Прафесійная, але пустая дзея

Наведванне тэатра — заўсёды свята. Нават калі мэты ў гледачоў розныя: хтосьці ідзе спрычыніцца да сапраўднага мастацтва, а хтосьці — прыемна правесці час. Мы выбраліся цэлай групай, і ўсе былі, мякка кажучы, расчараваныя.

Дзівіліся асобным сцэнам, выказвалі заўвагі, успаміналі, якім тэатр быў раней… Прыкрасць і недаўменне — вось асноўныя нашы эмоцыі пасля спектакля не ў якім-небудзь шараговым — у Купалаўскім тэатры сталіцы.



006c64491cb8acf2092ce0e0341797fe.jpg

Наведванне тэатра — заўсёды свята. Нават калі мэты ў гледачоў розныя: хтосьці ідзе спрычыніцца да сапраўднага мастацтва, а хтосьці — прыемна правесці час. Мы выбраліся цэлай групай, і ўсе былі, мякка кажучы, расчараваныя.
Дзівіліся асобным сцэнам, выказвалі заўвагі, успаміналі, якім тэатр быў раней… Прыкрасць і недаўменне — вось асноўныя нашы эмоцыі пасля спектакля не ў якім-небудзь шараговым — у Купалаўскім тэатры сталіцы.
На электронны адрас Міністэрства культуры РБ я назаўтра ж адправіла ліст наступнага зместу:
“На 22 сакавіка я мела неасцярожнасць набыць білеты для сябе і сваіх сяброў на новы спектакль тэатра імя Янкі Купалы “Калядная ноч. Гэтае відовішча — як і ўсё, што адбываецца апошнім часам у Беларусі, — выклікала ў мяне маркоту і ўпадак духу. Бо акрамя ўкраінскіх песень і яркай сцэнаграфіі там не было нічога вартага былой славы тэатра.
Відаць, пастаноўшчык доўга шукаў твор для ўвасаблення, і лепшага сцэнічнага матэрыялу, каб праявіць сваю маральную амбівалентнасць, ён знайсці проста не мог. Мне папросту шкада акцёраў, змушаных “выціскаць змест і сэнс там, дзе іх не можа быць па вызначэнні.
Я разумею, ад тэатральнага лубка многага чакаць не даводзіцца, але ўсё, пабачанае на сцэне, на жаль, нават не забаўляе. Перад намі прафесійная, але цалкам пустая, расцягнутая дзея з бясконцым грукатам у дзверы і пераносам карзін, разбаўленая скокамі і распіццём спіртнога. Ніякія фармальныя знаходкі (тыпу лялечнай мізансцэны ў другой дзеі) не апраўдваюць псавання грамадскіх нораваў і густу за немалыя бюджэтныя сродкі.
Не парадавалі і акцёры. Такі галасавы фарсавы перабор (у персанажаў другога плану) можна пачуць хіба на самадзейнай сцэне, ды і там пачуцця меры бывае болей. “Нячысцік бессаромна “косіць пад маладога Манаева і сваім крыўляннем канчаткова дыскрэдытуе спектакль. На месцы рэжысёра я падкарэктавала б гэты вобраз, бо зло цяпер іншае, больш рэспектабельнае, а Гогаль у труне і без таго перавярнуўся.
Лічу, што наяўнасць у рэпертуары спектакля такога нізкага ідэйна-мастацкага ўзроўню вымагае ад міністэрства большай увагі да дзейнасці акадэмічнага тэатра. Прашу — як мінімум — давесці мой ліст да ведама купалаўцаў.

З павагай
Галіна Каржанеўская, пісьменніца


Пасляслоўе
Маё пасланне, вядома, дастаткова эмацыйнае. Але і адправіўшы яго, не перастала разважаць. А раптам у М. Пінігіна была якаясьці тайная і тонкая задума, якой я як глядач не здолела зразумець? А можа, ён хацеў такім чынам паказаць дэградацыю нашага грамадства — у надзеі, што самі здагадаемся? Калі так, то ён нас пераацаніў. Як мінімум, трэба было выразна расставіць маральныя акцэнты, а таксама падкрэсліць моманты судакранання твору Гогаля з нашай рэчаіснасцю.
Увогуле, сам факт з’яўлення падобных спектакляў на саліднай сцэне сімптаматычны. Пры немагчымасці сказаць праўдзівае слова сродкамі тэатральнага мастацтва толькі такія відовішчы і можна ствараць. Ні пра што. І з засцярогай, каб хаця сучаснік не пазнаў у якім-небудзь малапрыемным персанажы Саміведаецекаго.
Хлусня на дзяржаўным узроўні пусціла метастазы ва ўсе праявы грамадскага жыцця. Ідэалогія падмяла ўсё. Правілы гульні простыя: альбо ты, кіраўнік установы, прадпрыемства, аддзела і да т. п. “малюеш патрэбную карціну, альбо цябе выціснуць з працы. Тэатры, якія ў большасці існуюць за бюджэтныя сродкі, не выключэнне.
Культура звыкла скардзіцца на малыя грошы, але як расходуюцца тыя, што ёсць? Ніхто ніколі, мабыць, не правяраў сістэму дзяржзаказаў, якая здаўна была залатым дном для асабліва прагавітых дзеячаў мастацтва. У якой яшчэ краіне можа існаваць на народныя грошы тэатр, дзе кіраўнік адначасова з’яўляецца аўтарам п’есы альбо сцэнарыстам кожнага другога спектакля? Куды дзяваюцца шматлікія рэжысёрскія кадры — выпускнікі нашай Мастацкай акадэміі, і чаму няма творчай ратацыі ў лялечных тэатрах краіны? Усе гэтыя пытанні засталіся, як гаворыцца, за кадрам, і на іх мы не скора пачуем адказ. Бо страціўшы галаву, па валасах не плачуць…