асноўным журналісты, сярод іх чэшскія і польскія.
Нам сказалі стаць – рукі на сцену, ногі на шырыні плячэй. Была там і Таня Снітко (Ждановіч). Тут я выпендрылася – сказала, што не буду так стаяць, як загадана, нават закурыла цыгарэту. Стала тварам да салдат унутраных войскаў. Нічога мне за гэта не было.
Мы доўга стаялі, пасля прыехаў прэс-сакратар МУС і вызваліў журналістаў. Я не пайшла. З ангара пачалі выводзіць людзей, браць у іх адбіткі пальцаў і шыхтаваць у калону, як у фільмах пра палонных.
А пасля заехаў чарговы аўтазак з Любай Лунёвай у белым паліто; ёй нешта крычалі затрыманыя, і яна адказвала. Салдаты, якія стаялі ў ачапленні, былі ўжо стомленыя, найперш ад аднастайнасці, – яны пачалі глядзець на Любу.
У гэты момант мы (4 чалавекі) выскачылі з ачаплення каля ангара і далучыліся да той калоны. Нас пагналі да брамы. Так мы пакінулі тэрыторыю вайсковай часткі. Сярод тых, хто збег, быў і Якаў Гутман – кіраўнік Сусветнай асацыяцыі беларускіх яўрэяў.