Што перашкаджае аднаўленню сінагогі ў Слоніме?

Слонімская харальныя сінагога, якую амаль год таму набыла на аўкцыёне мінская пісьменніца Ілона Караваева (у літаратурных колах вядомая пад псеўданімам Іаанна Рыўз), пакуль так і застаецца ў аварыйным стане. «Народная Воля» пацікавілася ва ўласніцы, як прасоўваюцца справы з аднаўленнем будынка адной са старэйшых сінагог Беларусі.

karnevch_sinagoga_ilona_karavaeva.jpg

Даніна памяці

Будынак слонімскай харальнай сінагогі 1642 года пабудовы прадалі на аўкцыёне з чацвёртага разу прыкладна за 11 тысяч долараў па курсе снежня 2020 года. Цана ніжэйшая, чым за кватэру ў сучасным Слоніме.

Паводле ўмоў аўкцыёну, пакупнік павінен распрацаваць праектную дакументацыю на правядзенне рэканструкцыі аб’екта на працягу двух гадоў, а ўвесці яго ў эксплуатацыю — не пазней як праз пяць гадоў.

Будынак былой сінагогі Ілона Караваева ўбачыла на паштоўцы. А набыць яго вырашыла, каб аддаць даніну памяці сваёй сям’і. Мама мінскай пісьменніцы пасля вайны жыла з бацькамі ў Слоніме, тут пайшла ў школу, тут нарадзілася яе малодшая сястра. Спадарыня Ілона вырашыла захаваць будынак, вярнуць яго да жыцця, каб новыя пакаленні не забыліся пра гісторыю горада і тых людзей, якія жылі ў ім. Дзеля гэтага прадала кватэру. Хаця, як прызнаецца сама, выдатна разумела, што аднаўленне помніка архітэктуры можа каштаваць мільёны долараў. Але ў яе былі свае разлікі… 

Пачатак ёсць…

Спадарыня Ілона распавядае, што пасля набыцця будынка сінагогі ёй даводзіцца працаваць падчас па 12 гадзін у суткі.

Найперш яна стала наладжваць кантакты з усімі, хто зацікаўлены ў адраджэнні помніка архітэктуры. Быў зарэгістраваны фонд «Ратуючы спадчыну», дзе пачалі акумулявацца сродкі на рэстаўрацыю сінагогі, створаны сайт, на якім распавядаецца пра гісторыю і планы аднаўлення будынка, разгорнута культурніцкая дзейнасць, звязаная непасрэдна з праектам. Караваева напісала некалькі заявак на гранты ў розныя сусветныя фонды, якія зацікаўлены ў аднаўленні яўрэйскай спадчыны.

Работа па распрацоўцы праектнай дакументацыі вядзецца, праўда, за гэты час усплыло шмат нюансаў. Будынак сінагогі знаходзіцца ў аварыйным стане, і, паводле ўмоў правядзення аўкцыёнаў, яго нельга было прадаваць. Але ў дакументацыі, прадстаўленай уласнікам, гэты момант наогул не быў адзначаны.

Пакуль не зусім зразумела, як праводзіць саму рэканструкцыю. Адна сцяна будынка мяжуе з гарадскім рынкам, з другога боку — стаянка для машын. Паўстае пытанне: як узвесці рыштаванні для правядзення будаўнічых работ? Як тэхніцы праехаць на тэрыторыю сінагогі праз гандлёвыя рады рынку? Пытанні важныя, можна сказаць, першачарговыя, але адказаў на іх пакуль няма.

Летась вялася размова пра рэстаўрацыю старой часткі Слоніма, дзе знаходзіцца і сінагога, паводле новага Генеральнага плана горада. Але сёлета мясцовыя ўлады вымушаны ад гэтага адмовіцца: няма сродкаў. 

…але няма падтрымкі

Ёсць і больш вострыя праблемы, якія зараз стаяць перад Караваевай. Толькі на распрацоўку праектнай дакументацыі неабходна каля 100 тысяч долараў. Прычым праект дзейсны толькі два гады: калі за гэты час будаўнічыя работы не будуць распачаты, давядзецца заказваць новы. Паводле прыкладных падлікаў адмыслоўцаў, сама рэстаўрацыя можа абысціся ў некалькі мільёнаў долараў, якіх у Караваевай, канечне, няма. Умовы, варта заўважыць, якія пад сілу выканаць хіба што арабскім шэйхам.

— Маё жаданне ўратаваць помнік архітэктуры нават пасля адкрыцця ўсіх гэтых акалічнасцяў нікуды не падзелася, — кажа спадарыня Ілона. — Але такія ініцыятывы павінны падтрымлівацца грамадствам, дзяржавай, сусветнымі арганізацыямі, якія зацікаўлены ў гэтым. Я ж хачу аднавіць помнік гісторыі і архітэктуры не для сябе, а для чалавецтва.

Менавіта дзеля гэтага яна адкрыла фонд, каб прыцягнуць інвестараў, напісала заяўкі на гранты, сустракаецца з адмыслоўцамі, якія маюць неабходную кваліфікацыю.

Самы вялікі спадзеў быў на дапамогу фондаў, што займаюцца аднаўленнем помнікаў яўрэйскай культуры па ўсім свеце. Але пасля палітычных падзей, якія адбыліся ў Беларусі летась, і з увядзеннем санкцый ніводзін з іх не адказаў на заяўкі на гранты. Маўчаць і беларускія яўрэйскія арганізацыі. А ў самім Слоніме нават няма яўрэйскай абшчыны.

Караваева лічыць, што ў будынку трэба зрабіць музей і культурны цэнтр. Дарэчы, на сайце фонду «Ратуючы спадчыну» сабрана шмат матэрыялаў, звязаных з гісторыяй яўрэяў на Слонімшчыне.

Цікава, што на адной вуліцы ў Слоніме месцяцца сінагога, праваслаўная царква і каталіцкі касцёл. Царква і касцёл дзейнічаюць, сюды прыходзяць вернікі і проста цікаўныя людзі. Ілона Караваева вельмі хоча, каб некалі свае дзверы для людзей адчыніла і сінагога. Так было ў ХVII стагоддзі, то няўжо немагчыма да гэтага вярнуцца ў ХХІ?

Слонімская сінагога дзейнічала да 1940 года. Пасля вайны ў ёй месціліся склады і гандлёвыя памяшканні. Але ўнутры дагэтуль захавалася біма (узвышэнне, з якога чыталі скруткі Торы), а каля сцяны, што глядзіць у бок Ізраіля, — арон а-кодэш (адмысловае месца, дзе захоўвалася Тора).

Спадарыня Ілона прызнаецца, што сама пакуль не ўяўляе, як далей будуць разгортвацца падзеі. Але не перастае працаваць.

www.nv-online.info