Шымон Перэс такі наведаў Мінск
Не асабіста, але выставай дакументаў, фатаграфій і артэфактаў, прадстаўленых у экспазіцыі “Пад знакам Меноры. З гісторыі яўрэйства на Беларусі”, што адчынілася ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі 9 жніўня.
Зала выставы“Пад знакам Меноры. З гісторыі яўрэйства на Беларусі”. Фота Аляксея Хадыкі
Яе адкрыццё — своеасаблівы адказ на закіды, зробленыя беларускай прэсай у бок 90-гадовага прэзідэнта Ізраіля, які напрыканцы ліпеня наведаў Латвію і Літву, але абмінуў сваю гістарычную радзіму — Беларусь. Амбасадару Ізраіля ў той самы дзень давялося ў інтэрв’ю радыё “Свабода” нават тлумачыцца, што падобныя афіцыйныя візіты адбываюцца не так часта, як хацелася, і, магчыма, Шымон Перэс наведае Беларусь у наступным годзе.
Яўрэі з Беларусі сапраўды пакінулі значны след як у палітычнай гісторыі Ізраіля, так і ў сусветнай культуры — апошніх нават цяжка злічыць, варта прыгадаць толькі мастакоў Марка Шагала, Хаіма Суціна, заснавальніка літаратуры на ідыш Мендэле Мойхер-Сфорыма ці сына выхадцаў з Гомеля актора Кірка Дугласа. Сярод прадстаўнікоў палітычнага бамонду — Хаім Вейцман з Моталя (навуковец-хімік і першы прэзідэнт адноўленай яўрэйскай дзяржавы), Іцхак Шамір з Ружанаў (экс-прэм’ер Ізраіля), Менахем Бегін з Берасця (таксама экс-прэм’ер і Нобелеўскі лаўрэат) і, нарэшце, памянёны дзейсны прэзідэнт Шыман Перэс з Вішнева на Валожыншчыне.
Арганізатары выставы засяродзіліся на дзьвух персанажах з пералічаных знакамітасцяў — Менахеме Бегіне, чыё стагодде з дня нараджэння прыпадае на 16 жніўня, і Шымоне Перэсе, які адзначыў 90-гадовы юбілей 2 жніўня. Фотаздымкі з ізраільскіх калекцый прадстаўляюць гістарычныя моманты іх біяграфій — крокі палітычнай кар’еры (Перэс з Давыдам Бен-Гурыёнам, заснавальнікам Ізраіля, які спрыяў узлёту Перэса), імгненні атрымання абодвума Нобелеўскіх прэмій міру (у 1978 і 1994 гадах адпаведна). Летапіс сям’і Перскіх-Перэсаў дапоўнены фотакарткамі з Вішнеўскага перыяду — да эміграцыі на Блізкі Усход у 1934 годзе.
Фатаграфіі талмудыстаў
Другая частка выставы прадстаўлена матэрыяламі са збораў самога Нацыянальнага гістарычнага музея і Музея гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі. Тут цэлы страчаны гістарычны свет беларускага яўрэйства — фота рамеснікаў (кавалёў, купцоў, шаўцоў), талмудыстаў і навучэнцаў іешыў, дакументы, здымкі сінагог (у Віцебску, Наваградку, Магілёве), малюнкі храмавых будынкаў знакамітых мастакоў — Міхаіла Філіповіча (у тым ліку мінскія сінагогі) і Якава Кругера, этнаграфічныя замалёўкі Менделя Горшмана. У экспазіцыю ўключаны дзясяткі літургічных рэчаў на чале з шыкоўным скруткам торы пачатку ХІХ стагоддзя і адпаведнымі прыстасаваннямі для яе захавання і чытання. Невялікая зала, дзе месціцца выстава, ператвараецца ў каштоўную скарбонку напаўзабытай і такой багатай гісторыі Беларусі.
Застаецца заўважыць, што выстава створана пры падтрымцы амбасады Ізраіля ў Беларусі.
Тора з навершшам (тасам), рыманімам і ядам (указкай)
Даведка:
Менахем Вульфавіч Бегін (16 жніўня1913, Брэст — 9 сакавіка1992, Тэль-Авіў) — палітычны дзеяч Ізраіля, сёмы прэм'ер-міністр Ізраіля з чэрвеня 1977 па 1983, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру (1978, разам з Анварам Садатам). У 1940-х гадах кіраўнік тэрарыстычнай арганізацыі Іргун.
Шымон Перэс (нарадзіўся 2 жніўня1923, Вішнева, цяпер Валожынскі раён Беларусі) — ізраільскі палітычны дзеяч, прэзідэнт Ізраіля (з 13.6.2007). Актыўна ўдзельнічае ў палітычным жыцці Ізраіля болей за 50 гадоў. Займаў пасаду прэм'ер-міністра Ізраіля, шэраг іншых важных пасад. Нобелеўская прэмія міру (1994, разам з Іцхакам Рабінам і Ясірам Арафатам)
Фота аўтара