Польскае люстэрка для беларускай душы

З 21 па 28 кастрычніка ў беларускіх гледачоў будзе шанец дазнацца пра польскую душу. У Мінску пройдзе фестываль польскіх фільмаў «MOVIК». Кінафэст арганізаваны Беларускім Шуманаўскім таварыствам, мультымедыйным часопісам «34mag.net» і 8 тэлеканалам. Праект падтрымала Міністэрства культуры Польшчы, якая цяпер старшынюе ў Еўрасаюзе.

У Мінску будуць прадстаўлены фільмы, якім радуюцца самі палякі. Стужкі сталіся папулярнымі на радзіме, яны парасцяганыя на цытаты. Але толькі некаторыя карціны вядомыя ў Беларусі.

З 21 па 28 кастрычніка ў беларускіх гледачоў будзе шанец дазнацца пра польскую душу. У Мінску пройдзе фестываль польскіх фільмаў «MOVIК». Кінафэст арганізаваны Беларускім Шуманаўскім таварыствам, мультымедыйным часопісам «34mag.net» і 8 тэлеканалам. Праект падтрымала Міністэрства культуры Польшчы, якая цяпер старшынюе ў Еўрасаюзе.
У Мінску будуць прадстаўлены фільмы, якім радуюцца самі палякі. Стужкі сталіся папулярнымі на радзіме, яны парасцяганыя на цытаты. Але толькі некаторыя карціны вядомыя ў Беларусі.
Мультфільмы «Болек і Лёлек» (пра пацешных прыяцеляў) і «Рэкс» (пра сабачку) выходзілі ў 60–80-я гады. Але сучасныя беларускія дзеткі іх не бачылі. Таму будуць арганізаваныя адмысловыя ранішнія сеансы, пасля якіх пройдуць творчыя заняткі для дзетак.
Карціна «Сэкс-місія» Юльюша Махульскага, якой адкрываецца фестываль, — для дарослых. Стужка дэманстравалася Савецкім саюзе пад назваю «Новыя амазонкі» і была моцна адцэнзураваная. Цяпер — яе сапраўдная кінапрэм’ера ў нашай краіне.
Камедыйная антыўтопія 1985 года пра таталітарную жаночую грамаду рыфмуецца з сучаснай гісторыяй ад Тамаша Канецкага «Лэйдзіс». Гэта стужка пра чатырох сябровак, якія змагаюцца з абсурдным светам мужчын, натхніўшыся «Сэксам у вялікім горадзе» і «Адчайнымі хатнімі гаспадынямі».
Фільм «Рэйс» Марэка Півоўскага — камерная чорна-белая падзея 1970 года з зусім іншымі смехавымі акцэнтамі. На турыстычным параходзе, што ціхамірна плыве па Вісле, новапрызначаны «інструктар па культуры» ўпарта дрэсіруе месцічаў сходамі, галасаваннямі, прымусовымі патрыятычнымі спевамі — і шчаснымі выспяткамі пад зад (колькасць выспяткаў асабіста цэнзураваў тагачасны міністр культуры). Фільм — трапны адбітак колішняй эпохі.
Падобны адбітак — карціна «Мішка» Станіслава Барэя, знятая ў 1981 годзе. Дырэктар спартклубу плануе з’ехаць у Лондан, але ў ягоным пашпарце нехта выдраў патрэбныя старонкі. І пачынаюцца бюракратычныя, гаспадарчыя дый побытавыя прыгоды героя. Дый усіх, хто сустрэнецца з ім.
Трагікамедыя «Дзень псіха» Марэка Катэрскага — гэта ўжо не «харавыя спевы», а лірычны маналог чалавека сярэдняга веку, якога напаткаў крызіс. Але, як і героі «Рэйса», персанаж-«псіх» з 2002 года — такі ж знерваваны інтэлектуал, якому няўтульна ў завядзёнцы рытуалаў і звычаяў (хай сабе гэтыя рытуалы і звычаі гледача пацяшаюць).
Маленькія людзі, іх лёс у сістэме — тэма дакументальных дыяментаў Кшыштафа Кесьлеўскага. Гэта раннія карціны польскага рэжысёра, зусім у нас не вядомыя: «З гораду Лодзь» (1969), «Рэфрэн» (1972), «Муляр» (1973), «З пункту гледжання начнога вахцёра» (1977). Але сітуацыі і героі пададуцца нам надзіва знаёмымі, як той вахцёр, які дапякае людзей стабільнасцю і «парадкам».
«Вяселле» Войцэха Смажоўскага 2004 года — самая скандальная камедыя фестывальнай праграмы. Усё, як заўжды, — вяселле, карнавал, грошы, інтрыгі, абжорства, іронія. На сустрэчы з гледачамі будзе акцёр Барталамей Топа, які сыграў у карціне. А размах польскага вяселля будзе вельмі зразумелы беларускае публіцы.
Фільм «Пазыка» Кшыштафа Краўзэ — гэта іншы жанр, хаця персанажы стужкі таксама апантаныя жарсцямі. Кіно нулявых — вострасюжэтная драма, заснаваная на рэальных падзеях. Двум сябрам падступны бізнэсовец прапанаваў дапамогу пад вельмі высокі працэнт. Але, калі героі трапілі ў фінансавую нявыкрутку, іх жыццё сталася сюжэтам крымінальнага трылера.
А вось бунтоўная дзяўчынка-ўцякачка і яе былы настаўнік дзейнічаюць у драме паразумення Анджэя Якімоўскага «Заплюшчы вочы».
Гутаркі ў польскіх карцінах вельмі жывыя, насычаныя жарганізмамі, многія фразы наўпрост пайшлі ў народ — і таму вельмі інтрыгоўны пераклад стужак. Усе фільмы адмыслова перакладзеныя на беларускую мову і будуць паказаныя ў кінатэатры і на тэлевізіі.
Як сказаў генеральны дырэктар 8 тэлеканалу Пётр Чарнаморац, у каналу мусіць быць нейкая фішка.
Але фішак на гэтым фэсце будзе шмат.
Не прапусціце!
--------------------------------------------------------------
Расклад паказаў:
«Сэкс-місія» — 21.10 а 20.00
«Дзень псіха» 22.10 а 19.00 і 27.10 а 20.00
«Болек і Лёлек» — 22.10 а 11.00
 «Рэкс» — 23.10 а 11.00 (пасля мультфільмаў — творчыя заняткі для дзетак)
«Лэйдзіс» — 23.10 а 19.00
«Пазыка» 24.10 і 27.10 а 17.00
«Мішка» — 24.10 а 19.00
Дакументальныя фільмы Кшыштафа Кесьлеўскага — 25.10 а 16.00 (пасля паказу — дыскусія)
«Рэйс» — 25.10 а 20.00
«Заплюшчы вочы» — 26.10 а 17.00 і 28.10 а 20.00
«Вяселле» — 26.10 а 20.00 і 28.10 а 17.00
Усе фільмы дэманструюцца ў арткінатэатры «Рубін Плаза», праспект Дзяржынскага, 5.
Уваход — вольны. Калі не атрымаецца трапіць на паказ, фільмы можна паглядзець на 8 тэлеканале ў дні фестывалю.