Сямнаццаць гадоў таму адбыўся першы канцэрт салідарнасці з Беларуссю

На Замкавай плошчы ў Варшаве 12 сакавіка 2006 года адбыўся першы канцэрт пад лозунгам «Салідарныя з Беларуссю». Іх арганізавала і праводзіла польская грамадская арганізацыя Ініцыятыва «Вольная Беларусь».

Канцэрт 2006 года. https://be.wikipedia.org/

Канцэрт 2006 года. https://be.wikipedia.org/

На канцэртах выступалі польскія і беларускія музыкі (Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Аляксандр Кулінковіч, Руся і інш.), а таксама прамаўлялі беларускія апазіцыйныя палітыкі і культурныя дзеячы, дэманстраваліся відэахронікі з Беларусі.

Першы канцэрт быў праведзены 12 сакавіка 2006 года напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Другі канцэрт быў праведзены 25 сакавіка 2007 года на 89-годдзе абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. На ім беларускія і польскія музыкі выконвалі песні Боба Марлі па-англійску.

Трэці канцэрт адбыўся 30 сакавіка 2008 года. Асноўны лозунг акцыі: «Беларуская мова — мова беларусаў». Гэты канцэрт транслявалі ў жывым эфіры польскі тэлеканал TVP Info і беларускі канал Белсат, а ў запісе — польскі TVP2. На хвалях радыё яго маглі пачуць слухачы «Радыё Рацыя». Падчас канцэрту збіраліся грошы на падтрымку зачыненага беларускімі ўладамі Беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа ў Мінску.

У 2011 годзе імпрэза распаўсюдзілася на іншыя гарады, як польскія, так і замежныя. Лозунг канцэрта ў гэтым годзе быў «Пачуй нас!». Звязана гэта было зноў з выбрамі ў Беларусі і хваляй рэпрэсій, што пракацілася пасля іх.

У 2011 годзе канцэрты ў межах акцыі «Салідарныя з Беларуссю» адбыліся першы раз таксама па-за межамі Польшчы. 26 красавіка ў Вільні ў Доме нацыянальных меншасцей арганізавалі святочную імпрэзу ў гонар 93-й гадавіны аб’яўлення незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Падчас мерапрыемства былі прачытаны некалькі рэфератаў на гістарычную тэматыку, а таксама выступілі барды з Вісагінаса. Арганізатарамі было Таварыства Беларускай Культуры ў Вільні пры падтрымцы Ініцыятывы Вольная Беларусь. Каардынатарам быў Уладзіслаў Гурыновіч.

Канцэрты праходзілі і ў наступныя гады. А у 2014-м на фоне вайны ва Украіне дадалася яшчэ тэма салідарнасці з Украінай. «Польша, Украіна і Беларусь, калі мы будзем разам, ніякі Пуцін, ніякія зялёныя чалавечкі нас не перамогуць, — сказаў тады Анджэй Пачобут са сцэны. — Толькі свабода гарантуе чалавеку шчасце!».

22 лістапада 2017 года ў Варшаве прайшоў дзясяты па ліку фэст «Салідарныя з Беларуссю». На сцэне клуба «Stodoła», самай папулярнай канцэртнай пляцоўцы польскай сталіцы.

«У гэтым годзе мы вырашылі адысці ад папярэдніх фарматаў, не прывязваць падзеі да нейкіх дат альбо здарэнняў. Стаць больш кампактнымі і цікавымі для шырэйшай аўдыторыі. Мы хочам, каб “Салідарнасць з Беларуссю” ў першую чаргу прымала постаць зацікаўленасці беларускай музыкай, літаратурай, фільмамі, ініцыятывамі пазаўрадавых арганізацый і актыўных людзей. Каб канцэрт не быў дадаткам да таго, што можна ўбачыць па тэлевізары, альбо прачытаць у газетах. Цяперашні канцэрт у некаторым сэнсе альтэрнатыва да яго папярэдніх частак, эксперымент, і нам самім цікава, як яго прыме публіка. Мы хочам змяняцца, спрабаваць новае і паказваць новае», – распавёў тады для belsat.eu арганізатар Яўген Ціхановіч.

26 верасня 2020 года на Нацыянальным Стадыёне ў Варшаве (Stadion Narodowy, Warszawa) — самай маштабнай пляцоўцы ў краіне — адбыўся чарговы канцэрт у падтрымку беларускай дэмакратычнай супольнасці «Салідарныя з Беларуссю» ("Solidarni z Białorusią"). На сцэну выйшлі NIZKIZ, Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, «Петля Пристрастия», а таксама польскія зоркі.