ТБМ дапамагае збіраць узоры почыркаў беларусаў

Таварыства беларускай мовы дапамагае прадстаўніку францускай навукова-вытворчай кампаніі Vision Objects SA Ліліяну Савану збіраць узоры почыркаў жыхароў Беларусі.



sav_n_tbm_1.jpg

ТБМ збірае ўзоры почырку. Фота Марата Гаравога

На працягу 11 чэрвеня ў сталічную сядзібу ТБМ прыходзілі актывісты грамадскага аб’яднання розных узростаў і лічбавай асадкай з убудаванай відэакамерай вытворчасці шведскай кампаніі Anoto Group AB запаўнялі па-беларуску адмысловыя індывідуальныя анкеты з літарамі, лічбамі, знакамі, словамі і сказамі.  Пры гэтым відэакамера фіксуе ў сваёй памяці ўсе рухі рукі дзеля далейшай апрацоўкі сабраных узораў почыркаў і іх распазнанавання французскімі спецыялістамі.

 

Гэты адукацыйны праект, запачаткаваны нямецкім навукоўцам Штэфанам Кнэрам у 1998 годзе, накіраваны на інтэграцыю розных моваў свету, у тым ліку і беларускай, у праграмы для мабільных электронных прыладаў, якія распазнаюць почырк. Такія праграмы дазваляюць эканоміць час: не набіраць на клявіятуры тэксты, а пісаць іх адмысловай асадкай ці нават пальцам на экране мабільнай прылады — планшэта, смартфона, навігатара. Пры гэтым напісанае аўтаматычна трансфармуецца ў стандартны электронны тэкст, які ў далейшым можна раздрукаваць і памножыць. Такі падыход падобны да праграмы распазнавання голасу, толькі замест яго выкарыстоўваецца почырк чалавека.
 

Як адзначыў Ліліян Саван, спецыялісты кампаніі працуюць з носьбітамі розных моваў свету і іх дыялектаў, каб інтэграваць іх у праграмы для мабільных прыладаў. Зараз Саван кіруе праектам, які займаецца рэдкімі мовамі, у тым ліку беларускай, армянскай, грузінскай і мангольскай. «Я ведаю, што ў Беларусі ў мабільных прыладах выкарыстоўваюцца руская і англійская мовы. Верагодней усяго гэта адбываецца таму, што беларуская мова проста не інтэгравана ў праграмы для мабільных прыладаў», — сказаў французскі спецыяліст.
 

Ён плануе за тры дні сабраць не менш за 200 запоўненых анкет, каб мець дастковую колькасць узораў почыркаў беларусаў дзеля далейшай інтэграцыі беларускай мовы ў праграмы для распазнавання почырку.

 

Акрамя таго, кампанія Vision Objects працуе над распазнаваннем аб’ектаў.  

 

На думку старшыні ТБМ Алега Трусава, праца французскіх спецыялістаў дазволіць захаваць ў электронным выглядзе і перадаць нашчадкам узоры рукапіснага пісьма, што вельмі важна, бо «і мовы знікаюць, і людзі цяпер усё менш ад рукі пішуць, усё больш на кампутары».
 

А намесніца старшыні ТБМ Алена Анісім лічыць, што дзяукуючы французскаму праекту беларуская мова будзе не толькі знаходзіцца ў базе дадзеных еўрапейскіх моваў, але і знойдзе выкарыстанне ў сучасных лічбавых тэхналогіях.