Спадарыня Эка

Чым заслужылі вечнасць Хацук Курага ды Семіон Хмарны? Чым увайшлі ў гісторыю Беларусі Якім Прытыка, Ян Зайчык ці Яўфімія Вербічанка? Ды нічым. Але кожная з асобаў, якая тоіцца за гэтымі імёнамі, магла б стаць ключавой фігурай новага нацыянальнага міфу — зусім як нічым не прыкметны Баўдаліна, загалоўны герой знакамітага раману Умберта Эка, стаў непасрэдным удзельнікам эпахальных падзей сярэднявечча.



fa2431bf9d65058fe34e9713e32d60e6.JPG

Чым заслужылі вечнасць Хацук Курага ды Семіон Хмарны? Чым увайшлі ў гісторыю Беларусі Якім Прытыка, Ян Зайчык ці Яўфімія Вербічанка? Ды нічым. Але кожная з асобаў, якая тоіцца за гэтымі імёнамі, магла б стаць ключавой фігурай новага нацыянальнага міфу — зусім як нічым не прыкметны Баўдаліна, загалоўны герой знакамітага раману Умберта Эка, стаў непасрэдным удзельнікам эпахальных падзей сярэднявечча. 5 красавіка ў кнігарні галерэі «Ў» пры неверагодным поспеху прайшла прэзентацыя кнігі «…І цуды, і страхі», у якую ўвайшлі гістарычныя эсэ-рэканструкцыі Вольгі Бабковай, супрацоўніцы Нацыянальнага гістарычнага архіву, пясняркі Дамінітры і Херубіна.

(На здымку: Пад час прэзентацыі: Вольга Бабкова, Уладзімір Арлоў, Уладзімір Дзянісаў)


Вечарына, якая сімвалічна прыпала на другі дзень Вялікадня, мела ў сабе неверагодную канцэнтрацыю святочнага настрою. Найперш таму, што для многіх прысутных падзея была больш чым чаканай. Сваю першую кнігу гістарычнай эсэістыкі Бабкова, аўтарка, якая даўно прыглянулася чытачу па публікацыях у «Нашай ніве», збірала і складала больш за 15 гадоў. Уладзімір Арлоў, вядоўца прэзентацыі, зазначыў, што кніг у такім жанры ў нас не паўставала даўно, і назваў «…І цуды, і страхі» «сапраўднай падзеяй у нашай гістарычнай эсэістыцы». Бо зазвычай героямі гістарыяграфіі робяцца дзяржаўныя мужы ці харобрыя воіны.
Героі Вользінай кнігі, «калі і мелі славу, то сумнеўную». Інфармацыю пра побыт людзей ХVІ–ХVІІ стагоддзя пра грошы і кошты, пра дарогі і корчмы, пра імёны людзей і назвы іх дамоў, фальваркаў ды маёнткаў, пра стасункі паміж мужам і жонкай, пра формы іх зваротаў адно да аднаго, пра менскіх аптэкараў, залатароў, купцоў і суддзяў, рамеснікаў-габрэяў і шляхцюкоў-татараў — аўтарка здабывала з судовых актаў таго часу: апісанняў забойстваў ды рабункаў, ліхвярскіх распісак ды рэестраў маёмасці, дзелавога ліставання ды тэстаментаў.
Па сваіх эмоцыях вечарына крыху нагадвала сустрэчу выпускнікоў гістфаку — нават спявачка Кася Камоцкая згадала, што была гадаванкай менавіта гэтага факультэта. Безліч цёплых словаў аўтарка пачула менавіта ад сваіх супрацоўнікаў па Нацархіве Беларусі. Загадчык НА РБ Уладзімір Дзянісаў, цярэбячы ў руках «шляхаводнік па Менску той эпохі» хваліў за абраны ракурс кнігі, якая атрымалася: «Гэта кніга вартая яшчэ і таму, што мы бачым чалавека». Разам з тым, зазначыў начальнік Вольгі, у ненавуковай, здавалася б, па форме эсэістычнай плыні знайшлося месца гістарычным адкрыццям. Так, аўтарка вызначыла, калі менавіта ў родным горадзе збудавалі «ку оздобе мяста» першую мураваную ратушу — 1600 год. Але, пагадзіліся выступоўцы, «Вольга перадусім — паэт»: кнігі не адбылося б, калі б не тое далікатнае стаўленне да матэрыялу, якое ўласціва аўтарцы. З урыўкавых звестак, якія даюць нам гістарычныя дакументы, пісьменніца склала густоўную, чароўную мазаіку, якая дае ўяўленне пра мінуўшчыну Мінска з амаль фатаграфічнай дакладнасцю.
Падчас чытання складаецца ўражанне: цябе адкідвае на тры-чатыры стагоддзі назад і акунае ў вір жыцця «залатога веку» Вялікага княства. Эфект, добра вядомы аматарам гістарычных прыгодніцкіх раманаў Умберта Эка, бацькі постмадэрнізму. З той толькі розніцай, што Бабкова балансуе на мяжы — яна не робіць кроку ў мастацкую літаратуру, не дазваляе сабе залішніх інтэрпрэтацый. І таму яе кніга, па добрай традыцыі беларускай гістарычнай прозы, уражвае ўтрая мацней: усё ў ёй — чысцюткая праўда.
«У мяне ёсць звычка запісваць старыя і вабныя словы пісьменнікаў, якіх я вельмі люблю, — прызналася Вольга. — Назва кнігі паўстала менавіта такім чынам. Гэта цытата вырваная з кнігі Яна Баршчэўскага. Прачытаўшы, я зразумела: «і цуды, і страхі», — гэта ж пра мяне!» «Нельга пазбаўляць гісторыю той долі захапляльнасці, якая ў ёй прысутная», — цытуе яна гісторыка Марка Блока, і дадае: «Працуючы ў архіве, ты разумееш: ты не на пустым месцы. Гэта дазваляе не пачувацца самотным. У мяне за плячыма стаяць людзі. І я, жывучы, разумею, што таксама буду стаяць за чыімісьці плячыма — проста фактам таго што я існавала, была». Вольга апавяла пра любімых герояў уласнай кнігі. Гісторыя адной з гераінь — а менавіта, князёўны Зафеі Алелькі (Соф’і Слуцкай), мошчы якой захоўваюцца ў праваслаўным кафедральным Святадухавым саборы, уразіць чытача яшчэ адным Вользіным адкрыццём — можна сказаць, палітычным. У 1600 годзе Зафея катэгарычна адмовілася ад шлюбу з князем Янушам Радзівілам, пра што напісала тлумачальны ліст. Праблема была не толькі ў тым, што Януш даводзіўся ёй крэўным сваяком, але і ў тым, што ён належаў да іншага абраду, чым яна (а Зафея ад нараджэння была… каталічкай). Феміністычнага адкрыцця, праўда, не адбылося. Праз паўгады дзяўчыну змусілі да шлюбу.
Паколькі першая кніга ўжо была ў Вольгі ў руках, Уладзімір Арлоў зрабіў аўтарцы раскошны падарунак: напісаную ўласнаручна рэкамендацыю ў Саюз пісьменнікаў. Праўда, як сапраўдны джэнтльмен, прадставіў Вользе права выбару — у які з наяўных у Беларусі пісьменніцкіх саюзаў уступаць, пакінуўшы пропуск у адпаведнай графе. І тут самы час выкрыць яшчэ адно адкрыццё Вольгі, гэтым разам паэтычнае. Напрыканцы судовага акту Слонімскага земскага суда яна адшукала вершаваныя радкі, якія пакінуў там пісар Іван Суета — ці то ад нуды падчас паседжання, ці то з хуліганства і «з разліку на невядомага чытача ў невядомай будучыні»:
Цнотливый чоловек каждый
стреже сумненья своего завждый.
Бо цнота каждого цнотлового
быва завышона над злото,
а нецнота быва подептана из славов его в блото.

                (1591 г.)
У кнізе «…І цуды, і страхі» гэты верш завяршае тэматычны раздзел «Дабрадзействы». Бо чым, як не цнотай і дабрадзействам, ёсць сапраўдная літаратура?